Вы тут

Матуліны занатоўкі. БЫЦЬ ПРЫКЛАДАМ ДЛЯ МАКВІНА


Ну вось, з'ездзілі з Антонам у госці да дзядулі... Цяпер маё малое бегае навокал з уяўнай зброяй, са складаным выразам на твары страляе ў мяне і раз-пораз зазначае: «Усё, ты забітая!». Я спрабую не звяртаць на гэта ўвагі, мыю посуд і зрэдчас заўважаю, што гуляць у такія гульні мне не цікава. Варта было ўсяго на нейкіх паўгадзіны пакінуць Антошку на дзеда — і вось ужо мой сын пашырыў свой лексікон выразамі кіношных галаварэзаў. Ды й відавочна не толькі выразамі...

Маквин

Вярнуўшыся з крамы, я заспела абодвух за праглядам крывавай галівудскай лухты з пажарамі і стралянінай, пра існаванне якой маё дзіця дагэтуль не здагадвалася. «Ён настояў, каб глядзець менавіта гэта», —  апраўдваўся мой бацька пазней, пасля таго, як Антон гадзін да дзвюх ночы ваяўніча лямантаваў, нізавошта не згаджаючыся спаць. Усё так, паміж бацькамі і дзядамі —  вялікая розніца. Што і калі глядзець, у нашым з братам дзяцінстве вырашалася зусім не намі. У такім узросце мы, здаецца, нават не ведалі, што такое тэлевізар. Але ўнукі могуць рабіць з нашым калісьці вельмі строгім бацькам усё, што пажадаюць... «Татачка, — адказала я на гэта, — яму два гады, табе — шэсцьдзесят два. Ты забыўся, хто мусіць быць галоўным?»

Часам я магу так і сказаць свайму сыну: «Галоўная тут я, значыць, будзе так». І ён ніколі не пярэчыць. Магчыма, таму, што такое бывае ў нас вельмі рэдка. Але звычайна майму паслухмянаму Антону не трэба ніякіх аўтарытарных загадаў.

Назіраючы не толькі за ўласным сынам, я не раз пераконвалася, што паслухмянасць маленькіх дзяцей у значнай ступені залежыць ад вынаходлівасці іх бацькоў. І практычна ў любой сітуацыі можна абысціся без слёз і пратэстаў. Нават калі неабходна завітаць да дзіцячага стаматолага.

Так званы ранні карыес, на жаль, нас не абмінуў. Перыядычна Антону неабходна наведваць кабінет з наборам прылад, адзін выгляд якіх прымусіць напружыцца любога. Да першага візіту туды я ніяк не падрыхтавалася, у выніку маё малое раўло, як ніколі ў жыцці... «Каб наступным разам ніякіх слёз мне тут не было! — сурова папярэдзіла стаматолаг і прапанавала: — Паабяцайце, што пазбавіце яго цацак, калі ён

будзе сябе так паводзіць. Ці яшчэ там чым-небудзь прыстрашце»... Да гэтай цёткі мы больш ніколі не хадзілі.

Наступным разам Антошка завітаў да стаматолага з цэлым аўтапаркам. Напярэдадні ў яго ўлюбёнай машынкі Маквіна «разбалеліся зубы», і сын з задавальненнем згадзіўся пайсці да ўрача, каб прадэманстраваць свайму «чэмпіёну», што лячыць зубы зусім не страшна. Ну і для маральнай падтрымкі прыхапіў яшчэ колькі машынак... На гэты раз нам пашанцавала — стаматолаг трапілася з пачуццём гумару і выдатна падтрымала гульню. У прысутнасці Маквіна Антон не пікнуў! Пазней, калі сын падрос і даведаўся, хто такія мікробы (не без дапамогі дзіцячага мікраскопа), я распавяла яму, як тыя мікробы, прывабленыя пахам цукерак, уначы «заязджаюць» у рот на маленькіх экскаватарах і рыюць норкі, каб там навечна пасяліцца. Але ў доктара ёсць чароўныя цаглінкі, якія хутка адрамантуюць пашкоджаныя зубы. Прычым доктар — ён не проста доктар, а па сумяшчальніцтве — капітан касмічнага карабля (стаматалагічнага фатэля), і падняцца туды дазваляе толькі мужным хлопчыкам... Калі камусьці ўсё гэта здаецца глупствам, мяркую, яму не пашчасціла даведацца, што выхаванне маленькіх дзяцей зусім не патрабуе алімпійскіх нерваў. А ў нас заадно і праблема «лішніх» цукерак вырашылася.

Бывае, што мне трэба пайсці туды, куды сыну ісці нецікава. Ці надвор'е такое, што зноў жа нецікава (але я першая пачну вар'яцець, праседзеўшы дома цэлы дзень). Тады мы ідзём, напрыклад, «шукаць скарб», дзеля чаго ў мяне назапашана процьма цікавай драбязы, якую лёгка можна схаваць дзе заўгодна. Альбо выпраўляемся «ажыўляць» дрэвы і лавы вочкамі, выразанымі з каляровай паперы (выдатна лепяцца, куды трэба, «некандыцыйным» пластылінам). Ці проста бяжым

па стрэлках без дакладнай мэты, бо гэта весела (стрэлкі малюе крэйдай той, хто бегае хутчэй)... У патрэбны ж мне момант я лёгка магу спыніць нават такую гульню, дзеля якой Антон гатовы прымусіць чакаць увесь свет. На такі выпадак у маім тэлефоне пачынаюць квакаць жабкі, спрачацца з якімі сыну нават не прыходзіць у галаву, бо гэты прыём я выкарыстоўваю ледзь ці не з першага Антонавага дня нараджэння. Альбо проста кажу: «Я дазваляю зрабіць табе гэта яшчэ тры разы, потым мы ідзём дадому». Галоўнае — не паддавацца на ўгаворы накшталт «яшчэ разок». Тры — і кропка. Антошка, напрыклад, такім чынам навучыўся лічыць да трох не аўтаматычна, а цалкам усведамляючы, што да чаго.

Дарэчы, я зусім не лічу тэлевізар «сусветным злом», як некаторыя прасунутыя бацькі, якія да пэўнага ўзросту забараняюць сваі м нашчадкам набліжацца да яго. Наадварот, якраз з дапамогай тэлевізара мне ўдалося без непатрэбных ахвяр растлумачыць сыну некаторыя важныя паняцці. Напрыклад, слова «небяспечна» ён пачуў ад мяне ўпершыню, калі мы разам глядзелі мульцік пра Чабурашку (калі дакладна — падчас «візіту» Гены ў трансфарматарную будку). Уменню чакаць Антошка вучыўся разам з ваўком з беларусьфільмаўскага «Лёгкага хлеба»... Пазней я набыла гэтыя і іншыя мультфільмы ў запісе, так бы мовіць, для «замацавання пройдзенага». І хоць сын ужо шмат што разумее, дагэтуль большасць мультфільмаў мы па-ранейшаму глядзім разам.

Натуральна, часам Антон таксама ўмее ўчыніць такі лямант, што святым моташна. Рознае бывае... Але ў выбуху эмоцый варта не забыцца на адно простае правіла: чым гучней дзіця плача, тым мацней яно мае патрэбу ў бацькоўскай падтрымцы. Не зважаючы на ўласнае раздражненне, схапіце яго, такога невыноснага, на рукі і скажыце, як моцна вы яго любіце. І здарыцца цуд...

Марына БЕРАЗЕНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.