Вы тут

Новы год не "па-нашаму"


Напярэдадні Каляд і Новага года цікава даведацца, як святкуюць іх у іншых краінах. У Італіі пазбаўляюцца ад старых рэчаў, у некаторых правінцыях Іспаніі — ладзяць фіктыўныя вяселлі (такі шлюб цягнецца на працягу калядных свят, а потым «муж» і «жонка» могуць разысціся), а ў спякотнай Бірме, дзе Новы год святкуецца 1 красавіка, на працягу тыдня людзі паліваюць адзін аднаго вадой — якраз на гэты час прыходзіцца фестываль вады...

У Азербайджане гатуюць долму

—  Новы год ёсць у кожнай кра і не, гэта свята для ўсіх, — упэўнены пасол Азербайджана ў Беларусі, спадар Ісфандзіяр Бахціяр аглы ВАГАБЗАДЭ. — У нашай краіне на 31 снежня прыходзіцца Дзень салідарнасці ўсіх азербайджанцаў свету. Справа ў тым, што ў нас жыве шмат прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў — лезгіны, рускія, туркі, яўрэі, беларусы...

Азербайджан (большасць насельніцтва — мусульмане) знаходзіўся ў складзе Савецкага Саюза, і гэта прывяло да таго, што ў нас адзначаецца Новы год яшчэ і 14 студзеня — так званы стары Новы год. Як бачыце, традыцыі змешваюцца. На Новы год у нас гатуюць долму — нацыянальную азербайджанскую страву (гэта лісты вінаграду, у якія закручваецца начынка з бараніны), а таксама плоў, шашлыкі на мангале...

У той жа час мусульманскі Новы год — Наўруз — адзначаецца ў сакавіку, і яго ў Азербайджане святкуюць не толькі мусульмане, але і прадстаўнікі іншых рэлігій, у тым ліку і праваслаўныя хрысціяне. На Наўруз у нас традыцыйна гатуюць шмат салодкіх страў — гэта шэкербура (выраб з цеста і арэхаў), якая робіцца ў форме паўмесяца, пахлава (яе прадаюць і ў Беларусі, робіцца ў форме зорачкі), шор-гагал (выпечка з начынкай з розных прыпраў).

У Беларусі на Новы год традыцыйна чакаюць маразоў, у нас клімат больш мяккі. Калі ў Баку тэмпература апускаецца да мінус

4-  6 градусаў, то гэта ўспрымаецца прыкладна так, як мінус 20-25 градусаў у Мінску: для нашай зімы не характэрныя моцныя маразы.

—  А вы верыце ў навагодні цуд?

—   Натуральна! Кожны год мы чакаем нейкіх добрых змен, дзіўных падзей, а цуд — само жыццё, тое, што з намі адбываецца кожны дзень, бо ўсяго гэтага магло б і не быць.

— А як вы будзеце святкаваць гэты Новы год?

—  Будзем сустракаць Новы год з жонкай удваіх, мы ўжо паставілі дома ёлачку. Нашы дзеці — дарослыя, і сын, і дачка ўжо працуюць. Дарэчы, я часта сустракаў Новы год за мяжой: і ў Іране, і ў Афганістане, і ў Турцыі, і ў Расіі, і ў Пакістане, і ў Швейцарыі, і ў Малдове... Гэта будзе ўжо трэці Новы год запар, які я сустракаю ў Беларусі.

—  Чаго вы чакаеце ад наступнага года?

— Што ў Беларусі і Азербайджане ўсё будзе добра. Мне падабаецца Беларусь — спакойная, мірная краіна.

У ЗША пакідаюць малако для Санты

—  Святочны сезон у ЗША пачынаецца ў лістападзе, — распавёў Крыстофер ПАНІКА, першы сакратар пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі. — Напрыканцы яго мы адзначаем Дзень падзякі, пасля чаго пачынаецца перадкалядная падрыхтоўка. Людзі ўпрыгожваюць дамы, купляюць падарункі, грамадскія арганізацыі і царкоўныя суполкі праводзяць калядныя кірмашы, тэлебачанне паказвае фільмы, якія склалі фонд класікі каляднага жанру.

Але, улічваючы шматэтнічнасць нашай дзяржавы, на гэты сезон прыпадаюць і іншыя святы. Так, з

25  снежня па 1 студзеня доўжыцца афраамерыканскі фестываль «Кванза», які ўзнік у 1960-я гады падчас барацьбы чарнаскурага насельніцтва за свае грамадзянскія правы. Яшчэ як правіла, у снежні, яўрэі адзначаюць Хануку — асаблівую дату станаўлення сваёй нацыі і рэлігіі.

На Куццю і непасрэдна на Раство людзі збіраюцца сем'ямі, ходзяць на набажэнствы, ладзяць святочныя абеды. У сем'ях, дзе ёсць дзеці, прынята пакідаць для Санта-Клауса талерку з печывам і кубачак малака. Пустая талерка раніцай — гэта дзіцячае захапленне, бо малышня разумее, што Санта наведаўся, і не з пустымі рукамі.

Новы год амерыканцы адзначаюць не надта шырока, хоць ёсць і шампанскае, і адлік апошніх секунд года з тэлевізійнай трансляцыяй з Таймс-сквер у Нью-Ёрку, дзе збіраюцца дзясяткі тысяч чалавек. Прынята даваць у навагоднюю ноч абяцанне зрабіць што-небудзь добрае для сябе і іншых у надыходзячым годзе — напрыклад, пачаць весці здаровы лад жыцця.

[caption id="attachment_27137" align="alignnone" width="597"]Гэта швейцарскі Санта-Клаус, якога тут называюць Silvesterchlaus». Замест звыклай чырвонай вопраткі на ім можна ўбачыць сасновыя галінкі і званочкі Гэта швейцарскі Санта-Клаус, якога тут называюць Silvesterchlaus». Замест
звыклай чырвонай вопраткі на ім можна ўбачыць сасновыя галінкі і званочкі[/caption]

Жывучы і працуючы ў Беларусі, мы стараемся выконваць усе асноўныя амерыканскія традыцыі, але святкаванне Новага года тут праходзіць з больш вялікім размахам.

Сучасная традыцыя адзначэння калядных свят у ЗША заклалася ў ХІХ стагоддзі: менавіта тады з'явілася звычка набываць падарункі для маленькіх дзяцей, якая зараз перарасла ў сезонныя «калядныя закупкі»; у той час сфарміраваўся вобраз Санта-Клауса (Дзеда Мароза на заходні манер) — вытворнага персанажа ад галандскага Сінтэра Клааса і нямецкага святога Мікалая, які прыняў аблічча ўсім зараз добра вядомага веселуна з мяшком падарункаў дзякуючы публікацыі ў адной з газет верша «У госці завітаў святы Мікалай» — разам з партрэтам, напісаным мастаком Томасам Настам. У ХІХ стагоддзі ў Злучаныя Штаты прыйшоў звычай упрыгожваць калядную ёлку, а таксама адсылаць калядныя паштоўкі.

Больш маладая традыцыя — гэта трансляцыя па тэлебачанні калядных фільмаў: «Цуд на 34-й вуліцы» (1945), «Якое цудоўнае жыццё» (1946), «Калядная гісторыя» (1983). А яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагоддзя 31 снежня ў гарадах ЗША сталі праводзіцца народныя гулянні пад назвай «Першы вечар» — як правіла, без алкагольных напояў. Ідэя «Першага вечара» ў тым, каб адзначыць наступленне Новага года святкаваннем, якое ўключае самыя розныя праявы мясцовай культуры: музыку, танцы, камедыйныя прадстаўленні і выставы.

У Паўднёвай Карэі ядуць «такут»

У Паўднёвай Карэі Новы год (Салаль) святкуюць у першы дзень першага месяца месяцовага календара. Гэта самае любімае свята карэйцаў, паведамілі «Звяздзе» супрацоўнікі Пасольства Паўднёвай Карэі ў Беларусі. Дзень перад святам і дзень пасля яго лічацца выхаднымі днямі Салаль. Традыцыйна яго адзначаюць з сям'ёй, у доме самых старэйшых прадстаўнікоў пакалення.

непанашаму2

Задоўга да гэтых дзён усе, хто жыве не разам са сваёй сям'ёй, імкнуцца набыць білеты на транспарт — разгараецца цэлая білетная «вайна». А яшчэ на Салаль на аўтамабільных дарогах узнікаюць заторы, з-за якіх шлях, што раней «забіраў» паўтары гадзіны, расцягваецца на ўсе чатыры. Таму ў гэты перыяд у Карэі працуе спецыяльнае радыё, якое перадае інфармацыю пра сітуацыю на дарогах.

Што часцей за ўсё дораць у Карэі на Новы год? Заўсёды актуальнымі застаюцца падарункавыя сертыфікаты на пакупкі ва ўнівермагах і проста грошы. Бацькам у якасці падарунка звычайна купляюць жэньшэнь, мёд, масажныя крэслы, якія вельмі любяць карэйцы, масажоры для ног... Сябрам і знаёмым — касметычныя або прадуктовыя наборы.

Падчас выхадных Салаль у кожнай сям'і праводзяць цырымонію памінання продкаў. Карэйцы вераць, што менавіта ў гэты дзень памерлыя ненадоўга вяртаюцца на зямлю і прымаюць ежу, спецыяльна для іх падрыхтаваную. Традыцыйна гатуецца каля 20 страў. Гаспадыні імкнуцца, каб яны былі асабліва смачнымі і спадабаліся продкам. Сама цырымонія памінання ўяўляе сабой паднашэнне ежы: на стол людзі ставяць святочныя стравы і таблічкі з імёнамі продкаў, а затым кланяюцца.

Пасля наступае час святочнага абеду для ўсёй сям'і. Абавязковая страва святочнага стала на Салаль —  суп з рысавых хлябцоў «такут». У Карэі з даўніх часоў лічылася, што пасля таго, як з'ясі на Салаль талерку такога супу, станеш на год старэйшым.

Яшчэ адзін рытуал карэйскага Новага года: пасля абеду малодшыя па ўзросце члены сям'і кланяюцца старэйшым родзічам. За кожны паклон малодшыя атрымліваюць навагоднія пажаданні і грошы.

Падчас святкавання Новага года ў Карэі прынята праводзіць рытуальныя гульні: карэйцы запускаюць папяровага змея «ёналігі», кідаюць драўляныя стрэлы ў збан. Акрамя таго, распаўсюджаны і картачныя гульні — напрыклад, «хватху»...

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».