Вы тут

Недавер, якi перарастае ў стратэгічнае суперніцтва


Дзіўныя рэчы адбываюцца на нашых вачах. Былыя саюзнікі часоў халоднай вайны становяцца геапалітычнымі канкурэнтамі, а ворагі  ператвараюцца ў саюзнікаў. Вялікая колькасць супярэчнасцяў паміж ЗША і ЕС, - яны праявіліся ў сувязі са шпіёнскім скандалам, які справакаваў Эдвард Сноўдэн, з-за розных пазіцый па сірыйскаму крызісу і іранскай ядзернай праграме, -  рызыкуе перарасці ў сапраўднае супрацьстаянне. Аднак усё гэта, у сваю чаргу, спрыяе збліжэнню ЗША і Расіі. Мэта - процідзеянне ўплыву ЕС. Новы  расклад фарміруе спрыяльную глебу для ўзмацнення будучага Еўразійскага саюза.

 

Зноў аб Эдвардзе Сноўдэне

Несумненна, экс-супрацоўнік Агенства нацыянальнай бяспекі ЗША Эдвард Сноўдэн увойдзе ў гісторыю праваабарончай дзейнасці, як выдатны змагар супраць спробаў дзяржаўнай машыны ЗША пасягнуць на таямніцы прыватнага жыцця сваіх грамадзян. І не толькі сваіх. Аднак значна большае значэнне дзейнасць Сноўдэна будзе мець для глабальнага геапалітычнага ландшафту.

Нечаканы скандал, звязаны з імем Эдварда Сноўдэна і зборам амерыканскімі спецслужбамі інфармацыі аб грамадзянах іншых краін (праграма PRISM), у першую чаргу, аб грамадзянах краін-членаў ЕС, істотна скарэктаваў двухбаковы парадак дня ўзаемаадносін паміж ЗША і ЕС - ад пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва і да пытанняў ваенна-тэхнічнага ўзаемадзеяння, уключаючы абмен разведвальнай інфармацыяй.

Больш за ўсё амерыканскія спецслужбы цікавіліся грамадзянамі Францыі і Германіі: штодня яны адсочвалі каля 2 млн. французскіх і 15 млн. нямецкіх званкоў. Сачылі, у тым ліку, за штаб-кватэрай Еўрапейскага Савета ў Брусэлі, дыпламатычнымі місіямі ЕС і пасольствамі шэрагу еўрапейскіх краін у ЗША. Еўрапейскім лідэрам, як напрыклад, нямецкаму канцлеру Ангеле Меркель і французскаму прэзідэнту Франсуа Аланду, не ўдалося пазбегнуць праслухоўвання асабістых тэлефонных перамоў.

Гэтыя сенсацыйныя выкрыцці Сноўдэна прывялі да недаверу паміж дзвюма традыцыйнымі еўраатлантычнымі саюзнікамі, які з кожным днём становіцца ўсё мацней і мацней, рызыкуючы перарасці ў паўнавартаснае стратэгічнае саперніцтва.

Найбольш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да ЗША ў сувязі са шпіёнскім скандалам занялі Германія, Францыя і Нідэрланды – вядучыя ў эканамічным дачыненні краіны ЕС. Канцлер Ангела Меркель ўвогуле абвінаваціла ЗША ў паводзінах у стылі “халоднай вайны”, а камісар ЕС па ўнутраных справах Сесілія Мальмстрём папярэдзіла ўлады ЗША, што Еўрасаюз можа спыніць абмен інфармацыяй паміж еўрапейскімі і амерыканскімі спецслужбамі ў сувязі з выяўленнем праслухваючых прылад у кабінетах паслоў еўрапейскіх краін. У сваім звароце да ўладаў ЗША еўракамісар падкрэсліла, што ў амерыкана-еўрапейскіх адносінах наступіў “далікатны момант”, так як ўзаемны давер і канфідэнцыяльнасць моцна падарваныя

.

На думку былога віцэ-спікера парламента Бельгіі Лода Ванооста, галоўнай мэтай праграмы PRISM з’яўляецца менавіта эканамічны шпіянаж супраць ЕС, і гэта мае самае прамое дачыненне да планаў Вашынгтона падпісаць дамову з ЕС аб Трансатлантычным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрстве. Гэта пагадненне прадугледжвае лібералізацыю сферы гандлю і інвестыцый, а таксама ліквідацыю рэгулятарных і іншых тарыфных і нетарыфных бар’ераў паміж ЗША і ЕС. Аднак паміж ЕС і ЗША ёсць вялікая колькасць супярэчнасцяў па гэтым пагадненні.

Прадстаўнік ЕС па пытаннях юстыцыі Вівіян Рэдынг ўжо заявіла, што перамовы па заключэнню дамовы аб Трансатлантычным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрстве  ў сувязі са шпіёнскім скандалам – пад пагрозай. На яе думку, “саюзнікі адзін за адным не шпіёняць”. А ЕС па ініцыятыве Францыі мае намер весці адпаведныя гандлёва-эканамічныя перамовы з ЗША паралельна з дыскусіямі аб сачэнні з боку АНБ.

Акрамя уплыву на пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння паміж ЕС і ЗША шпіёнскі скандал з удзелам Сноўдэна істотна адбіўся на сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і абмена інфармацыяй паміж разведкамі ЗША і краін ЕС. Гэта можа мець сур'езныя геапалітычныя наступствы.

 

На шляху да Еўрапейскага разведвальнага і абароннага агенцтва

Адразу ж у адказ на дзеянні АНБ ЗША з боку ЕС былі агучаныя намеры стварыць ўласнае Агенцтва па разведцы і абароне, у межах якога плануецца шырока выкарыстоўваць беспілотнікі-шпіёны, спутнікі сачэння і ваенную авіяцыю. Мяркуецца, што кіраваць такой структурай будзе вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Краіны ЕС маюць намер наладзіць сумесную распрацоўку і вытворчасць разведвальных беспілотнікаў, каб пераадолець адставанне ў гэтай сферы ад ЗША і Ізраіля, а таксама істотным чынам трансфармаваць фармат узаемадзеяння са спецслужбамі ЗША, абмежаваўшы іх магчымасць збіраць дадзеныя на тэрыторыі ЕС.

Гэтая ініцыятыва будзе мець важнае ваеннае і эканамічнае значэнне, якая прадугледжвае развіццё ўнутранага рынку тавараў абароннага прызначэння, моцную прамысловасць для іх вытворчасці і ваенныя даследчыя цэнтры. Сёння абарот у абароннай прамысловасці ЕС - 96 мільярдаў еўра, задзейнічаны каля паўтара мільёна рабочых. Таксама можа ісці гаворка і аб стварэнні ўласнай сістэмы камандавання і сувязі для абарончых мэт.

Усё гэта сведчыць аб намеры ЕС стварыць свой аналаг амерыканскага Агенцтва нацыянальнай бяспекі. Многія буйныя чыноўнікі ЕС не ўтойваюць, што разглядаюць план па ўмацаванню абароны як своеасаблівы адказ АНБ - шляхам стварэння ўласнай спецслужбы і шпіёнскай сеткі.

 

Брусельскі саміт ЕС: ад «банкаўскага саюза» да адзінай і самастойнай ваенна-абароннай палітыкі

Дарэчы, на саміце кіраўнікоў дзяржаў Еўрасаюза ў Брусэлі 19 – 20 снежня, на якім першапачаткова планавалася разгледзець, у асноўным, пытанні стварэння “банкаўскага саюза” ЕС, у выніку не абышлося без абмеркавання праблем у галіне адзнай еўрапейскай палітыкі бяспекі і абароны.

Прычынай занепакоенасці сталі, у большай ступені,  дзеянні з боку Расіі. Перш за ўсё:

- бесперапынныя і невытлумачальныя гандлёвыя войны супраць некаторых краін ЕС і яго партнёраў;

- палітыка коштавага ціску расійскага манапаліста “Газпрома” у дачыненні да краін Усходняй Еўропы;

- узмацненне і нарошчванне ваеннага патэнцыялу на заходніх расійскіх межах, у прыватнасці, размяшчэнне расійскіх наступальных ракетных аператыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр” у Калінінградскай вобласці, у зону дзеяння якіх трапляе палова Еўропы.

Вынікамі саміту, акрамя ўтварэння банкаўскага саюза ЕС, сталі намеры ЕС сфармаваць адзіны еўрапейскі рынак абароннай прадукцыі, прыняць план актывізацыі развіцця еўрапейскай абароннай прамысловасці, актыўна развіваць праграму “Horizon 2020”, якая дазваляе аператыўна збліжаць новыя навуковыя распрацоўкі ў грамадзянскай і ваеннай сферах. Таксама абмяркоўвалася кібернетычная і эканамічная бяспека краін ЕС.

І хоць прама пытанне стварэння Еўрапейскага разведвальнага і абароннага агенцтва не абмяркоўвалася, хутчэй за ўсё, яно зноў з’явіцца ў агульнаеўрапейскім парадку дня, асабліва на фоне інфармацыі аб тым, што ЗША могуць скараціць свае ваенныя выдаткі ў Еўропе на 20 адсоткаў. Але члены ЕС таксама скарачаюць фінансавы ўдзел ў Паўночнаатлантычным альянсе.

Тым часам, інтэграцыя ЕС у ваенна-прамысловай сферы працягвае ўзмацняцца. Найбуйнейшыя авіявытворцы Еўропы – Dassault Aviation (Францыя), EADS (Германія, Францыя і Іспанія), а таксама Finmeccanica (Італія), – ужо звярнуліся да ўрадаў сваіх краін з просьбай выдзеліць сродкі на вытворчасць еўрапейскага беспілотнага самалёта-шпіёна MALE. У Еўропе ўжо ёсць праект коштам 652 млн. долараў па распрацоўцы беспілотніка тыпу Euro Hawk.

У абароннай сферы Еўрасаюз прадпрымае крокі, накіраваныя на забеспячэнне ўласнай бяспекі, самастойна стварае свае ваенныя сілы, асобныя ад НАТА. Так, у ЕС  дзейнічае сістэма Pooling and Sharing (P&S – Аб'ядноўваючы і размяркоўваючы), якая прадугледжвае сумесныя закупкі ваеннай тэхнікі і ўзбраення, выкарыстанне сумеснай навукова-даследчай базы, стварэнне аб’яднаных баявых частак і злучэнняў, ралявая спецыялізацыя і размеркаванне задач паміж краінамі ЕС.

Усё гэта дэманструе той факт, што ЕС мае амбіцыі па пераўтварэнню ў самастойны ваенна-палітычны цэнтр сілы, незалежны ад свайго галоўнага еўраатлантычнага саюзніка – ЗША. Паказальна, што Вялікабрытанія, галоўны саюзнік ЗША ў ЕС, выказалася рэзка супраць планаў ЕС праводзіць незалежную абаронную і ваенную палітыку.

Тым не менш, на нашых вачах пачынае стварацца еўрапейскі ваенна-палітычны і абаронны саюз, які не супадае з межамі і які выходзіць за рамкі кампетэнцый і функцый НАТА. І мяркуючы па ўсім, у падмурку гэтага новага саюза будзе ляжаць інтэграцыя ваенна-палітычных намаганняў Францыі і Германіі, а таксама іншых дзяржаў – еўраатлантычных скептыкаў.

 

Місія Сноўдэна выканана: ЕС і ЗША ў стане халоднай вайны

Вельмі сімвалічна ў гэтым кантэксце заява Сноўдэна адразу ж пасля брусельскага саміту кіраўнікоў дзяржаў ЕС, што яго місія выканана. Ацаніўшы наступствы яго дзейнасці, якія справакавалі напружанасць паміж ЕС і ЗША, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта так.

Раней мы ўжо вылучалі гіпотэзу аб “місіі Сноўдэна”, якая складалася ў тым, каб праверыць глыбіню адносін паміж Расіяй і ЗША і нанесці ім шкоду. Аднак расійска-амерыканскія адносіны вытрымалі выпрабаванне на давер, у адрозненне ад амерыкана-еўрапейскіх. І зараз, калі ўзаемаадносіны ЕС і ЗША з кожным днём набліжаюцца, як адзначыла канцлер Ангела Меркель, да стану “халоднай вайны”, стасункі паміж Расіяй і ЗША ўсё больш набываюць стратэгічнае вымярэнне. Як мы ўжо пісалі раней, першымі сігналамі на карысць гэтага стала актыўнае амерыкана-расійскае супрацоўніцтва ў пытаннях вырашэння сірыйскага крызісу і выпрацоўцы агульных падыходаў да іранскай ядзернай праграмы.

 

Жыве саюз ЗША і Расіі!

З заклікамі ўзмацніць амерыкана-расійскае супрацоўніцтва нядаўна выступілі шэраг высокіх расійскіх і амерыканскіх палітычных фігур. Так, у салідным амерыканскім выданні Foreign Policy, прысвечаным міжнародным адносінам і глабальнай палітыцы, была апублікавана сумесны артыкул былога дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт і экс-міністра замежных спраў Расіі Ігара Іванова. У ім яны заклікалі Уладзіміра Пуціна і Барака Абаму аднавіць рэгулярныя двухбаковыя сустрэчы на вышэйшым узроўні. Аўтары артыкула таксама канстатавалі, што ўзаемадзеянне паміж ЗША і Расіяй мае вырашальнае значэнне ў для лёсу шмат якіх міжнародных праблем.

На думку аналітыкаў, гэта публікацыя, за якой, безумоўна, стаіць Крэмль і Белы дом,  сігнал, які дэманструе, што палітыка збліжэння - запатрабаваная і санкцыянаваная ўплывовымі палітычнымі сіламі як у Маскве, так і ў Вашынгтоне. Не выпадкова, што практычна па яе слядах у расійскай газеце «Известия» з'явіліся артыкулы намесніка галоўнага рэдактара выдання Барыса Мяжуева, а таксама амбасадара ЗША ў Маскве Майкла МакфалHYPERLINK "http://izvestia.ru/news/561178" а. Галоўная думка публікацый: адносіны паміж Расеяй і ЗША працягваюць развівацца ў пазітыўным ключы, нягледзячы на шэраг рознагалоссяў, якія ёсць.

Па чутках, гэтыя крокі, накіраваныя на актывізацыю расійска-амерыканскага супрацоўніцтва, таксама ініцыяваны ўплывовымі фінансавымі коламі, якія стаяць за British Petroleum і якія нядаўна ўвайшлі ў капітал «Роснефти». Балазе, артыкулы, якія заклікаюць да актыўнага збліжэння Расіі і ЗША, з'явіліся менавіта ў газеце «Известия», якая лічыцца блізкай да прэзідэнта дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Роснефти» Ігара Сечына і сілавых структур.

А зусім нядаўна ў тым жа амерыканскім выданні Foreign Policy быў апублікаваны артыкул адмірала ВМФ ЗША ў адстаўцы Джэймса Ставрідзіса. Ставрідзіс прапануе не толькі заахвочваць сустрэчы палітычнага кіраўніцтва ЗША і Расіі на вышэйшым узроўні, але і выкарыстоўваць патэнцыял няўрадавых дыпламатычных форумаў для супрацоўніцтва з Расіяй, ствараць сумесныя цэнтры па абмену інфармацыяй, ўзмацняць эканамічнае супрацоўніцтва і ажыццяўляць больш поўны абмен разведдадзенымі, у тым ліку, пад час Алімпіяды ў Сочы.

І ў гэтым кірунку работа ідзе поўным ходам. Не так даўно ў складзе расійска-амерыканскай прэзідэнцкай камісіі па развіццю супрацоўніцтва была створана двухбаковая “рабочая група па пытаннях пагроз у сферы выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і самім інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям у кантэксце міжнароднай бяспекі”. Ад ЗША групу будзе ўзначальваць спецыяльны памочнік прэзідэнта Абамы, каардынатар па кібербяспецы Майкл Дэніэл, а кіраўніком расійскай часткі прызначаны намеснік сакратара Савета Бяспекі Мікалай Клімашын.

Такім чынам, калі абмен інфармацыяй паміж ЕС і ЗША няўмольна пачаў скарачацца ў сувязі са шпіёнскім скандалам, то ў амерыкана-расійскіх адносінах пераважае тэндэнцыя, накіраваная на інтэнсіфікацыю гэтага інфармацыйнага абмену.

Больш за тое, распавядаючы пра вынікі дзейнасці прэзідэнцкай расійска-амерыканскай камісіі ў 2013 годзе, Абама заклікаў рабочыя групы камісіі паглыбіць і пашырыць супрацоўніцтва з Расіяй, каб прыбраць бар’еры для гандлю і інвестыцый, умацаваць бяспеку і дамагчыся новых поспехаў у навуцы і інавацыях. Гэта значыць, па сутнасці, заклік інтэнсіфікаваць расійска-амерыканскія адносіны па ўсіх накірунках, каб выйсці, у канчатковым выніку, на больш глыбокі ўзровень эканамічнага, інавацыйнага і ваенна-палітычнага супрацоўніцтва.

Гэты стан рэчаў фіксуе новую геапалітычную канструкцыю – саюз ЗША і Расіі, накіраваны на супрацьдзеянне ўплыву ЕС, а таксама шэрага іншых рэгіянальных дзяржаў і кааліцый. Менавіта дадзенае становішча рэчаў вызначыла вынікі вільнюскага саміту “Усходняга партнёрства” для Украіны і стварыла спрыяльныя ўмовы для далейшага ўзмацнення будучага Еўразійскага саюза.

 

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў

 

Этот материал на русском языке.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.