Усе дзеці розныя. Па знешнім выглядзе, па характары і тэмпераменце, па разумовых і фізічных здольнасцях.
Вось аб гэтым, апошнім, я і хацеў бы крыху паразважаць...
На жаль, не ўсім аднолькава дадзена ад прыроды. І калі адзін вучань лёгка можа падцягнуцца альбо выканаць пад'ём тулава менавіта столькі разоў, колькі і патрабуецца для атрымання «дзясяткі», то другі — толькі на слабую «троечку» зможа гэта зрабіць. Не таму, што лянуецца, проста фізічна не ў стане...
І ў выніку атрымлівае адпаведныя балы...
Уяўляеце, які гэта стрэс для дзіцяці, тым больш, калі па ўсіх астатніх прадметах ён круглы выдатнік. І суцяшэнні кшталту, што, маўляў, нічога страшнага, усё роўна гэтая адзнака на сярэдні бал атэстата ніяк не паўплывае, тут толькі часткова могуць дапамагчы. Ды й то не кожнаму...
Але ж як настаўнік можа паставіць такому вучню высокую адзнаку, калі існуюць нарматывы? А там усё дакладна распісана: у якім узросце і за які вынік выстаўляецца вучню той ці іншы атэстацыйны бал.
Там не ўлічана толькі тое, што ўсе дзеці розныя...
І нават тое не ўлічваецца, наколькі гэты вучань палепшыў паказчыкі свайго фізічнага стану на працягу навучальнага года. Напрыклад, адзін вучань (фізічна развіты ад прыроды) і пачаў, і скончыў навучальны год з аднымі і тымі ж вынікамі (па бегу, скачках у даўжыню, па падцягванні). Гэта значыць, за цэлы год — аніякага прагрэсу!
Але ўсё роўна атрымае «дзясятку», бо з лёгкасцю ўкладваецца ў нарматывы.
А ў другога напрыканцы навучальнага года значны прагрэс! Скокнуў у даўжыню на дзесяць сантыметраў далей, чым было ў верасні. Падцягнуўся аж на два разы больш, прабег пэўную дыстанцыю крыху хутчэй...
І якая ж узнагарода вучню за тое, што цэлы год ён паступова паляпшаў уласныя рэкорды, упарта дзеля гэтага трэніруючыся?
Ды амаль аніякай!
Замест «тройкі», магчыма, паставяць яму «чацвёрку», бо па нарматывах так выходзіць...
Наогул, а ці патрэбны адзнакі на ўроках фізкультуры? А калі патрэбны, то за што іх выстаўляць?
За вынікі? За старанне?
Дарэчы, прынцыповыя настаўнікі нават за адсутнасць у вучня спартыўнай формы на ўроках фізкультуры могуць уляпіць яму «адзінку» (на вучнёўскім жаргоне — «кол»), і аргументуюць патрэбнасць адзнак нават тым, што інакш некаторых вучняў не прымусіш спартыўную форму апранаць...
Так што адзнакі на ўроках фізкультуры, хутчэй за ўсё, патрэбны. А вось што датычыцца нарматываў...
Вядома ж, настаўніку фізкультуры патрэбны моцныя, фізічна развітыя вучні. Каб прыклад паказвалі астатнім, каб адстойвалі гонар школы на разнастайных раённых (і не толькі) спаборніцтвах. І чым больш прызавых месцаў на гэтых спаборніцтвах атрымлівае школа — тым вышэй ацэньваецца праца настаўніка фізкультуры.
І гэта цалком справядліва.
Ды і многія вядомыя спартсмены пачыналі свой шлях да алімпійскіх вяршынь менавіта са школы. З урокаў фізкультуры, са спартыўных гурткоў. І, апавядаючы журналістам аб трэнерах, першым сваім трэнерам нязменна называлі школьнага настаўніка фізкультуры. Гэта ён своечасова заўважыў перспектыўнага вучня, гэта пад яго чулым кіраўніцтвам будучы алімпійскі чэмпіён зрабіў свае самыя першыя крокі ў вялікі спорт.
Вось толькі ці будуць з такой жа цеплынёй успамінаць сваіх настаўнікаў фізкультуры будучыя дактары фізіка-матэматычных навук, будучыя вялікія музыканты і мастакі, будучыя ўрачы і педагогі? Упэўнены, што для некаторых з іх менавіта школьныя ўрокі фізкультуры застануцца адным з самых змрочных успамінаў дзяцінства.
Самыя нізкія паказчыкі (а значыць, і адзнакі) у класе, пастаянныя насмешкі і кпіны з боку аднакласнікаў і нават настаўнікаў... а тут яшчэ дома патрабуюць, каб аніводнага нізкага бала ў дзённіку! Слёзы, істэрыка, катэгарычная адмова з боку вучня наведваць ненавісныя ўрокі... і, у рэшце рэшт, бацькі ўсімі праўдамі і няпраўдамі здабываюць свайму чаду даведку аб вызваленні ад урокаў фізкультуры...
Але ж гэта не лепшы варыянт. Бо менавіта такім слабым дзецям фізкультура патрэбна нават больш, чым усім астатнім! Толькі вось патрэбна яна ім, у першую чаргу, для элементарнага аздараўлення і правільнага фізічнага развіцця, а не для дасягнення непамерна высокіх для сябе спартыўных вынікаў. Для гэтага, дарэчы, у школах гурткі і секцыі існуюць.
Праўда, у апошні час можна бачыць перамены да лепшага. З'явіліся так званыя альтэрнатыўныя нарматывы: хадзьба замест бегу, кіданне мяча замест скачкоў у даўжыню (магчыма, я штосьці блытаю, няхай прабачаць мне настаўнікі фізкультуры!).
Але ж хоць яны і альтэрнатыўныя, ды ўсё ж таксама нарматывы! Бо не проста так трэба той мячык шпульнуць, а на пэўную адлегласць. І хто далей яго закіне, таму і адзнака вышэйшая...
А яшчэ за тэарэтычныя веды на ўроках фізкультуры адзнаку атрымаць можна. І тут ужо не фізічныя дадзеныя вучню дапамагаюць, а, у першую чаргу, разумовыя. Плюс — стараннасць, уседлівасць, унутраная дысцыпліна і карысная звычка рыхтаваць дома ўсе хатнія заданні, прычым па любых прадметах...
І ўсё ж тэорыя тэорыяй, а нарматывы нарматывамі. І калі за тэорыю балы будуць высокія, а вось за выкананне нарматываў, на жаль, значна ніжэйшыя, агульная гадавая адзнака высокай, хутчэй за ўсё, не будзе.
Мне ж здаецца, што калі вучань заўсёды прыходзіць на ўрокі фізкультуры ў форме, дысцыплінавана там сябе паводзіць і старанна выконвае ўсё тое, што паказвае настаўнік — ён ужо заслугоўвае высокай адзнакі, незалежна ад таго, якія нарматыўныя вынікі паказвае.
Такое вось маё, магчыма, і «дылетанцкае» меркаванне.
Генадзь АЎЛАСЕНКА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.