Вы тут

Сонца Алеся Савіцкага


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 10.01.14 г.

_____________________________________________________________

Ёсць людзі, сустрэча з якімі заўсёды чаканая, бо хоць і ведаеш чалавека, упэўнены, што пры чарговым спатканні з ім абавязкова атрымаеш для сябе пазітыўны зарад энергіі, бо сваім апытмізмам, жыццялюбствам ён лёгка пераканае, што дабра на свеце ўсё ж болей, а “сонца адно на ўсіх”. Гэтаксама ёсць пісьменнікі, чытаючы, а то і перачытваючы творы якіх, разумееш, што нават калі і расказваецца ў ім пра штосьці драматычнае, а то і трагічнае, зноў жа нельга забываць, што “сонца адно на ўсіх” і а яно не перастане адорваць зямлю святлом і цяплом, а значыць, застаецца жыць і любіць, не забываючы пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля жыцця і шчасця іншых.

Менавіта такім чалавекам і пісьменнікам з’яўляецца Алесь Савіцкі. Алесь Ануфрыевіч Савіцкі. Колішні партызан, франтавік… Хаця чаму колішні? Партызаны, франтавікі, калі яны ваявалі па-сапраўднаму, заўсёды знаходзіліся на перадавой. Такімі і застаюцца. Іншага, як кажуць, не дадзена, бо гэта не проста паняцці, гэта штосьці большае. Што — лепш за ўсё ведаюць яны самі. Нам жа застаецца радавацца, што калі-небудзь у час размовы прыгадаюць пра гады сваёй баявой маладосці, ці напішуць пра гэта ў кнігах, ці…

У маёй асабістай бібліятэцы шмат кніг з аўтографамі пісьменнікаў, у тым ліку і знакамітых, уганараваных званнем народнага. Але гэтая, падораная Алесем Ануфрыевічам, асабліва дарагая дзякуючы такому аўтографу:

“Алесю Марціновічу

Дарагі мой дружа!

Няхай штодня сонца будзе ў тваёй душы, нават калі неба хмарна! З паклонам партызан Алесь Савіцкі. 31 студзеня 2012 г.”.

Называецца ж яна «Алесь Савіцкі: “Сонца на ўсіх адно”», а выпушчана выдавецтвам “Чатыры чвэрці”, у якім дзякуючы няўрымслівай Ліліяне Анцух з 2008 года выходзіць серыя “Асоба і час”. У кнізе гэтай нямала прыязных слоў пра Алеся Ануфрыевіча ад ягоных сяброў дый крытыкаў. З гэтых згадак паўстае прывабны партрэт найсумленнейшага чалавека і выдатнага пісьменніка, які — а гэта такое шчасце! — з’яўляецца нашым сучаснікам, хоць сёлета 8 студзеня размяняў ужо дзясяты дзясятак, а ягоная жыццёвая і творчая біяграфія вартая таго, каб скласці старонкі кнігі з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.

Нарадзіўся ў Полацку, да вайны скончыў восем класаў. У 1942 годзе ўзяўся за зброю. Калі Віцебшчыну вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пайшоў у дзеючую армію. Ваяваў у Польшчы, браў Берлін. Як многія пісьменнікі, пачынаў з паэзіі, а першае апавяданне напісаў у партызанскім атрадзе зімой сорак другога. Калі пасля дэмабілізацыі працаваў у тагачаснай полацкай абласной газеце “Бальшавіцкі шлях”, спачатку было не да мастацкай прозы, бо пастаянна нагадвала пра сябе іншая проза — нялёгкіх пасляваенных будняў. Пра гэты перыяд успамінае так:

«Па першым часе ў рэдакцыі я быў мала і камандзіроўкі ішлі бясконца. Расоны і Дрыса. Глыбокае і Ушачы. Асвея і Ветрына. Я бачыў вёскі, што не адбудоўваліся і вуліцы іх зарасталі альхоўнікам — усіх жыхароў фашысты знішчылі. Бачыў жанчын, якія басанож па вясновай слоце неслі на сваіх плячах мяшэчкі з насеннем са станцыі, — а да станцыі той кіламетраў сорак! Бачыў, як гэтыя жанчыны, запрогшыся па чатыры ў плуг, аралі поле. Я сам цягаў гэты хамут. Я бачыў, як моршчыўся дзябёлы, добра ўкормлены амерыканец (амерыканская дэлегацыя была на Асвейшчыне ўлетку сорак шостага), адліваючы з кацялка ў бутэлечку крыху шчаўніку, чорнага, як зямля, нічым не запраўленага. Тады ў калгаснікаў не толькі Асвейшчыны была такая ежа. Я бачыў слёзы маці, горкія слёзы, калі сястра абярнула чыгунок з капустаю. Чыгунок быў ладны — ежа на ўвесь дзень! — і капуста была прыпраўлена маленькімі, як касячкі медзяныя, кавалачкамі сала. Абярнуць такі чыгунок! Хіба прыдумаеш горшую бяду!.. Бачыў мізэрныя кавалачкі хлеба па картках, бачыў ордэры, па якіх давалі тры метры чорнага сукна на год».

Пазней, калі ўсур’ёз заняўся літаратурай, канечне, гэтыя ўражанні спатрэбіліся, а пакуль даводзілася пісаць “на злобу дня”. Праўда, у снежні 1948 года ў “Бальшавіцкім сцягу” апублікаваў сваё першае апавяданне “Рыбацкае шчасце”. Дый узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце. А ў 1953-м паступіў у Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, скончыўшы які, прадоўжыў вучобу ў аспірантуры і ўжо сур’ёзна заняўся літаратурнай працай. Паездка на будаўніцтва Брацкай ГЭС падказала тэму аповесці “Кедры глядзяць на мора” (1960). Праз два гады ўбачыла свет аповесць “Пасля паводкі”. У гэты час ужо год, як пасля заканчэння аспірантуры вярнуўся ў Беларусь, загадваў рэдакцыяй у выдавецтве “Ураджай”. З 1982 па 1969 год быў вучоным сакратаром Літаратурнага музея Якуба Коласа. Потым працаваў у апараце ЦК КПБ, дзе па 1973 год загадваў сектарам мастацкай літаратуры, пасля чаго перайшоў на творчую працу.

Алесь Савіцкі — адзін з самых актыўных беларускіх пісьменнікаў. Створанае ім вызначаецца высокай мастацкасцю, цудоўным веданнем жыцця, глыбокім пранікненнем у характары персанажаў. Алесь Ануфрыевіч з аднолькавым поспехам працуе ў розных жанрах — ад апавядання да рамана. Але ўсё ж у галіне буйной празаічнай формы ягоныя набыткі найбольш значныя. Праўда, у першым рамане “Жанчына” (1962) у раскрыцці характару галоўнай гераіні яшчэ часам назіраецца пэўная прамалінейнасць. Затое раман “Палын — зелле горкае” (1967) — з тых твораў, у якіх моцны жыццёвы патэнцыял, нямала яркіх і праўдзівых характараў.

І ўсё ж найбольш важкае слова А. Савіцкі сказаў, асэнсоўваючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У тым ліку і ў рамане “Зямля не раскажа” (1980), прысвечаным жыццю мірнага насельніцтва ў час акупацыі. Асабліва значны ўклад у адлюстраванне ваеннай тэмы ён унёс трылогіяй, што складаецца з раманаў «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983). Гэта маштабнае мастацкае палатно, пра сям’ю рабочага-палачаніна Елісея Крупні, якая прайшла праз ваенныя выпрабаванні.

Па-майстэрску напісаны і раман «Верасы» (1985), у якім асабліва пераканаўчым атрымаўся вобраз галоўнай гераіні. Студэнтку чацвёртага курса Маскоўскага медыцынскага інстытута Насту вайна заспела ў родным Полацку, дзе яна адпачывала ў маці. У час эвакуацыі дзяўчына адстала ад эшалона, разам з некалькімі ваеннымі выйшла з акружэння, а затым засталася з параненымі ў лесе… Дакладна прыкмеціла вядомы літаратуразнаўца і крытык Таццяна Шамякіна: «…раман «Верасы» выявіў найбольш моцныя бакі Савіцкага-мастака. Чалавек і свет тут разглядаюцца на мяжы двух стыхій — быцця і быту. Быццё — жыццё прыроды, адзінай абаронцы групы людзей, якія апынуліся ў неверагодна складанай сітуацыі, а таксама і каханне як самае прыгожае з чалавечых пачуццяў, што разгортваецца на фоне роднай прыроды. Быт — імкненне людзей выжыць, нягледзячы ні на што…»

Бязлітаснай праўдай вайны напоўнены і раман «Обаль» (1989) — дакументальны ў сваёй аснове, — героямі якога з’яўляюцца рэальныя людзі, падпольшчыкі Зіна Партнова, Фруза Зянькова, Мікола Зянькоў, Аркадзь Барбашаў і іншыя. Гэты твор вельмі дарагі пісьменніку, таму ў 2013 годзе Выдавецкі дом “Звязда” перавыдаў яго.

У сваёй творчасці А. Савіцкі закранае і маральна-этычную праблематыку. Што, прынамсі, відаць па раманах “Тры непражытыя дні” (другі варыянт — “Толькі аднойчы”), аповесці “І нічога ўзамен”. Ярка заявіў пра сябе Алесь Ануфрыевіч і як дзіцячы пісьменнік. Найперш аповесцямі-казкамі «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка», «Прыгоды Муркі» і «Дзівосы Лысай гары…», якія выдаваліся асобна, а потым у перакладзе самога А. Савіцкага на рускую мову папоўнілі «Бібліятэку Саюза пісьменнікаў Беларусі» (2007).

Алесь Ануфрыевіч — з тых людзей, якія пасля развалу Савецкага Саюза не здрадзілі сваім поглядам, не захісталіся, імкнучыся даказаць, што яны ў нечым “прозрели”, а засталіся па-ранейшаму адданымі ідэалам маладосці. Аднак, як дакладна сказаў адзін з класікаў марксізму-ленінізму, “жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства немагчыма”. Нават для  самых сумленных і прыстойных настаў час некаторай пераацэнкі маральных каштоўнасцей, з’явілася жаданне разабрацца ў тым, што было і што адбылося. Не дзеля таго, каб ад усяго адрачыся, каб жыць, не крывячы душою.

Такім роздумам і напоўнены раман А. Савіцкага “Пісьмо ў Рай” (2003), які сам пісьменнік назваў раманам-споведдзю. Галоўны герой Андрэй Смоліч, які аднолькава добра раскрыў свае творчыя магчымасці і як пісьменнік, і як журналіст, спавядаецца, як і чым ён жыў. Больш за тое, па сутнасці, раскрывае сваю душу, нічога не хаваючы. Нават таго, у чым, здавалася б, можна і не прызнавацца. Аднак ён разумее, што недасказанасць наўрад ці пойдзе на карысць, паколькі спавядаецца перш за ўсё перад бацькам, які загінуў у гулагаўскім засценку. Да бацькі і звяртаецца сын праз адлегласць і смугу часу, адпраўляючы пісьмо ў Рай:

«Даруй…

Даруй мне, татка родны…

Даруй мне, мілы бацька мой, даруй…

Гэтае маленне студзіць сэрца штораз, калі ўглядаюся ў твае вочы на фотакартцы, якую ты збярог у фашысцкім палоне. Цяпер давяраю яго паперы і дасылаю табе ў Рай. Перакананы, што ты цяпер там, бо кожнаму на згоне жыццёвага шляху на зямлі небам дараваны толькі дзве дарогі — альбо Рай, альбо Пекла. Пекла ты адбыў тут, на зямлі. А двойчы туды, як кажуць мудрыя людзі, трапіць немагчыма».

Нельга яшчэ раз не згадаць Т. Шамякіну: «Раман Савіцкага прасякнуты вялікім гуманістычным, жыццесцвярджальным пафасам. Сцвярджэнне жыцця — як і ў папярэдніх творах — адбываецца як сцвярджэнне дабра, прыгажосці, міру, кахання, сям’і, працы, любові да сваёй зямлі — тых самых каштоўнасцяў, якія маюць універсальны характар і з’яўляюцца ўмовай выжывання роду чалавечага. Уласнае шчасце чалавек павінен бачыць не ў тым, каб шмат чым валодаць, а ў тым, каб шмат што бачыць. Укараненне такой жыццёвай мудрасці праз мастацкую літаратуру заўсёды лічыў сваёй галоўнай місіяй пісьменнік-патрыёт».

Важкія творчыя дасягненні Алеся Савіцкага атрымалі высокую ацэнку. Аповесць «Самы высокі паверх» адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1970). Прэмію Саюза пісьменнікаў СССР і ВЦСПС за лепшы твор мастацкай прозы пра рабочага (1972) ён атрымаў за дакументальную аповесць «След пракладае першы» (у перакладзе на рускую мову яна называецца «Сверяю жизнь по времени»). Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь А. Савіцкаму прысудзілі за трылогію «Дзівосы Лысай гары» (2002). За раман «Верасы», а таксама за гэтую ж трылогію ён узнагароджаны расійскай літаратурнай прэміяй «Прохоровское поле» (2010). На грудзях пісьменніка некалькі ордэнаў і медалёў.

Сонца сапраўды адно на ўсіх. Але ёсць яшчэ сонца жыцця і творчасці А. Савіцкага. Яно свеціць усім, хто творцу ведае. Дык доўгіх гадоў Вам, дарагі Алесь Ануфрыевіч. Колькі — гэта аднаму Богу вядома. Ён жа Вас, несумненна, любіць.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.