Вы тут

"Новы год вам пачынаю"


Дазвольце спытаць, шаноўныя: як вы правялі ўчарашні вечар? Проста ляглі спаць, паглядзеўшы канцэрт, прымеркаваны да гэтага дзіўнага свята, якое адзначаюць толькі на прасторах былога Саюза, — старога Новага года? Гэта вы дарэмна... Таму што, згодна з беларускай народнай традыцыяй, якой ужо не адна сотня (а можа, і тысяча?) гадоў, гэта адзін з самых сімвалічных вечароў года, падчас якога сям'я ні больш ні менш — «праектавала» жыццё і дабрабыт на бліжэйшыя дванаццаць месяцаў.

Яго нездарма называюць Шчадрэц, Шчадруха, Таўстуха, Багатуха. Стол, за якім падчас вячэры 13 студзеня збіралася ўся сям'я, павінен быў літаральна ламіцца ад розных страў: тут і куцця, і мяса з каўбасамі, і кіслая капуста, і мочаныя яблыкі, і салёныя грыбы.

— Стол на Багатую куццю фактычна факусіраваў у сабе ўвесь каляндарны год, — расказвае этнограф, кандыдат філалагічных навук, галоўны рэдактар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Янка Крук. — Таму на ім павінна было прысутнічаць усё тое, на ўраджай і прыбытак чаго разлічвалі.

Куцця на гэтым стале займала ўсё тое ж пачэснае месца каля чырвонага кута, але яна, хоць і «шчодрая», не была тут галоўнай стравай. Гэту ролю выконвалі бліны, дакладней іх стос, у якім было дванаццаць штук — па колькасці месяцаў. Менавіта іх першымі ставілі на абрус. Пасля стос разразалі крыж-накрыж на чатыры часткі і кожны з радзіны за сталом браў па кавалку. Такім чынам стос (ён жа — год) знікаў з талеркі «па спіралі».

Атрымліваецца, славутая песня «Песняроў» пра «Калядачкі, бліны-ладачкі» — менавіта пра яго, пра Шчодры вечар. Увогуле, ноч з 13 на 14 студзеня (а да 1918 года — самая што ні ёсць навагодняя — з 31 снежня на 1 студзеня) лічылася ў народнай культуры містычнай і непрадказальнай.

— Ноч паміж старым і новым годам была нібыта «кропкай разрыву» паміж светам «гэтым» і «тым», момантам існавання па-за часам (калі паняцце часу фактычна адсутнічала), — тлумачыць Янка Крук. — Таму гэтая ноч, як і ноч на Купалле з падобнай сэнсавай сімволікай, лічылася асабліва спрыяльнай для варажбы. Наогул, стары Новы год — гэта эпіцэнтр калядных святкаванняў у беларускай народнай культуры. Святкі доўжыліся яшчэ да Вадохрышча, але ад 14 да 19 студзеня было своеасаблівае «зацішша», толькі моладзь бавілася гульнямі, якія, варта зазначыць, былі напоўнены жыццёвым сэнсам.

Узяць, напрыклад, «Жаніцьбу Цярэшкі» — гульню, распасюджаную ў ваколіцах Лепеля, Глыбокага, Бягомля і прымеркаваную, дарэчы, менавіта да Шчодрага вечара. Як лічаць даследчыкі, гэта не проста пацехі маладых людзей, а першы этап сацыялізацыі моладзі, калі хлопцам і дзяўчатам публічна надавалася права стварэння сям'і.

Увогуле, Каляды праводзілі ў розных рэгіёнах па-рознаму. На Віцебшчыне «жанілі Цярэшку», у Бярэзінскім раёне «цягнулі Каляду на дуба», у Давыд-Гарадку на Шчадрэц па вуліцах ездзілі «конікі», а ў Семежава, што на Капыльшчыне, хадзілі «Цары». Усе гэтыя абрады дзякуючы мясцовым жыхарам захаваліся да нашых дзён і зараз адраджаюцца, магчыма, у больш тэатральна-пастановачным выглядзе, але галоўнае — працягваюць жыць.

пачынаю 2

А 14 студзеня ўранку па вёсцы беглі маленькія калядоўшчыкі (дарослыя ўжо сваё адкалядавалі). Яны, нібы валачобнікі на Вялікдзень, заходзілі ў кожную хату з торбачкамі, але не з пустымі. У торбачках было зерне жыта, аўсу, ячменю. Малыя па крузе абыходзілі хату, пачынаючы ад парога, да кута і назад да печы, рассыпаючы па падлозе зерне і прыпяваючы: «Сеюсею, пасяваю, новы год вам пачынаю!». Гэта быў яшчэ адзін абрад, які праграмаваў кожны дом на шчасце і дабрабыт. Таму гаспадары не скупіліся на пачастункі для маладых «сейбітаў», адорвалі малых усялякімі прысмакамі: хто печывам, хто кавалкам каўбасы, сушанымі ягадамі, арэхамі. Радасць была бязмежная, шчырая, ад душы.

Вядома, сёння наўрад ці хто пойдзе калядаваць з торбачкай з зернем цераз плячо. Але пажадаць яшчэ раз родным, сябрам, калегам, проста ўсім добрым людзям шчасця, здароўя і дабрабыту ў новым годзе — чым не нагода?

ПЫТАННЕ ПА ТЭМЕ

Ці праўда, што навагоднюю ёлку трэба прыбіраць ужо 13 студзеня і чаму?

—  Сапраўды, ёлкі 14 студзеня ў хаце ўжо не павінна быць,гаворыць Янка Крук.У спрадвечнай народнай культуры дрэва елка сімвалізуе пераход з аднаго стану ў другі (успомнім ролю менавіта яловых лапак у пахавальным абрадзе). Навагодняя ёлкагэта таксама сімвал пераходу: «памірае» стары годнараджаецца новы. І непасрэдна ў новым годзе (а ён фактычна і наступае ў ноч з 13 на 14 студзеня) ёй ужо не месца.

 

Алена ЛЯЎКОВІЧ

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?