Вы тут

"Замест золата - ззянне частых слоў і спраў, замест ладану - малітва"


Прыкласціся да Дароў валхвоў у Мінску вернікі змогуць ужо ў пятніцу ўвечары

Сёння каўчэг з вялікай хрысціянскай святыняй знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, а ўвечары 17 студзеня яго спецсамалётам даставяць у Мінск. З 18.30 гэтага ж дня ў храме праведнага Іова шматпакутнага пры Доме міласэрнасці (прыход храма-помніка ў гонар Усіх Святых) святыня будзе даступная для пакланення.

Як расказаў клірык Усіхсвяцкага прыходу протаіерэй Мікалай Сухановіч, пакуль плануецца, што доступ да Дароў будзе адкрыты па 23 студзеня ўключна з 8.00 да 22.00, але ў выпадку неабходнасці (калі нават уначы будзе шмат ахвотных дакрануцца да святыні) каўчэг з Дарамі будзе даступны для пакланення круглыя суткі.

Памятаючы, колькі людзей прыйшло ўлетку да крыжа святога Андрэя Першазванага, варта разлічваць менавіта на другі варыянт развіцця падзей. Хоць на выхадныя сіноптыкі абяцаюць да 18 градусаў марозу, наўрад ці зімовая сцюжа здольная будзе паўплываць на жаданне вернікаў скарыстаць унікальную магчымасць пабачыць святыню на ўласныя вочы і дакрануцца да яе. Асабліва гэта датычыцца жанчын: Дары валхвоў пастаянна захоўваюцца ў манастыры святога Паўла на святой гары Афон, на якую, як вядома, трапіць могуць выключна мужчыны.

У любым выпадку мінская міліцыя абяцае забяспечыць грамадскі парадак ля Дома Міласэрнасці, дзе ў бліжэйшыя дні збяруцца тысячы паломнікаў з усёй краі ны. Як заявіў нядаўна намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС падпалкоўнік міліцыі Іван Кубракоў, цяпер адсочваецца сітуацыя ў Расіі, дзе знаходзіцца святыня, пераймаецца досвед калег па мерах перасцярогі. Праўда, праваахоўнікі адзначаюць, што пра нейкія парушэнні грамадскага парадку гаварыць не даводзіцца: людзі прыходзяць да святынь са светлымі думкамі і намерамі, таму і неабходнасць стаяць у чарзе ўспрымаюць спакойна і добразычліва. Тым не менш месца, дзе будзе знаходзіцца святыня, і тэрыторыю вакол возьмуць пад кругласутачную ахову. А ДАІ ўжо прадугледзела, дзе тыя, хто прыедзе на ўласным аўто, змогуць без праблем яго паставіць. У выпадку неабходнасці, па пры-

кладзе Масквы, будуць стаяць і аўтобусы, дзе можна будзе пагрэцца.

Вядома, што з Афона даставяць толькі частку дароў — адзін з дзесяці існуючых каўчэгаў. Іх, дарэчы, ніколі не вывозяць усе разам: з-за вялікай каштоўнасці — найперш, безумоўна, духоўнай. Дары захоўваюцца ў рызніцы манастыра святога Паўла. Тыя, што зможам пабачыць мы, — гэта тры залатыя ўпрыгожанні — два ў форме трапецыі і адно прамавугольнае. Яны зусім невялікія — прыкладна 4-5 сантыметраў на 4-6, таўшчыня ўсяго тры міліметры. Да іх прымацаваныя сярэбраныя пацеркі з нанізанымі шарыкамі з ладану і міры і жамчужынамі. Захоўваюцца яны ў сярэбраным чаканным каўчэгу, даўжыня якога 40 сантыметраў, шырыня — 27, а вышыня — 15.

Дарэчы, як сказана ў дакуменце, які манастыр святога Паўла распаўсюдзіў да прыбыцця дароў, тое, што святыню памясцілі ў сярэбраныя каўчэгі, — невыпадкова. Тым самым святары хацелі паказаць, што дарам належыць такое ж пакланенне, як і святым мошчам. Бо «пакланяючыся дарам, мы пакланяемся не золату і не смірне, а Божай благадаці, якая засталася на дарах «ускладаннем рук Тваіх, Ісусе»...

Царква вельмі асцярожна ставіцца да паведамленняў аб цудах, якія адбываюцца ля той або іншай святыні. Але ў афіцыйным дакуменце з Афона засведчана нямала цудаў, якія здзейснілі Дары. Напрыклад, у жніўні 1982 года з-за маланкі зусім недалёка ад манастыра святога Паўла разгарэўся пажар. Полымя хутка бегла па высушанай летняй

спёкай зямлі, яго спрабавалі патушыць, але не далі рады. Але як толькі з храма вынеслі каўчэг з дарамі, прачыталі малітву і ўзнялі святыню над месцам, дзе бушаваў пажар, вецер рэзка памяняў напрамак і полымя спынілася... А ў 2012 годзе жыхарка Грэцыі Анастасія Ангелі, якая слепла з-за рэдкага вірусу — з ім не справіліся ўрачы, — дакрануўшыся да часткі дароў, якія прывезлі да пакланення ў іх прыход, праз тры дні стала добра бачыць... У апошні час часта фіксуюцца выпадкі вылячэння духоўна хворых і спантанных людзей.

Насельнікі манастыра сведчаць, што «Гасподзь спрыяльна ставіцца да ўшанавання гэтай вялікай святыні, бо менавіта пасля таго, як да яе дакранецца вялікая колькасць вернікаў, Дары пачынаюць распаўсюджваць дзівосны водар. Шматлікія цуды і ацаленні таксама найчасцей адбываюцца ад дароў, калі яны знаходзяцца сярод міран».

Як правільна пакланіцца святыні? Як і мошчам, як і абрадам, перахрысціўшыся, прыкласціся да яе вуснамі. Але галоўнае, бадай, ведаць і памятаць вось гэтыя словы настаяцеля манастыра святога Паўла архімандрыта Парфенія (ён, дарэчы, суправаджае святыню з дэлегацыяй манахаў): «З якой пакорай і павагай былі прынесеныя гэтыя дары Госпаду! З такой жа глыбокай павагай і любоўю мы павінны пакланяцца Яму, і замест золата прынесці Яму ззянне чыстых слоў і спраў, замест ладану — малітву, замест смірны — адмову ад страсцей»...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».