Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: "Немагчыма сёння жыць і не развівацца"


Учора Прэзідэнт сустрэўся з кіраўнікамі беларускіх СМІ і адказаў на актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадскасць. На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Размова Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі беларускіх СМІ працягвалася больш за пяць гадзін.

пресс2

У пачатку сустрэчы АляксандрЛукашэнка адзначыў, што падобныя мерапрыемствы з прадстаўнікамі СМІ праводзяцца ў Беларусі планава, аднак раней яны праходзілі ў больш пашыраным складзе. «Шчыра скажу: мне даводзіцца праводзіць у такім маштабе мерапрыемствы з журналістамі, але яны мне не вельмі падабаюцца, таму што гэта падобна на нейкую лекцыю, — сказаў Прэзідэнт. — Усё-такі ў вузкім коле зацікаўленых і дасведчаных людзей можна больш падрабязна абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні, якія сёння хвалююць людзей, і паспрабаваць, калі гэта атрымаецца, зазірнуць у недалёкую будучыню».

Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў, чаму на сустрэчу былі запрошаны менавіта кіраўнікі асобных СМІ. Паводле яго слоў, галоўным крытэрыем быў уплыў і аўтарытэт таго ці іншага СМІ ў грамадстве. «Калі вызначаліся, я сказаў, што мы павінны глядзець на тое, як народ рэагуе на той ці іншы сродак масавай інфармацыі. Па многіх крытэрыях мы ўбачылі, што гэта вядучыя сродкі масавай інфармацыі Беларусі, падабаецца гэта камусьці ці не, але так атрымалася», — растлумачыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў здагадку, што ў будучыні журналістамі будзе абыгрывацца пытанне таго, каго менавіта запрасілі на сустрэчу з Прэзідэнтам, таму кіраўнік дзяржавы палічыў за лепшае апярэдзіць магчымыя развагі і адразу растлумачыць свой выбар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў СМІ засяродзіцца на абмеркаванні будучага, а не кансультавацца толькі па выніках мінулага года. «Трэба, зыходзячы з ведаў па выніках мінулага года, выходзіць на больш канцэптуальныя пытанні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Прадказваць, якой будзе Беларусь праз 5-10 ці, можа, 15 гадоў, вельмі складана, але калі будуць такія пытанні, я сваю думку выкажу, паспрабуем, калі атрымаецца, знайсці з вамі адзіную пазіцыю».

«Я гатовы да гутаркі. Форму гэтай размовы не будзем вызначаць, будзем лічыць, што ў нас сёння адбудзецца дыялог. Вельмі не хацелася б, каб вы задавалі пытанні, а я, як самы разумны і прасунуты, адказваў на вашыя пытанні — гэтага нам трэба пазбегнуць. Давайце пагаворым пра тыя праблемы, якія хвалююць людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

МАДЭРНІЗАЦЫЯ З АДЦЕННЕМ ДЫВЕРСІФІКАЦЫІ

Паводле слоў Прэзідэнта, мадэрнізацыя ў Беларусі праводзіцца з адценнем дыверсіфікацыі. Перад намі стаіць задача, сказаў ён, актыўнага развіцця тых вытворчасцяў, якія арыентаваны на мясцовыя рэсурсы і сыравіну. Гэта датычыцца сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і шэрагу іншых напрамкаў. «Мы ўсё больш і больш будзем арыентаваць нашу эканоміку на тую, хай нават бедную, сыравіну, якая ў нас ёсць», — адзначыў беларускі лідар. «Калі мы амбіцыйна заяўляем, што мы, беларусы, хочам быць суверэннымі і незалежнымі і не будзем займацца мадэрнізацыяй свайго жыцця і вытворчасці, то мы ніколі такімі не будзем. Немагчыма сёння жыць і не развівацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, асаблівасць мадэрнізацыі ў Беларусі таксама заключаецца ў кропкавым падыходзе да гэтага працэсу. У першую чаргу прыярытэт будзе аддавацца высокарэнтабельным праектам, хоць у той ці іншай ступені ў мадэрнізацыю павінны быць уцягнуты ўсе прадпрыемствы. «Спаць нікому не дазволім. Кропкавая мадэрнізацыя з актыўнай дзяржаўнай падтрымкай была і будзе заўсёды. Той, хто дасць больш дзяржаве і народу, таго мы больш падтрымаем», — сказаў беларускі лідар. На думку Аляксандра Лукашэнкі, мадэрнізацыя павінна закранаць розныя сферы, не толькі эканоміку. «Але эканоміка — падмурак усяго нашага жыцця. Галоўны напрамак усёй мадэрнізацыі — гэта эканоміка», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прыводзячы ў якасці прыкладу сельскагаспадарчую галіну, Прэзідэнт адзначыў, што ў выніку яе развіцця растуць аб'ёмы экспарту і якасць прадукцыі. «Сёння Еўрасаюз да нас не можа прычапіцца. Мы ў іх пытаемся: чаму вы не дазваляеце пастаўляць на ваш рынак нашы малочныя прадукты? Попыт на іх ёсць, якасць адпавядае. Па якасці не горш, чым у Еўропе. Дык вы так і скажыце, што абараняеце свой рынак і не пускаеце іншых. Нават некалькі віцебскіх або гродзенскіх прадпрыемстваў атрымалі дазвол на пастаўку ў Еўропу, а стандарты там шалёныя. Ды і ў Расіі сёння ўжо проста так не прадасі. Вось што такое мадэрнізацыя. Калі б мы гэтым не заняліся, мы б сёння пра гэта не гаварылі», — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што гучыць шмат крытыкі на адрас даўгоў Беларусі. Па словах кіраўніка дзяржавы, «усё пазнаецца ў параўнанні». «Увесь наш валавы доўг — каля 50% ВУП. Да прыкладу, у ЗША — 101%, або $17 трлн, у Расійскай Федэрацыі — каля $800 млрд. Італія, Грэцыя, Ірландыя, Партугалія маюць доўг большы, чым вырабляюць за год, — звыш 100% ВУП. Што тычыцца нашага дзяржаўнага доўгу, то ён усяго толькі 18-19% ВУП, $12 млрд», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вядома, лепш, каб яго не было, але так не бывае. Асабліва для такой эканомікі, як наша. У нас няма тых аб'ёмаў нафты, няма тых прыродных рэсурсаў, прыроднага газу, цэны на якія да гэтага часу трымаюцца. Мы ўсё гэта вымушаны купляць, таму мы наўрад ці абыдземся без гэтага», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён падкрэсліў, што свае даўгавыя абавязацельствы Беларусь выконвае, выканае і сёлета. «Тое, што належыць па доўгу, мы выплацім», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву Расіі, якое падтрымала Беларусь у цяжкія часы. «І не толькі яны падтрымалі нас у гэты момант. Нас падтрымала і Кітайская Народная Рэспубліка, і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і Еўразійскі банк, — сказаў Прэзідэнт. — І ёсць прапановы, вельмі выгадныя для нас, па крэдытаванні нашай эканомікі, па прадастаўленні нам фінансавых сродкаў. Але мы ўжо глядзім, каб гэта было не больш за 5%. Ёсць прапановы і пад 3%. КНР — гэта дзесьці 3%».

Гаворачы аб спадзе росту эканомікі ў Беларусі ў 2013 годзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго прычынамі з'яўляюцца як сусветны крызіс, які закрануў і расійскі, і еўрапейск рынкі — асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, так і спад вытворчасц ў сувязі з недаатрыманнем расійскай нафты для загрузкі беларускіх НПЗ з сітуацыяй у калійнай сферы. «Расія абмежавала пастаўкі нафты на нашы заводы, няхай няшмат, на пару-тройку мільёнаў тон мы атрымалі менш нафты», — сказаў ён. Што датычыцца сферы калійных угнаенняў, то тут недаатрымана $1,5-1,7 млрд. «Гэта тыя грошы, якіх нам не хапала, і ў народа з'явілася нейкая фобія, што будзе дэвальвацыя. Якраз гэтых грошай не хапала», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэднія гады эканоміка Беларусі прырастала на 9,8-11 працэнтаў, як у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. «Мы ёй нават не саступалі, гэта быў самы высокі рост. Я пабойваўся перагрэву эканомікі. Але мы тады вельмі добра прырасталі, добра займаліся вытворчасцю, правялі мадэрнізацыю некаторых буйных прадпрыемстваў, ад якіх цяпер залежыць наша жыццё. Шмат тады зрабілі, шмат будавалі, і будавалі танна, і зарплата была не меншай за $500. Гэта быў шалёны рост нашай эканомікі. І мы на сённяшні дзень ужо больш як у два разы пераўзышлі ўзровень савецкага перыяду, адзіная постсавецкая рэспубліка. Пасля такіх шалёных тэмпаў, зразумела, надыходзіць нейкі спад, ва ўсіх дзяржавах, і нам трэба было пераходзіць не проста на аб'ёмны рост эканомікі, а на якасны рост. Але вельмі шкада, што гэта супала з другой хваляй крызісу ў асноўных нашых партнёраў», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што, нават калі б не было сусветнага крызісу, у эканоміцы Беларусі назіраўся б спад. «Мы дасягнулі нейкага максімуму ў развіцці нашых прадукцыйных сіл і аддачы ад іх. І мы будзем расці, напэўна, да 5 працэнтаў, наўрад ці мы дабавім больш, таму што ў асноўным у нас апрацоўчая прамысловасць, і калі мы шмат прырастаем, па імпарце давядзецца шмат закупляць. Ці варта гэта рабіць? Мы знайшлі нейкую раўнадзейную», — сказаў Прэзідэнт. У той жа час ён прызнаў, што летась было ажыццёўлена няправільнае планаванне.

Ураду Беларусі даручана прапрацаваць магчымасці павышэння даходаў нізкааплатных работнікаў, заявіў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што, хоць сярэдняя зарплата па кра і не цяпер набліжаецца да $600, многія катэгорыі работнікаў не маюць такіх даходаў. «Я з вас патрабаваць не буду павышэння зарплаты гэтай верхняй частцы насельніцтва, хто атрымлівае нават $500, вы цяпер вазьміцеся за ніжнюю частку нашых людзей і пастарайцеся падцягнуць, каб у іх было хаця б $400. Гэта стратэгія — падцягнуць нізкааплатных», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёлета мы хочам звярнуць увагу на іх, тады і сярэдняя зарплата будзе значна вышэйшай. Але ўжо націскаць па зарплаце я не буду. Кожны павінен атрымліваць зарплату ў адпаведнасці з тым, як ён адпрацаваў, як спрацавала прадпрыемства. Мінімум мы забяспечылі», — дадаў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы таксама было зададзена пытанне адносна падтрымкі пенсіянераў і магчымасці кампенсацыі іх страт ад дэвальвацыі, якая адбылася ў 2011 годзе. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава працягне рабіць захады для павелічэння даходаў пенсіянераў. «У нас жа не кожнаму пенсіянеру трэба такая падтрымка. Ёсць пенсіянеры, якія атрымліваюць добрыя грошы. А ёсць тыя, каму трэба вялікая падтрымка, і я гэта буду рабіць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — А выплаты, гэтыя кампенсацыі — я і хацеў бы гэта зрабіць, але адкуль іх узяць? Давядзецца ўсім кампенсаваць (нельга тут грамадства дзяліць), і пойдзе ланцуговая рэакцыя, а гэта не адзін мільярд долараў. Такіх грошай, на жаль, няма».

ПРАЦЭНТНАЯ СТАЎКА ПА КРЭДЫТАХ БУДЗЕ ЗНІЖАЦЦА

«45% — гэта шалёная стаўка. Гэта ненармальна. І мы бачым, што ў нас ёсць усе магчымасці да зніжэння гэтай стаўкі. Мы не можам пад гэтыя працэнты крэдытаваць рэальны сектар», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час не было іншага выйсця, акрамя як падняць працэнтную стаўку па крэдытах. «Калі быў ажыятажны попыт і ў нас былі не такія вялікія золатавалютныя рэзервы, мы вымушаны былі ісці на гэты непапулярны крок. Але паступова, таксама не абвальна, мы прыйдзем да нармальнай з'явы», — сказаў Прэзідэнт.

У той жа час ён падкрэсліў, што галоўны паказчык — гэта праца эканомікі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што «мы нармальна будзем сябе адчуваць, калі сёлета нам удасца, а гэта ўжо сапраўды пралічана, дасягнуць 3-3,5% росту ВУП».

«ЗНЕШНЕ НОВЫЯ ГРОШЫ ПАДОБНЫЯ ДА ЕЎРА»

Аб правядзенні ў Беларусі дэнамінацыі будзе аб'яўлена за паўгода, аднак пакуль для гэтага няма ўмоў, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы падумаем са спецыялістамі, калі гэты перыяд настане. Тут трэба быць вельмі асцярожнымі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовы ў любы момант правесці дэнамінацыю. Але ўсё ж такі нават для гэтага тэхнічнага кроку павінны быць пэўныя ўмовы. Не павінна быць такая працэнтная стаўка, не павінна быць трывогі на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася. І ў эканоміцы каб не было крызісных з'яў».

«Таму мы падбяром час і аб гэтым заявім не менш як за паўгода, — адзначыў Прэзідэнт. — Паралельна на працягу года як мінімум будуць хадзіць і старыя рублі, і новыя»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, штоў Беларусі ў свой час праводзілася ўжо дэнамінацыя, і баяцца гэтага працэсу не трэба. «Але мы не гатовы пакульда гэтага. І не столькі тыя органы, якія правядуць гэту дэнамінацыю, колькі насельніцтва і эканоміка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я лічу, што пройдзем гэты складаны, крызісны этап. І нават калі ў гэтым годзе мы адчуем, што эканоміка цвёрда стане на рэйкі нармальнага руху, мы за паўгода аб'явім народу, што будзем праводзіць дэнамінацыю».

Прэзідэнт адзначыў, што ўжо зацверджаны новыя грошы, прычым нараўне з купюрамі ў Беларусі, магчыма, будуць хадзіць і манеты. На думку кіраўніка дзяржавы, знешне новыя грошы падобныя да еўра. «Мы не ўтойваем, мы даўно гатовы да гэтага працэсу, — сказаў АляксандрЛукашэнка. — Але трэба падабраць час, каб ні ў якім выпадку нас людзі не папракнулі, што мы правялі дэнамінацыю, а хтосьці на гэтым нажыўся. У мяне будзе строгае патрабаванне: калі мы будзем у цэнах акругляць, то толькі ў меншы бок. Людзі тут нічога не страцяць».

Прэзідэнт яшчэ раз запэўніў, што аб правядзенні дэнамінацыі будзе сказана загадзя. «Гарантую! Падманваць не буду», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт запэўнівае, што дэвальвацыі нацыянальнай валюты не будзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадку неабходнасці на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты будуць накіраваны сродкі з золатавалютнага рэзерву. «У нас сёння дастаткова золатавалютных рэзерваў, мы яшчэ ў бліжэйшы час атрымаем для падмацавання ЗВР каля $1,5 млрд ад Расійскай Федэрацыі — добрыя крэдыты. У крайнім выпадку, калі ў нас будуць залішнія золатавалютныя рэзервы, мы падтрымаем эканоміку. Страху ў гэтым ніякага няма, людзі атрымаюць дадатковую заработную плату», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў краіне «ўсе чакалі, акрамя Прэзідэнта, дэвальвацыі нацыянальнай валюты». «Не толькі людзі, але і прадпрыемствы гэтага чакалі. Я сказаў, што мы штучна дэвальваваць нацыянальную валюту пад тое, каб даць нават нейкі глыток (можа, гэта і добра) паветра для БелАЗа, МАЗа і гэтак далей, не будзем, таму што дэвальвацыя нацыянальнайвалюты — гэта вынік росту цэн. Мы гэта ўжо праходзілі. Таму нават не на 25%, не на 30%, не на 15% мы гэтага рабіць не будзем. Будзе ў нас магчымасць — мы падтрымаем стабільнасць нацыянальнай валюты, але не празмерна. Нас за гэта ніхто не папракне. Усе дзяржавы гэта робяць», — сказаў Прэзідэнт.

«Калі ёсць шалёны попыт на долары, людзі пабеглі ў абменнікі. Нельга, учапіўшыся ў нацыянальную валюту, трымаць яе стабільны курс. Трэба паціху адпускаць», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, так і было зроблена ў Беларусі. «Па долары мы больш за 10% дэвальвавалі за год паступова, па «кошыку» валют — долар, еўра і расійскі рубель — крыху больш за 9%. Гэта значыць пры такой эканоміцы, якая ў нас складвалася пры адмоўным паказчыку сальда па гандлі, мы за нацыянальную валюту, учапіўшыся дзвюма рукамі, не трымаліся, мы яе дэвальвавалі. Але дэвальвавалі плаўна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Тыя, хто хацелі на гэтым сыграць, бачачы на гарызонце парламенцкія, прэзідэнцкія выбары (вы ж разумееце прычыну), на чале, на жаль, з некаторымі буйнымі фінансістамі, у так званых апазіцыйных сродках масавай інфармацыі разгарнулі і падварушвалі цікавасць людзей да гэтага долара. Я сказаў: не, так не будзе! Я перад сабой паставіў жалезабетонна задачу, каб паказаць, што гэта — нікчэмныя фінансісты і эканамісты, якія штурхалі дзяржаву і народ (і людзі мяне да гэтага штурхалі, і прадпрыемствы, і многія члены ўрада, калі не ўсе) да дэвальвацыі нацыянальнай валюты» — адзначыў Прэзідэнт. Ён расказаў, што звярнуўся да незалежных спецыялістаў з просьбай пралічыць наступствы дэвальвацыі за адзін раз нацыянальнай валюты. «Яны мне ў адзін голас заявілі, што карысці ніякай не будзе, дзяржава ў выніку, народ і прадпрыемствы сядуць у яму. Гэта пацвердзіла мае думкі. Я зрабіў усё для таго, каб не было дэвальвацыі нацыянальнай валюты», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Так, я хадзіў, я прасіў, але недарагія грошы, я пазычыў гэтыя грошы, назваў, у каго, і не лічу, што я паступіў няправільна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я не парушыў аб'ектыўныя эканамічныя законы. І як кіраўнік дзяржавы надаў нейкую стабільнасць, хаця б на гэтым этапе, нацыянальнай валюце. Я буду і надалей так паступаць, не ўтрымліваючы празмерна курс валюты. Але я паказаў, што ўсе развагі нашых фінансістаў, якія сядзяць і рукі паціраюць, толькі каб горш было, нікчэмныя».

«УЗВАРУШЫЦЬ» ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНУЮ ГАСПАДАРКУ І АГРАПРАМЫСЛОВЫ КОМПЛЕКС

Паводле слоў Прэзідэнта, камісія на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Аляксандрам Якабсонам прааналізуе работу арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асаблівая ўвага будзе нададзена фарміраванню тарыфаў на ЖКП. «Для таго, каб раз і назаўсёды, як у будаўніцтве, камусьці даць па руках, па галаве, была пастаўлена задача: старшыня КДК узначаліць камісію, як па будаўніцтве, і ўзварушыць усю ЖКГ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівая ўвага будзе нададзена фарміраванню тарыфаў на ЖКП. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён некалькі разоў даручаў ураду падаць рэальныя затраты на паслугі ЖКГ. Аднак гэтага дагэтуль не зроблена. «ЖКГ для мяне ў плане тарыфаў — гэта загадкавая краіна», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тарыфы на ЖКП у Беларусі рэгулююцца дзяржавай і іх рост увязаны з ростам даходаў грамадзян. На думку Прэзідэнта, вакол тэмы павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ вельмі шмат непрафесійнай балбатні і палітыкі. «А факты такія, што сёння сям'я з трох чалавек, дзе двое працуюць, за 2-пакаёвую кватэру плаціць 3 працэнты даходаў сям'і, у Расіі — 12 працэнтаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Сям'я з трох чалавек, дзе працуюць два бюджэтнікі, плаціць за такую кватэру 4 працэнты даходаў сям'і, два пенсіянеры — крыху больш за 5 працэнтаў. «Назавіце яшчэ адну такую развітую, цывілізаваную краіну ў свеце, дзе плацілі б столькі. У Еўропе ў тры разы больш. Мы пакрываем паслугі ЖКГ (пры ўсім павышэнні) на 23 працэнты, 77 працэнтаў паслуг ЖКГ пакрываюцца за кошт бюджэту. Назавіце яшчэ такую краіну, дзе гэта ёсць», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што настаў час разабрацца, ці трэба далей фінансаваць за кошт дзяржавы аграпрамысловы комплекс краіны. У краіне прынята рашэнне два разы на год праводзіць маштабныя рэспубліканскія нарады. Сёлета па аналогіі з будаўнічай галіной будзе прааналізавана работа ЖКГ і АПК.

Тлумачачы, чаму выбраны менавіта гэтыя сферы, Прэзідэнт сказаў, што сельская гаспадарка яго хвалюе з пункту гледжання фінансавання. Паводле яго слоў, у сельскай гаспадарцы, як і ў будаўніцтве, хапае безгаспадарчасці. «Але мяне там больш хвалюе фінансавае пытанне, фінансавы стан сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ён далёкі ад ідэальнага», — адзначыў Прэзідэнт.

«Настаў час разабрацца, якая там сітуацыя, і прымаць далейшае рашэнне: або мы сельскую гаспадарку падтрымліваем, як падтрымлівалі, або іх трэба нахіліць па поўнай, каб яны зараблялі грошы самі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мадэрнізацыю АПК укладзены значныя сродкі, і цяпер трэба вырашаць, ці працягваць падтрымку ў тым жа аб'ёме.

БЕЛАРУСКІ АЎТАМАБІЛЬ ЯК АЖЫЦЦЁЎЛЕНАЯ МАРА

«Гэта даўно было маёй прэзідэнцкай марай. Вырабляем аўтобусы, велікагрузныя аўтамабілі — і не можам вырабіць для народа нармальны аўтамабіль», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб тым, як з'явілася ідэя стварыць такую вытворчасць, як вяліся адпаведныя перамовы з кітайскім бокам. У выніку ў Барысаўскім раёне была адкрыта сумесная зборачная вытворчасць, а на працягу некалькіх гадоў плануецца пабудаваць цэлы завод магутнасцю 120 тыс. аўтамабіляў за год.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя аўтамабілі прымальныя як па цане, так і па якасці, тым больш што ў Кітай са сваімі тэхналогіямі прыйшлі практычна ўсе вялікія сусветныя кампаніі. «Я ўхваліў гэты аўтамабіль, і мы сёння вядзём вельмі цяжкую размову з Расіяй і іншымі, каб свабодна прадаваць гэтыя аўтамабілі. Ніхто ж не хоча пускаць на сваю тэрыторыю. У гэты перанасычаны рынак вельмі цяжка праціснуцца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы паціху будзем ісці да гэтых 120 тысяч. Але для мяне важна, што мы дадзім свайму чалавеку новы аўтамабіль. Дбайны чалавек, які ўмее эканоміць, купіць гэты аўтамабіль».

Акрамя таго, стварэнне ў Беларусі адпаведнай вытворчасці надасць імпульс развіццю і іншых прадпрыемстваў. «Гэты аўтамабіль пацягне за сабой работу дзясятка высокаэфектыўных прадпрыемстваў, дзе мы будзем вырабляць камплектуючыя», — дадаў беларускі лідар.

ТРАНСПАРТНАЯ ПОШЛІНА— ВЫКЛЮЧНА НА ДАРОЖНАЕ БУДАЎНІЦТВА

Зборы ад спагнання дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху будуць накіроўвацца выключна на патрэбы дарожнага будаўніцтва, сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, уведзеныя ў Беларусі зборы зусім невялікія ў параўнанні з коштам нават недарагога аўтамабіля, у той час як дзяржава штогод траціць значныя сродкі на падтрыманне дарожнай інфраструктуры. «Ці варта народу так напружвацца з-за гэтага, пры тым гэта не самая бедная частка. Вось калі грошы пойдуць не на дарогі, як было заяўлена, тады вы шкуру спусціце і з урада, і з Прэзідэнта, што не пракантралявалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Я ўраду сказаў: калі толькі гэтыя грошы пойдуць не на дарогі, і мяне людзі потым папракнуць, што мы дзіркі закрывалі, як некаторыя папісваюць у газетах і на інтэрнэт-рэсурсах, крыўдуйце на сябе. Адвялі асобны рахунак — усе грошы туды, і ўсе грошы на дарогі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворачы пра довады аб тым, што сродкі на дарожнае будаўніцтва ўжо закладзены ў кошт паліва, Аляксандр Лукашэнка прывёў аргумент, што тыя ж магістралі ад сталіцы да абласных цэнтраў цяпер рэканструююцца за кошт замежных крэдытаў. Акрамя таго, апошнім часам практычна не ўкладаюцца сродкі ў дарогі другой катэгорыі.

«Невялікія гэтыя грошы (дзяржпошліна. — Заўвага БЕЛТА). Таму ці варта так замарочвацца на гэтай праблеме, гвалтам крычаць, што абабралі, абадралі г. д. Тое, што гэтыя грошы не пойдуць на адукацыю, ні нават на ахову здароўя, а будуць патрачаны менавіта на дарогі, гарантую, і я папярэдзіў урад», — падкрэсліў беларускі лідар.

«БЕЛАРУСКАЯ МОВА — НЕ ДЛЯ РЭВАЛЮЦЫІ»

Праблему беларускай мовы, якую спрабуюць узняць некаторыя апазіцыйныя дзеячы, Прэзідэнт Беларусі лічыць палітызаванай.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў дзяржаве створаны ўсе ўмовы для тых, хто жадае вывучаць беларускую мову. У той жа час Прэзідэнт на заўвагі некаторых недзяржаўных СМІ аб недастатковым развіцці беларускай мовы прапанаваў адкрыць пры дзяржаўных інстытутах і ўніверсітэтах курсы для тых, хто хоча вывучаць беларускую мову. «Я абсалютна не супраць беларускай мовы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я нават больш, чым вы, хачу, каб нашы людзі свабодна размаўлялі па-беларуску. Адзінае, чаго я не прымаю, — гэта ціск. Як толькі пачынаеш ціснуць — адваротная рэакцыя».

Прэзідэнт лічыць, што ў свой час навязванне беларускай мовы было памылкай апазіцыі.«Беларуская мова — гэта не фактар для разыгрывання палітыкі. І мы спакойна выведзем краіну, я вам гарантую, калі не будзе разважанняў пра тое, што мы ўціскаем беларускую мову, а падымаем англійскую або рускую. Не трэба залішне ў гэта ўмешвацца. Гэта вельмі далікатнаяжывая матэрыя. Мы робім гэта спакойна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта палітызаваная праблема, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Калі хочаш загаварыць па-беларуску — разгортвай кнігу і чытай». «Беларуская мова — не для рэвалюцыі», — дадаў Прэзідэнт. На яго думку, у краіне ў свой часвельмі мудра паступілі, што не адмовіліся ад рускай мовы.

Што датычыцца заўвагі пра тое, што ў краіне выдаецца мала кніг па-беларуску, то Прэзідэнт нагадаў, што раней прапаноўваў беларускім аўтарам напісаць хаця б адзін варты твор, аднак гэтага не здарылася. «Я казаў: пакладзіце мне хаця б адну, напрыклад,«Вайну і мір», і я забяспечу вам гіганцкую падтрымку. Няма іх!» — рэзюмаваў Прэзідэнт.

ДРУКАВАНАЯ ВЕРСІЯ ЦІ ІНТЭРНЭТ?

Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць неабходнасць змен парадку распаўсюджвання друкаванай перыёдыкі ў краіне. У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу на канкурэнцыю друкаваных выданняў з інтэрнэт-рэсурсамі, што могуць больш аператыўна рэагаваць на тыя ці іншыя падзеі. Разам з тым друкаваныя выданні, напрыклад, не могуць выходзіць па панядзелках і адпаведна інфармаваць чытачоў аб падзеях, што адбыліся на выхадных.

«Я не магу сказаць, ці можна гэта зрабіць хутка, колькі гэта будзе каштаваць і ці патрэбна гэта наогул», — адзначыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў галоўнаму рэдактару газеты «Советская Белорусскя» Паўлу Якубовічу як кіраўніку галоўнага друкаванага выдання ў краіне арганізаваць адпрацоўку гэтага пытання з усімі зацікаўленымі бакамі. «Вы павінны сабрацца і выпрацаваць адназначную думку. Па-гаспадарску. І скажыце, што трэба рабіць. Тады я паклічу пэўных людзей і пастаўлю ім канкрэтную задачу», — даручыў Прэзідэнт.

Гаворачы пра сваё асабістае стаўленне да гэтай тэмы, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што нягледзячы на магчымасць карыстацца інтэрнэт-версіямі выданняў, ён рэгулярна праглядае і друкаваныя варыянты.

У ХУТКІМ ЧАСЕ МАГЧЫМАЯ АМНІСТЫЯ

У Беларусі ў хуткім часе могуць амніставаць 2 тысячы чалавек, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, у цэлым ён станоўча ставіцца да правядзення амністый і звычайна асабіста іх ініцыюе. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў бліжэйшы час можна правесці амністыю па аналогіі з тымі, якія ўжо былі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што правядзенне амністый магчымае, бо практыка паказала, што яны не пагаршаюць крымінагенную абстаноўку. Сёння ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 30 тыс. чалавек, а ў 90-я гады іх было каля 70 тысяч. Узровень злачыннасці кожны год зніжаецца прыкладна на 6-10%. «Амністыі не прыводзяць да ўсплёску крымінагеннай абстаноўкі, мы можам на гэта пайсці», — сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт таксама заявіў, што гатовы памілаваць так званых палітвязняў, калі яны напішуць адпаведнае прашэнне. Адказваючы на пытанне аб наяўнасці ў Беларусі так званых палітвязняў, Прэзідэнт чарговы раз падкрэсліў, што ў Беларусі ў Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў. А пра тых, хто сябе такімі лічыць, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ўмовай іх выхаду на свабоду было напісанне просьбы аб памілаванні, як таго патрабуе беларускае заканадаўства. «Умова была адна — па законе. Вы звяртаецеся (не пішыце, што вы вінаватыя — не вінаватыя), пішаце зварот да таго, хто можа памілаваць, і я прыму рашэнне, я памілую», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш, нягледзячы на прапанаваную магчымасць, некаторыя аддалі перавагу таму, каб застацца ў турме. «Некаторыя захацелі застацца ў турме да наступнага электаральнага цыкла (я цытую). Не хочуць звяртацца па памілаванне. Я кажу: сядзіце. Яны на мяне ціснуць, а я свае ўмовы выказаў: як да ўсіх, звяртаешся — разгледжу (чытай — выпушчу), таму што яны не вартыя сапсаваных адносін Беларусі з Еўропай і Амерыкай», — сказаў Прэзідэнт.

«Яны жывуць электаральным цыклам. Яны хочуць з турмы выйсці героямі. Я забяспечу іх выхад з турмы як герояў», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што толькі ў такім кантэксце і па такіх правілах гатовы разгледзець пытанне вызвалення так званых палітвязняў, у тым ліку Мікалая Статкевіча. «Статкевіч палітычна для мяне не канкурэнт. Статкевіч пасля гэтых выхадак — палітычны труп у Беларусі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. «Ён не хоча з турмы выходзіць, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Чаму я павінен за яго хацець больш, чым ён сам?». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, на яго думку, знаходжанне за кратамі такіх людзей, як Мікалай Статкевіч, не павінна быць перашкодай у адносінах Беларусі і Еўрасаюза або Амерыкі: «Ён таго не варты, як той жа Саннікаў. Яны аднаго поля ягады па сваіх учынках».

Па просьбе аднаго з удзельнікаў сустрэчы Прэзідэнт пракаментаваў справу Бяляцкага. Кіраўнік дзяржавы даручыў праверыць інфармацыю аб тым, што Бяляцкі кампенсаваў прычыненую ім шкоду, а затым разгледзець пытанне аб яго магчымым вызваленні.

«МЫ І ЗАХАД ПАЧАЛІ РАЗМАЎЛЯЦЬ...»

У стасунках Беларусі з Захадам наладзіўся дыялог, заявіў кіраўнік дзяржавы, закранаючы міжнародную тэматыку. «Апошнім часам, мы гэта не афішуем, не проста сімптомы, а мы правялі шэраг мерапрыемстваў, няхай не публічных. Часта многія еўрапейцы, прыязджаючы да нас, просяць, каб гэта было не публічна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я з імі шчыра размаўляю, калі яны просяцца да мяне на прыём, нікому не адмаўляю, з усімі вяду размову — ад кангрэсменаў ЗША да звычайных палітыкаў і нават былых з Еўропы. Яны, вядома, уплывовыя ў сваіх краінах. І ў нас такіх кантактаў адбылося вельмі шмат, пайшоў нейкі дыялог. Няхай мы не сядзім за агульным сталом і не абмяркоўваем праблемы (мы да гэтага прыйдзем), але ёсць нейкі дыялог, і гэта ўжо добра».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, праз такіх пасярэднікаў даводзіцца беларуская пазіцыя, у тым ліку да канцлера ФРГ Ангелы Меркель і іншых палітыкаў.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежнасць Беларусі нельга тлумачыць як адыход ад супрацоўніцтва з Расіяй. «Мы хочам жыць на сваім кавалку зямлі, мець суверэнітэт. Я не хачу, каб мой народ больш хадзіў пад чыімсьці бізуном. Гэта мая галоўная задача як першага Прэзідэнта», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Наша незалежнасць — гэта святое, але яна яшчэ павінна быць зразумелай нашым суседзям. Яна не павінна быць агрэсіўнай. Мы не тая краіна, у нас не тая моц, каб агрэсіўна ставіцца ці то да Захаду, ці то да Усходу», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніколі не будзе сябраваць з Захадам супраць Расіі і аналагічна развіццё беларуска-расійскіх адносін не будзе весціся на шкоду супрацоўніцтву на заходнім вектары.

«Таму апошнім часам намеціўся перыяд, калі мы адзін на аднаго «не кацім», не наступаем. Мы пачалі неяк размаўляць. Літва зразумела, што трэць бюджэту ў іх — гэта Беларусь. Латвія — тое ж самае», — дадаў беларускі лідар.

«РАСІЯ — РОЗНАЯ...»

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ў яго з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным склаліся вельмі добрыя адносіны, нягледзячы на праблемныя моманты, якія часам узнікаюць. «Мы вельмі дружныя з Пуціным, нягледзячы на тое, што часам паміж намі «іскрыць». Я яму магу прама сказаць, і ён можа мне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра беларуска-расійскае супрацоўніцтва, Прэзідэнт падкрэсліў, што па вялікім рахунку больш блізкіх адносін у Беларусі няма і не можа быць ні з адной краінай. «Мы сябры, браты, мы наогул адзін народ. Калі нам цяжка — хто працягнуў руку? МВФ? А маглі б — грошай нямерана, дзяваць няма куды, але па палітычных матывах, адкрыта сказалі, не могуць. А Расія падставіла плячо, — заўважыў беларускі лідар. — І заўсёды яны падставяць нам плячо, як бы ні было складана. Па розных прычынах і з-за таго, што страціць Беларусь — гэта вялікі палітычны ўрон і шкода для Расіі ў цэлым».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія аказвае рэальную падтрымку ў тым ліку ў рэалізацыі маштабнага праекта будаўніцтва атамнай электрастанцыі. «Гэта рэальныя грошы, гэта не словы. Мы гэта павінны цаніць і ні ў якім разе не павінны ставіцца кепска да Расіі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца стаўлення да Беларусі ў расійскім асяроддзі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расія розная, гэта таксама неабходна разумець і дзесьці праяўляць вытрымку.

«Але тое, што адбываецца, — гэта аб'ектыўна і шчыра, і тут няма падводных плыняў з Расіяй», — дадаў беларускі лідар. Вяртаючыся да тэмы выдзялення Беларусі двухмільярднага крэдыту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тым самым Расія падтрымлівае і ўласныя прадпрыемствы, якія вырабляюць камплектуючыя і сыравіну для беларускай тэхнікі.

ПАДТРЫМАЕМ УКРАІНУ І СТАБІЛЬНАСЦЬ У ЁЙ

Прэзідэнт Лукашэнка спадзяецца, што канфліктная сітуацыя ва Украіне вырашыцца і не акажа негатыўнага ўплыву на дзейнасць СНД, дзе Украіна старшынствуе сёлета. Ён адзначыў, што доўгі час устрымліваўся ад каментарыяў па сітуацыі ва Украіне, лічачы падзеі, якія там адбываюцца, унутранай справай канкрэтнай дзяржавы.

«Будзем спадзявацца, што ўсё будзе нармальна з пункту гледжання старшынства ў СНД, ніхто не будзе пераносіць саміт СНД, наадварот, я ўпэўнены, Януковіч будзе імкнуцца, каб гэты саміт прайшоў у іх, а мы, і Расія, і іншыя будзем такім чынам падтрымліваць Украіну і стабільнасць у ёй, і цяперашняга прэзідэнта, таму што гэта галоўны прадстаўнік улады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў: «У астатнім яны павінны разабрацца самі. Занадта шмат амбіцый у асобных палітыкаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

ХАКЕЙНЫ ЧЭМПІЯНАТ АДКРЫЕ СВЕТУ БЕЛАРУСЬ

Наша краіна правядзе чэмпіянат свету па хакеі на годным узроўні, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што своеасаблівай рэпетыцыяй сусветнага першынства было правядзенне Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе аб'екты вытрымалі выпрабаванне. «Нашы спартсмены, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету, Алімпійскіх гульнях, сказалі, што такога ўзроўню падрыхтоўкі для спартсменаў не было ні ў адной краіне. Сапраўды, мы маем выдатныя пляцоўкі — «Мінск Арэна», новенькая «Чыжоўка-Арэна». Запасны лёд можам даць — хай трэніруюцца. Ідэальныя ўмовы!» — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Мінску будзе і дастатковы гасцінічны фонд для прыняцця гасцей сталіцы: «У нас будзе каля 30 тысяч месцаў у гасцініцах, плюс будуць задзейнічаны бліжэйшыя санаторыі, прафілакторыі, я не бяру тут студэнцкія вёскі. Плюс прыватнікі падключацца».

«Мы правядзем чэмпіянат на годным узроўні, — сказаў Прэзідэнт. — Я хачу зрабіць такі чэмпіянат, каб усе ахнулі. Гэта значыць, не павінна быць ніводнага пустога месца на трыбунах на любым матчы».

Кажучы пра аб'яўлены ў 2014-м Год гасціннасці, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што хакейны момант у ім як спадарожны: «У першую чаргу я меў на ўвазе душу беларусаў. Яны заўсёды гасцінныя, імкнуцца ўсім дагадзіць, накарміць, апошнюю кашулю аддаць, яны вельмі добрыя».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.