Вы тут

Свабода сумлення да многага абавязвае


Супрацоўніцтва дзяржавы і праваслаўнай царквы на ўсіх узроўнях працягнецца, каталіцкіх святароў-іншаземцаў стане менш, а супраць незаконнай дзейнасці «Сведкаў Іеговы» будуць прымаць меры.

Выніковая калегія апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі, на якой падводзіліся вынікі мінулага года, насамрэч ператварылася ў своеасаблівы «круглы стол», на пасяджэнні якога кампетэнтныя зацікаўленыя людзі абмяркоўвалі самыя злабадзённыя праблемы. Праблемы, якія, несумненна, хвалююць і ўсё наша шматнацыянальнае і шматканфесійнае (у невялікай Беларусі жывуць прадстаўнікі больш за 140 нацыянальнасцяў, дзейнічае 25 рэлігійных канфесій і кірункаў) грамадства. І галоўная апора мірнага існавання такіх розных людзей — раўнавага, роўнасць і паразуменне ў адносінах паміж імі і да іх. І клопат дзяржавы, органаў улады — гэтыя два паняцці забяспечыць.

Лекаваць і цела, і душу

Але гэта немагчыма зрабіць без падтрымкі і актыўнасці саміх нацыянальна-грамадскіх аб'яднанняў. Вядучыя канфесіі нашай краіны ідуць насустрач дзяржаўным органам і супрацоўнічаюць з імі. Ужо адзінаццаты год у нашай краіне паспяхова рэалізуецца праект, які Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, без перабольшвання, назваў унікальным, — Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой. Да яго падключыліся фактычна ўсе міністэрствы, мясцовыя органы ўлады, і рэальныя набыткі гэтага супрацоўніцтва відаць ужо ў многіх сферах нашага жыцця.

Узяць, напрыклад, Дом міласэрнасці ў Мінску, які знаходзіцца ва Усіхсвяцкім прыходзе. Гэта фактычна першы сумесны сацыяльны праект. У Доме міласэрнасці могуць знайсці прытулак і догляд нямоглыя і старыя людзі. Штогод тут аздараўляецца больш за 200 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Даглядаюць іх жанчынкі з сястрынства прыхода.

І такі прыклад не адзінкавы. У тым жа Мінску, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргея Хільмана, у 23 праваслаўных прыходах ёсць спецыяльныя супрацоўнікі, якія адказваюць за сацыяльнае служэнне. У прыходзе іконы «Усіх Тужлівых Радасць» маладыя інваліды могуць авалодаць прафесіяй швяі і сталяра, навучыцца працаваць на камп'ютары. У Свята-Елізавецінскім манастыры добрым словам і малітвай лечаць душы тых, хто асмеліўся на суі цыд. Члены рэлігійных суполак пры сталічных храмах працуюць у бальніцах, у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

І гэта не толькі ў Мінску. У невялікім Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне праваслаўныя святары працуюць сумесна з праваахоўнікамі. Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка прывёў такую лічбу: з 270 сустрэч, што супрацоўнікі міліцыі правялі летась з п'яніцамі і іншым праблемным кантынгентам, у 50 прынялі ўдзел прадстаўнікі царквы. Вынік відавочны: у раёне знізілася колькасць ужывання спіртнога, павялічылася нараджальнасць. Проста супадзенне? Наўрад ці. Прынамсі, Леанід Гуляка, які нядаўна быў у Дрыбіне і на свае вочы бачыў, як вядзецца работа, так не лічыць. Гэта вынік рэальнага супрацоўніцтва тых, хто можа прымаць пэўныя меры, і тых, хто можа закрануць душу і сумленне.

Прыярытэты супрацоўніцтва ў межах пагаднення паміж дзяржавай і БПЦ захаваюцца і надалей, перакананы Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. На гэта ёсць усе падставы і напрацоўкі.

Каб разумець прыхаджан

Вялікі вопыт сацыяльнага супрацоўніцтва з грамадствам мае і каталіцкая царква. У Ленінскім раёне сталіцы касцёл Божай Маці Ружанцовай каторы год рэалізуе дабрачынныя праекты. У Вілейскім раёне каталіцкія святары разам з праваслаўнымі бяруць удзел ва ўсіх важных для раёна мерапрыемствах. У Докшыцкім раёне касцёлы ў Параф'янаве і Ваўкалатах ладзяць шыкоўныя моладзевыя фэсты.

Падобных прыкладаў нямала і ў іншых рэгіёнах краі ны, дзе ёсць каталіцкія парафіі. Было б іх, напэўна, і больш, калі б сярод святароў было менш іншаземцаў. Іх колькасць паступова змяншаецца, але яшчэ застаецца ўнушальнай: з 449 каталіцкіх святароў, што служаць сёння ў Беларусі, летась 146, а сёлета 135 — небеларускія грамадзяне. І можна толькі здагадвацца, наколькі ім, выхаваным у іншым грамадстве, блізкія і зразумелыя праблемы іх жа прыхаджан.

Сітуацыю прызваны выраўняць Мінскі тэалагічны каледж, які адкрыўся ў жніўні мінулага года. Паводле слоў Леаніда Гулякі, яго адкрыццё — першы крок да стварэння каталіцкай духоўнай акадэміі. Гэта цалкам вырашыць праблему айчыннага кантынгента каталіцкіх святароў у нашых касцёлах.

«І не ўвядзі нас у спакусу...»

Падключаюцца да сацыяльных праектаў і пратэстанцкія суполкі. Напрыклад, у Мінску хрысціяне веры евангельскай працуюць з асуджанымі, дастаўляюць ім патрэбныя рэчы, кнігі.

Але адна справа — сабраць пасылку зняволенаму, і зусім іншая — званіць у дзверы кватэры і навязліва расказваць гаспадарам пра «адзіна правільную веру». Менавіта так дзейнічаюць прадстаўнікі аб'яднання «Сведкі Іеговы». Вернікі іншых канфесій скардзяцца на іх навязлівую прапаганду ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Аб'яднанне, забароненае ў многіх краінах свету, было ў нас зарэгістравана ў 1993 годзе. Пазбавіць яго рэгістрацыі складана: гэта ў кампетэнцыі Вярхоўнага Суда. Але ж прыхільнікі аб'яднання пастаянна парушаюць дзеючае заканадаўства, распаўсюджваючы сваю прадукцыю і ажыццяўляючы рэлігійную дзейнасць зусім не там, дзе яны могуць гэта рабіць (у тым ліку і на ганку нашых дамоў). Прыцягнуць іх за гэта да адказнасці складана: аказваецца, што гэта члены не мясцовай суполкі, а з суседняга раёна або зусім нідзе не зарэгістраваныя. Тым не менш праблема наспявае, колькасць незадаволеных навязлівымі прапаведнікамі людзей расце. І меры будуць прымацца. «Аж да прапановы ўнясення змяненняў у заканадаўства», — катэгарычна зазначыў Леанід Гуляка.

Наогул, менавіта мясцовая ўлада павінна сачыць за тым, каб людзей не адурманьвалі дэструктыўныя плыні. Якія нярэдка маскіруюцца пад розныя аздараўленчыя і асветніцкія праекты. Намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Віктар Касцяйкоў прыгадаў, як арганізацыя дэструктыўнага кірунку спрабавала разгарнуць на тэрыторыі іх раёна дзейнасць пад выглядам прапаганды здаровага ладу жыцця і пад абсалютна бяскрыўднай шыльдай «Цэнтр чалавека».

У нас свабода сумлення, запярэчыць нехта. Але ж гэта свабода, як і любая іншая, заканчваецца там, дзе закранае інтарэсы і свядомасць іншага чалавека. Што бывае пасля? Спытайце ў намесніка старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Алы Ануфрыюк. Яна вам раскажа пра сям'ю, што жыве ў іх у раёне. Гэта ахвяры вучэння Пятра Кузняцова, якія разам са сваім «настаўнікам» некалькі гадоў таму акапаліся ў зямлянцы на поўначы Расіі і чакалі канца свету. Дзеці, якіх таксама тады замуравалі пад зямлёй, сёння ўжо амаль дарослыя, толькі цяпер пачынаюць вяртацца да нармальнага жыцця.

***

На калегіі гаварылася яшчэ шмат пра што. Пра ўшанаванне памяці загінулых у Першай сусветнай вайне, пра магчымы пачатак сёлета будаўніцтва мемарыяла ў Трасцянцы. Закраналася пытанне заключнай працы над праектам закона «Аб беларусах замежжа» і аб неабходнасці маніторынгу сітуацыі з замежнымі студэнтамі (пасля рэзананснага сутыкнення мясцовых жыхароў з туркменскімі навучэнцамі ў Баранавічах). Быў прыняты план дзеянняў апарату Упаўнаважанага і яго падраздзяленняў на бліжэйшы год. Там прапісана шмат цікавых і знакавых мерапрыемстваў, аб'яднаных па сутнасці адной мэтай — захаваць роўнасць, раўнавагу і паразуменне паміж усімі людзьмі, што жывуць на нашай зямлі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.