Вы тут

Alma mater для нобелеўскіх лаўрэатаў


Напярэдадні святкавання Дня беларускай навукі і свайго 85-гадовага юбілею Нацыянальная акадэмія навук назвала ТОП-10 дасягненняў акадэмічных вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за мінулы год.

альма

альма

 

Як расказаў журналістам галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навукчлен-карэспандэнт НАН Сяргей КІЛІНлетась беларускім біяхімікам — першым у свеце — удалося расшыфраваць прасторавую структуру цытахрома альдастэрон сінтазы. За гэтую работу ім будуць вельмі ўдзячныя мільёны людзей, якія пакутуюць ад павышанага артэрыяльнага ціску, паколькі будзе створана новае пакаленне эфектыўных лекавых прэпаратаў гіпатэнзіўнага дзеяння.

Беларускія матэматыкі распрацавалі новыя мадэлі і метады рашэння задач устойлівасці. Прапанаванае імі рашэнне абапіраецца на так званы малодшы сігма-паказчык. Па словах вучонага сакратара, гэтая задача не магла быць вырашана 40 гадоў. Невырашальнай лічылася і задача аптымальнага планіравання: навукоўцы інстытута праблем інфарматыкі вырашылі задачу пабудовы аптымальных раскладаў у ланцугах вытворчасці і паставак пры нявызначанасці ўваходных даных.

Навукоўцы-фізікі стварылі летась новы від гіпербалічных метаматэрыялаў, якія ўяўляюць сабой незвычайныя аптычныя асяроддзі з рознымі знакамі дыэлектрычнай пранікальнасці ў розных напрамках. Гэтыя матэрыялы абсалютна ўсё ўсмоктваюць і абсалютна ўсё прапускаюць. Дзякуючы гэтай распрацоўцы ў свеце быў атрыманы трэці тып матэрыялаў.

Фізікі-тэарэтыкі вынайшлі метады, якія дазваляюць эксперыментальна вызначаць выкананне паўнаты набору квантавых вымярэнняў, у тым ліку пры правядзенні тамаграфіі стану фатонаў. Нейрафізіёлагамі сумесна з фізікамі была створана праграма — мадэль нейроннага ансамбля гіпакама (структуры мозга, якая выконвае функцыю сховішча кароткатэрміновай памяці (нешта накшталт аператыўнай памяці камп'ютара) і наступнага яе пераводу ў доўгатэрміновую памяць). Гэта праграма-мадэль скіраваная на выкарыстанне штучных нейраструктур пры лячэнні захворванняў мозга.

Матэрыялазнаўцы распрацавалі тэхналогію атрымання токаправодных фарбаў на аснове нанапамерных часціц серабра, а таксама тэхналогію фарміравання шматслойных плёначных радыяцыйных экранаў для абароны вырабаў мікраэлектронікі (напрыклад, у космасе).

Геафізікі на аснове шматгадовых даследаванняў распрацавалі тэктонафізічную мадэль зямной кары і літасферы зоны сучлянення Фенаскандыі і Волга-Ураліі (у раёне Аршанскай упадзіны). На падставе гэтага даследавання ствараецца карта, якая дапаможа ў пошуку карысных выкапняў і прадказанні сейсмічнай актыўнасці ў раёне ўпадзіны.

Вучоныя-эканамісты ўнеслі бясцэнны ўклад у распрацоўку стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі і рэгіёнаў Беларусі, прапанаваўшы новыя крытэрыі, а вучоныя-аграрыі стварылі новыя гатункі сельскагаспадарчых культур, у тым ліку першы айчынны сорт крупянога проса ДоЖ. Гэта культура раней у Беларусі не вырошчвалася.

Трапіла ў ТОП-10 самых лепшых дасягненняў навукоўцаў і работа акадэмічных мастацтвазнаўцаў, мастакоў і гісторыкаў па аднаўленні тэхналогіі вырабу слуцкіх паясоў.

Між іншым, рыхтаваць для Акадэміі навук элітныя навуковыя кадры, а магчыма, нават і будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, будзе ў недалёкай перспектыве Акадэмічны ўніверсітэт.

Як патлумачыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ,

звычайныя класічныя ўніверсітэты не заўсёды спраўляюцца з задачай падрыхтоўкі навуковых кадраў, асабліва для новых перспектыўных кірункаў навукі і вышэйшых тэхналагічных укладаў.

— Акадэмічны ўніверсітэт будзе створаны на базе Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў, які ўжо даўно дзейнічае пры акадэміі. На першым этапе да навучання ў ім будуць прыцягнуты самыя перспектыўныя і захопленыя навукай студэнты трэцяга — чацвёртага курсаў, якія будуць паралельна і працаваць, і навучацца ў нашых навуковых лабараторыях і навуковых падраздзяленнях, — расказаў Уладзімір Гусакоў. — Мяркуем, што магістрантамі стануць каля 100 чалавек. Жарэс Алфёраў прапануе нам таксама адкрыць пры ўніверсітэце і ліцэй, куды будуць адбірацца самыя таленавітыя школьнікі з усёй кра і ны. Для іх будуць створаны ўмовы пражывання і будзе выплачвацца стыпендыя. У перспектыве менавіта яны і будуць працягваць навучанне ў Акадэмічным універсітэце.

Сёння маладыя навукоўцы складаюць чвэрць ад агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў акадэміі.

—  Гэта дастаткова высокая лічба, якая дазваляе забяспечыць пераемнасць пакаленняў і працяг работы вядучых навуковых школ, — запэўнівае старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі Андрэй ІВАНЕЦ. — Што тычыцца памераў заробкаў, на якія могуць разлічваць маладыя супрацоўнікі акадэміі, то яны напрамую залежаць ад здольнасцяў і ступені ўдзелу маладых навукоўцаў у розных нацыянальных і міжнародных праектах і дагаворах.

Цікава, што ў акадэміі ёсць структуры, дзе колькасць моладзі яшчэ вышэйшая: напрыклад, у Інстытуце біяарганічнай хіміі з 300 яго супрацоўнікаў маладыя навукоўцы складаюць трэцюю частку — 100 чалавек. Кіраўніцтва лічыць, што немалаважную ролю ў прыцягальнасці для моладзі інстытута адыгрывае яго цудоўная матэрыяльнатэхнічная база. А калі ёсць усе ўмовы для цікавай работы, то навошта шукаць магчымасці для сваёй самарэалізацыі ў іншых месцах?

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».