Кажуць, менавіта гэтыя словы («Parіs vaut bіen une messe») сказаў пратэстант Генрых Наварскі, калі ў яго з'явілася магчымасць трапіць на французскі трон — пры ўмове пераходу ў каталіцтва. Такім чынам у гісторыю Еўропы ўвайшла каралеўская дынастыя Бурбонаў, а Генрых ІV стаў яе пачынальнікам. Сёння іншыя часы, іншыя і норавы. І з веравызнаннем ўсё заблытана. Прынамсі, такое ў мяне склалася ўражанне падчас наведвання ў калядныя снежаньскія дні сталіцы Францыі — краіны, якая заўсёды пазіцыянавалася як каталіцкая.
Мне, праваслаўнай, было цікава, як святкуюць Раство заходнія хрысціяне. Не задавальняцца ж толькі чуткамі, што гэтае свята прагматыкі паставілі калісьці на камерцыйныя рэйкі і так яно па іх упэўнена коціцца... Таму, калі ўязджалі раніцай у Парыж, круціла галавой па баках — каб не прапусціць нешта цікавае.
Пабачыла некалькіх цемнаскурых людзей, якія адпачывалі ў тэлефонных будках, на лаўках, загарнуўшыся ў коўдры. Позірк чапляўся за вялізную колькасць прыпаркаваных пракатных матацыклаў, веласіпедаў на надзвычай пустых вуліцах а палове адзінаццатай раніцы. Рэдкія машыны ў горадзе, які з прыгарадам налічвае больш за 10 мільёнаў жыхароў. Ёсць версія, што ўсе паехалі сустракаць Раство за горад. Няхай так, але чаму няма ніякіх святочных упрыгажэнняў? Цэнтр у гэтым сэнсе ад ускраін практычна не адрозніваецца. Будзённа; шэра вакол, толькі зрэдку на акне ці ў вітрыне можна пабачыць нейкія атрыбуты свята: ёлку, цацкі, Санта Клауса. Можа, крызіс прымушае эканоміць? Хутчэй за ўсё, іншае. Не трэба асаблівых даследаванняў, дастаткова проста на твары людзей паглядзець, каб зразумець, што гэта — не іх свята. Вядома ж, калісьці амаль палова Афрыкі была калоніяй Францыі. Сёння, відаць, усе нашчадкі былых рабоў прыехалі да колішніх нявольнікаў у госці — ды так і засталіся. Толькі вось святы ў іх — зусім іншыя.
Дадам, што вечарам у горадзе ўсё ж можна назіраць святочную ілюмінацыю, але ж не паўсюль. У цэнтры, там, дзе звычайна ходзяць турысты, — напрыклад, на Елісейскіх палях. Дарэчы, гэта зусім не палі, а працяглая вуліца, дзе да ночы ідзе актыўны гандаль — у святочныя дні Раства натоўп такі ж, як на нашых «Дажынках».
Між іншым, на патрэбы менавіта сённяшняга насельніцтва Францыі відавочна арыентавана сучасная fashіon-індустрыя. На рэкламе — прыгожыя жанчыны ў мусульманскіх хустках побач з імёнамі славутых дызайнераў адзення. І манекены ў Парыжы — амаль усе — чорнага колеру.
Знакамітыя ядомыя каштаны ў Францыі смажаць на невялікіх, зробленых з металічнага бака жароўнях проста на вуліцы. Вось толькі мяне трохі збянтэжылі санітарныя ўмовы, таму пакаштавала іх ужо ў Італіі, дзе, падалося, некалькі лепш арганізаваны гэты нескладаны кулінарны працэс. 3-5 еўра — і паўтара-два дзясяткі невялічкіх цёплых «бульбінак» у шалупінні насыпаны ў папяровы кулёк. Паводле смаку таксама нагадвае бульбу, толькі саладкаватую. Кажуць, каштаны вельмі карысныя.
У рэстаранчыку, куды зайшлі адзначыць Раство, мы нечакана даведаліся, адкуль пайшоў вядомы выраз «накиряться». Нам прапанавалі заказаць «кір» — сумесь белага сухога віна з салодкім чорнапарэчкавым лікёрам. Сапраўды, у галаву дае вельмі хутка, становіцца цёпла і весела, але ж (калі своечасова спыніцца) ніякіх наступстваў не будзе. Выйшлі праз гадзіну — быццам і не ўжывалі. Між тым, еўрапейцы імкнуцца адпачываць у кавярнях, але звонку. Менавіта таму не толькі летам, але і цяпер адкрытыя пляцоўкі, дзе ўжываюць ежу, знаходзяцца амаль побач з праезнай часткай, займаючы ледзь не ўвесь тратуар. У некаторых выпадках даводзілася ісці практычна па нагах наведвальнікаў кавярняў. Але яны, загорнутыя ў пледы, нават увагі на такія дробязі не звярталі.
Многія французы відавочна зацікаўлены ў здаровым ладзе жыцця: мы паўсюль, асабліва ўздоўж Сены, сустракалі прыхільнікаў бегу. Акрамя таго, пажылыя людзі для падтрымання формы выкарыстоўваюць спецыяльныя палкі для хады — каб нагрузка была не толькі на ногі, але і на рукі. Што тычыцца веласіпедаў, здаецца, уся Еўропа даўно і добра асэнсавала іх карысць — і для здароўя, і для выратавання экалогіі. Дарэчы, паўсюль абсталяваны спецыяльныя дарожкі для гэтага віду транспарту, таму нікому ніхто не замінае і кіроўцы не вымаўляюць тых «добрых» слоў у іх адрас, як нашы. Ды і двухколавыя машыны, як і самі веласіпедысты, звычайна свецяцца з усіх бакоў не горш, чым навагоднія ёлкі — не заўважыць нельга. Мяне вельмі ўразілі капялюшыкі веласіпедыстаў з мільгаючымі лямпачкамі.
Складана было не заўважыць і вялікую колькасць вельмі папулярных на Захадзе малалітражак. Гэтыя «лялечныя» і вельмі пранырлівыя міні-аўто выпускаюць сёння амаль усе вядомыя вытворцы. «Смарцікаў» і ім падобных цэняць прагматычныя еўрапейцы: за эканомнасць, кампактнасць, лёгкую паркоўку. Такія машынкі, між тым, дастаткова хутка рухаюцца. Што тычыцца астатніх аўто, тут відавочны патрыятызм. Купляюць французскія ў Францыі, нямецкія — у Германіі, італьянскія — у Італіі. А вось чэхам дастаецца тое, на чым іх заходнія сябры па Еўрасаюзе паспелі паездзіць.
Увогуле, Еўропа любіць разнастайнасць. Таму тут ездзяць на ўсім, што можа рухацца. Адкрытыя зверху аўтобусы прызначаны для правядзення экскурсій. Для тых, хто хоча прыватна і цішэй, — веларыкшы і конныя экіпажы. Для прыхільнікаў экзотыкі — рарытэтныя аўто. Для зусім смелых і бесклапотных — самакаты. Прынамсі, апошнім дарослыя людзі аддаюць перавагу нароўні з дзецьмі.
На кожным прыпынку грамадскага транспарту ўсталявана электроннае табло. І сапраўдныя еўрапейцы будуць усхваляваны, калі трамвай ці аўтобус прыйдзе на 30 секунд (!) раней ці пазней за вызначаны час. Усё павінна быць толькі ў адпаведнасці з дакладным раскладам руху. Нам гэта цяжка зразумець.
Між тым, на святочную службу ў Нотр-Дам дэ Пары (Notre Dame de Parіs) мы ўсё ж трапілі. Людзей, якія маліліся, было шмат. Але ж не настолькі, каб нельга было прайсці. Таму была нядоўгая магчымасць разгледзець адзін з сапраўдных цудаў Францыі. Споведзь ідзе за шклянымі дзвярыма. На іх напісана не толькі імя святара, але і мовы, на якіх спаведнік можа адкрыць сваю душу. Усё, што адбываецца ўнутры сабора Парыжскай Божай Маці, транслюецца на вялізны экран звонку. Ахвяраванні, як і ў нас, пакідаюць у якасці свечак — коштам 5 еўра. Амаль усе мінімальныя выдаткі пачынаюцца з гэтай сумы, таму не трэба пералічваць яе на нашы грошы. У Еўропе і заробкі трохі іншыя.
Непрададзеныя елкі каля адной з вялікіх крам сумавалі, што так і не сталі навагоднім упрыгажэннем. Падняцца на Эйфелеву вежу не атрымалася: ахвотных занадта шмат, а таму ў чарзе трэба стаяць не менш за 2 гадзіны — у нас столькі часу не было. Мы развітваліся са снежаньскай Францыяй і накіраваліся ў паўночную Італію...
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.