Вы тут

Як птушка Фенікс


Лельчыцкі раён, адзін з двух у Беларусі, цалкам знішчаных фашыстамі, адраджаўся літаральна на папялішчы

Канец другога зімняга месяца — асаблі вы час для жыхароў Лельчыцкага краю. 23 студзеня яны ад значылі 70-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтую радасную навіну паведаміла сем дзесяцігоддзяў таму зводка Саўінфармбюро.

У той жа дзень гітлераўцы былі выгнаны з найбліжэйшых вёсак. Астатнія населеныя пункты пазбаўляліся варожых кайданоў яшчэ больш за месяц. Толькі гэтых радасных хвілін ляльчанам прыйшлося чакаць ажно тры з паловай гады. З самых першых дзён, калі да іх прыйшло ўсведамленне страшнай рэальнасці — пачалася вайна...

Пад акупацыяй

Першыя дзевяць бомбаў на Лельчыцы былі скінуты з нямецкіх самалётаў ужо ў панядзелак, 23 чэрвеня 1941 года. На шчасце, яны ўпалі на поле, што каля гарадскога пасёлка... У гэты ж дзень пачалі працаваць мабілізацыйныя пункты. Яшчэ два месяцы раён быў тылавым, затым сюды сунулася лінія фронту. У гэты час уся тэрыторыя тагачаснай Палескай вобласці, у склад якой уваходзілі і Лельчыцы, была пад новай уладай. Лельчыцкі раён стаў апошнім у Беларусі, які акупавалі немцы.

лельчицы2

Нягледзячы на гэта, тут працягвала існаваць савецкая ўлада, якую падтрымліваў мясцовы партызанскі атрад. Толькі і народныя мсціўцы былі вымушаны пакінуць Лельчыцы ў ноч на 23 верасня 1941 года. На працягу двух з паловай гадоў у раёне «гаспадарылі» гітлераўцы. За гэты час яны паспелі амаль цалкам знішчыць гарадскі пасёлак. Засталіся толькі цагляныя сцены трох будынкаў...

У канцы лістапада 1942 года ў раён уступілі вядомыя злучэнні двойчы Героя Савецкага Саюза генерала Каўпака і Героя Савецкага Саюза генерала Сабурава. А ўжо вясной 1943 года ён стаў цэнтрам партызанскага краю, які ахопліваў 14 раёнаў Беларусі і Украіны з насельніцтвам звыш 200 тысяч чалавек, дзе базавалася каля 20 тысяч украінскіх, беларускіх, малдаўскіх, палескіх і славацкіх партызанаў, у тым ліку і чэхаславацкі атрад Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі.

- На лельчыцкай зямлі дзейнічала некалькі пляцовак для атрымання грузаў з Вялікай зямлі, а самы буйны аэрадром каля вёскі Дубніцкае прымаў за адну ноч больш за 10 самалётаў, да 20 самалётаў скідалі вантаж з паветра, — зазначае мясцовы краязнаўца Уладзімір Зубрэй. — Атрымаўшы вантаж, у рэйды сыходзілі шматлікія ўкраінскія злучэнні, малдаўскае злучэнне палкоўніка Андрэева, польскія Роберта Сатаноўскага і Куніцкага. У раёне знаходзіўся і штаб злучэння Паўднёва-Прыпяцкай зоны Палескай вобласці, куды ўваходзілі партызаны Лельчыцкага, Ельскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Тураўскага раёнаў.

Няма такіх мясцін у гэтым краі лясоў і балот, дзе б ні пралівалася кроў людзей. Толькі ў снежні 1942 года немцы кінулі супраць злучэнняў Каўпака і Сабурава тры дывізіі. А летам 1943-га буйная блакада чакала партызанаў.

- У Беларусі два раёны — Асвейскі на Віцебшчыне і Лельчыцкі на Гомельшчыне — былі практычна поўнасцю знішчаны фашыстамі, — падкрэслівае Уладзімір Мікалаевіч. — Акупанты пакінулі тут груды развалін з рэшткамі людскіх касцей. Лельчыцы і 62 вёскі раёна былі поўнасцю знішчаны. У першую гадавіну вызвалення раёна, 23 студзеня 1945 года, мясцовая раённая газета пісала: «Банда людаедаў Гітлера люта замучыла і расстраляла 8377 чалавек мірных жыхароў і 3819 чалавек звезла ў нямецкае рабства. Было сагнана ў праклятую Германію 25 270 галоў жывёлы...»

Акрамя таго, на франтах Вялікай Айчыннай і ў партызанскіх атрадах загінулі 2876 ляльчан, 494 вайскоўцы з былых рэспублік Савецкага Саюза ахвяравалі сваім жыццём за вызваленне раёна.

Вызваленне... з водарам хлеба

А пачалося яно ў ноч на 9 студзеня 1944 года. Першай пазбавілася варожых кайданоў вёска Сініцкае Поле, а 16 студзеня чырвонаармейцы падышлі да ракі Убарць і захапілі плацдарм на заходнім беразе. На працягу 17-га і 18-га студзеня 54-ты гвардзейскі кавалерыйскі полк уступіў у гарадскі пасёлак Лельчыцы і ў шэраг суседніх вёсак, а 19-га замацаваўся ў 20 кіламетрах у вёсках Сіманічы, Каросцін і Асмаленік. 22-га студзеня з боем была вызвалена вёска Замошша, а на наступны дзень выйшла доўгачаканая зводка Саўінфармбюро аб вызваленні Лельчыц і астатніх населеных пунктаў раёна.

- Пачуўшы радасную вестку, што ў нашы мясціны прыбліжаецца армія-вызваліцельніца, многія юнакі рушылі праз лінію фронту, каб зліцца з франтавікамі. І вось у канцы студзеня адбылася радасная для ўсіх падзея: у вёску ўвайшлі чырвонаармейцы, — успамінае ляльчанін Анатоль Кашэвіч, на той момант шасцігадовы хлапчук. — Мы спачатку нічога не зразумелі, бо гудзенне машын пачулася глыбокай ноччу. Хацелі ўжо па звычцы ўцякаць у лес. Але, пачуўшы рускую мову, не паверылі ў тое — няўжо, няўжо з'явіліся нашы вызваліцелі?

У вызваленні раёна прымалі ўдзел 14-я гвардзейская кавалерыйская дывізія 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, 117-ты стралковы полк 23-й стралковай дывізіі 89-стралковага корпуса 61-й арміі Беларускага фронту. Не абышлося і без дапамогі партызанаў.

[caption id="attachment_29668" align="aligncenter" width="751"]Намеснік старшыні Лельчыцкага райвыканкама Віктар АЛЕЙНІК ля помніка ў вёсцы Прыбылавічы. У снежні 1942 года акупанты спалілі вёску і забілі 52 яе жыхароў. Пасля вайны вёска была адноўлена. Сёння пра мінулую трагедыю нагадвае помнік.

Намеснік старшыні Лельчыцкага райвыканкама Віктар АЛЕЙНІК ля помніка ў вёсцы Прыбылавічы.
У снежні 1942 года акупанты спалілі вёску і забілі 52 яе жыхароў. Пасля вайны вёска
была адноўлена. Сёння пра мінулую трагедыю нагадвае помнік.[/caption]

Анатоль Кашэвіч і сёння не можа забыць той радасны дзень... вызвалення:

- Рухаліся па вуліцы конныя абозы, гружаныя нейкімі скрынкамі. Мы глядзелі на гэтае відовішча і не маглі ніяк зразумець, што адбываецца на нашых вачах. Калі паўз мяне праехаў воз з вялікай скрыняй, я міжволі пайшоў следам. Сам не ведаю, чаго ўчапіўся рукой за дошку. Спераду воза сядзеў вусаты пажылы чырвонаармеец. Неўзабаве я зразумеў, чаму не мог адарвацца ад той скрыні — ад яе патыхала такім амаль забытым прыемным пахам, што ў мяне закружылася галава. Ішоў па інерцыі, і мяне, здавалася, не магла адарваць ад гэтага вазка ніякая сіла. Каўтаў сліну і хістаўся, губляючы сілу ў нагах. Бачачы тое, вазніца крыху збочыў і спыніўся. Прыадчыніў вечка скрыні і дастаў адтуль бохан хлеба. Сур'ёзна і са шкадаваннем паглядзеў на мяне і прамовіў: «Бери, пацан, угости семью!»

Я не верыў сваім вачам. У руках маіх — сапраўдны бохан хлеба, ад якога ішоў прыемны водар. Ён меў такую сілу і прыцягненне, што я ад радасці заплакаў. Раз-пораз падносіў бохан да свайго твару, удыхаў паветра і не мог надыхацца яго жыццёвай сілай. Вазніца глядзеў на мяне нейкім жаласлівым поглядам, толькі тады ўсміхнуўся, калі пачуў вясёлы смех чырвонаармейцаў, якія крычалі мне, каб я не знюхаў увесь бохан і бег дамоў, бо лапці мае развязаліся і ногі былі зусім мокрымі.

Стрымгалоў кінуўся я да сваёй зямлянкі, дзе мяне чакалі ўжо мае сястрычкі, маці і дзядуля. Маці, як і я раней, паднесла бохан хлеба да твару і пачала ўдыхаць у сябе чароўны пах, ад задавальнення і асалоды прыжмурыла вочы. Затым яна падзяліла бохан на роўныя часткі, астатняе прыхавала надалей. Мне здалося, што яна дала мне трошкі больш, чым усім, — мо за тое, што я здабыў той хлеб і прынёс у хату.

...На працягу больш як месяца чырвонаармейцы вызвалялі Лельчыцкі раён. На гэтым нялёгкім шляху яны не раз сутыкаліся з моцным супраціўленнем ворага: не хацелі немцы пакідаць гэты цудоўны край, які паспелі ўжо аблюбаваць. Даводзілася нават паўторна вызваляць некаторыя населеныя пункты. Так было з вёскамі Замошша, Асмаленік і Сіманіцкі Млынок. Апошнім населеным пунктам раёна, які сустрэў воінаў-вызваліцеляў, стала вёска Глушкавічы. Яна, напэўна, найбольш нацярпелася ад акупантаў за гады вайны...

Трагедыя Глушкавіч і Тонежа

Гітлераўцамі былі спалены 62 населеныя пункты раёна. З 7314 двароў ацалела толькі 9. Пасля вайны ўсе да адной знішчаныя вёскі былі адноўлены. Сярод спаленых і адноўленых вёсак у Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» значацца толькі дзве вёскі Лельчыцкага краю: Глушкавічы і Тонеж.

А вёскі тады былі вялікія, не такія, якія мы сёння прывыклі бачыць! Да вайны ў тых жа Глушкавічах пражывала каля дзвюх тысяч жыхароў. У шматнаселенай вёсцы знаходзіўся калгас «Перамога», дзе развівалася жывёлагадоўля. Было тут і аддзяленне пагранічнікаў, якія ахоўвалі свае заставы на былой савецка-польскай мяжы.

І гэтае добрае жыццё ўраз абарвалася. На працягу трох дзён у канцы снежня 1942 года карнікі здзекаваліся з мірных жыхароў, пасля, ужо паўмёртвых, спалілі разам з усёй вёскай. З 365 хат цудам уцалела толькі адна. Напэўна, засталася незаўважанай, бо стаяла на краі вёскі. Цяпер вядома, што ў Глушкавічах «працаваў» батальён, сфарміраваны ў берлінскіх турмах з крымінальнікаў з вялікім тэрмінам зняволення...

Па афіцыйных звестках, загінула каля 300 чалавек. Толькі сведкі тых крывавых падзей упэўнены: немцы спалілі значна больш глушкаўчан. Пра гэта дакладна ведае мясцовы жыхар Уладзімір Зубрэй. Папрацаваўшы ў розных архівах і прагледзеўшы шмат літаратуры, ён налічыў больш за 400 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў той крывавай трагедыі. Яна не абмінула і яго сям'ю. У тым пекле магла апынуцца і яго маці...

[caption id="attachment_29670" align="alignright" width="300"]Вольга Зубрэй, вёска Глушкавічы, Лельчыцкі раён Вольга Зубрэй, вёска Глушкавічы, Лельчыцкі раён[/caption]

- Адным з першых ад рук карнікаў загінуў мой родны дзядзька — Дзямід Карпавіч Кавалевіч, — расказвае Вольга Зубрэй. — Такі ж лёс напаткаў і роднага брата майго будучага мужа, які не даваў паліць новую хату, што нядаўна пабудаваў. Дык яго расстралялі і кінулі ў агонь, якім ужо была ахоплена тая хата... Са сваёй сям'ёй загінуў і яшчэ адзін брат мужа. І мая стрыечная сястра з маленькімі дзецьмі ў тым пекле апынулася. Гора-горачка якое...

Самой Вользе Зубрэй было тады крыху больш за годзік. Нарадзілася яна праз тыдзень, пасля пачатку вайны. У тыя жудасныя дні, калі карнікі здзекваліся з аднавяскоўцаў і палілі вёску, яе маці з малой і са старэйшай сястрычкай хавалася ў лесе. Яны там былі не адны. Толькі гітлераўцы іх знайшлі... Калі ўцякалі, трапілі ў балота. Там маці Вольгі Самсонаўны прамачыла ногі, пасля чаго захварэла і хутка памерла. Дзяцей забралі сваякі. Перад вызваленнем памерла і сястрычка. Неўзабаве Волю забраў бацька, які быў у Лельчыцкім партызанскім атрадзе, а пасля ваяваў на фронце.

Сёння Глушкавічы жывуць звычайным жыццём. Быццам і не было той трагедыі. Толькі пра гэта не забудзеш: у цэнтры вёскі стаіць помнік, які нагадвае аб тым, што тут здарылася.

***

Вёска Тонеж была знішчана пазней, у студзені 1943 года. Ворагі спалілі ўсе 375 двароў, забілі каля 300 чалавек. Адгалоскі той трагедыі чутны тут і сёння.

У Настассі Сафонавай тут загінулі маці і малодшая сястрычка. Пайшлі ў вёску, каб узяць цёплую вопратку, ды не вярнуліся. У лесе маці чакалі яшчэ дзве дачкі — дзесяцігадовая Насця і шасцігадовая Галя. Пра тое, што маці з малодшай сястрой больш не вернуцца, дзецям расказала суседка, якой удалося выбрацца з таго агню.

[caption id="attachment_29671" align="aligncenter" width="753"]Настасся Сафонава, вёска Тонеж, Лельчыцкі раён Настасся Сафонава, вёска Тонеж, Лельчыцкі раён[/caption]

- Ужо калі я падрасла, яна мне расказала, як тое было, — скрозь слёзы ўзгадвае Настасся Паўлаўна. — Калі ўсіх заганялі ў хату, малая сястрычка абвіла матчыну шыю рукамі, плакала і крычала: «Мне баліць!» Іх заганялі ў хату, хто вырываўся — падаў ад кулямётнай чаргі. Толькі таму, што на суседку ўпалі дзеці, яна засталася жывой. Параненая ў нагу, жанчына пасля адпаўзла да цэлай хаты, нашай, і чакала, калі ўсё скончыцца. На наступны дзень мы даведаліся, што ў нас больш няма мамы...

Дзяўчаты засталіся адны. Бацьку раней без віны арыштавалі, брат быў на фронце, адкуль не вярнуўся. Так і хадзілі па вёсках удзвюх, прасілі хлеба. Родная цётка бачыць іх не хацела, чужыя і тое больш дапамагалі.

Амаль усё жыццё Настассі Паўлаўны прайшло ў Тонежы. Тут выхавала дзяцей, адсюль выпусціла іх у жыццё. Муж памёр.

Дзеці раз'ехаліся па ўсёй Беларусі, прыязджаюць рэдка. Так і дажывае свой век у адзіноце.

Героі Лельчыцкага краю

Каля трох тысяч ляльчан прайшлі суровымі дарогамі вайны ў складзе Чырвонай Арміі. Больш за 2500 з іх аддалі свае жыцціна незалежнасць Радзімы. Дадому вярнуліся толькі 447 франтавікоў і партызанаў.

Адным з тых шчасліўчыкаў быў і Андрэй Грыцкевіч з вёскі Замошша. У сям'і было чацвёра дзяцей. Ён — старэйшы. Калі пачалася вайна, яго ўжо дома не было: прызвалі ў армію на 10 дзён раней. Толькі тады ён яшчэ не ведаў, што ідзе не проста ў войска, што ідзе на вайну. Гэтага не ведаў яшчэ ніхто...

Баявы шлях маладога ляльчаніна пачаўся на Ленінградскім фронце, у пяхоце. Першае баявое хрышчэнне аўтаматчык атрымаў у баі пад Старой Русай. І тут жа быў цяжка паранены — кулявое раненне ў правую нагу. Затым юнака чакала іншая барацьба — за здароўе.

- Мяне даставілі ў шпіталь, што ў Яраслаўлі, хацелі ампутаваць нагу, — успамінае Андрэй Якаўлевіч. — Я не згадзіўся. Уявіў, які з мяне будзе ваяка. А я ж тады малады быў, амбіцыйны, вельмі ж ваяваць хацеў!

Як толькі рана загаілася, Андрэй Грыцкевіч трапіў на 1-ы Беларускі фронт. Разам з аднапалчанамі вызваляў Тулу, Калугу, Бранск, Арол, Жлобін, Гомель. Калі быў у родных краях, папрасіўся дамоў, хоць на дзянёк, — не пусцілі. Вызваляючы Польшчу, фарсіраваў раку Нарву, дзе атрымаў другое раненне — ужо ў левую нагу. Пра ампутацыю ўжо размова не ішла, але падлячыцца прыйшлося. У рэчыцкім шпіталі і дачакаўся Перамогі.

- Вой, як сёння памятаю гэты ўзнёслы голас Левітана, — узгадвае ветэран. — Як мы плакалі тады! А потым песні спявалі, вайну ўспаміналі...

Толькі радавацца доўга не давялося: аб'явіла вайну Японія. Пачалі збірацца ў дарогу. Пакуль прастаялі ў Маскве двое сутак, даведаліся, што Японія капітулявала. Служба для Андрэя Грыцкевіча закончыласяў Брэсце. Дэмабілізаваўся ў апошнія снежаньскія дні 1946 года.

І адразу на малую радзіму — у Замошша. Ехаў і не ведаў, хто з родных застаўся жывым. Толькі ўвайшоў у вёску — не паверыў вачам: усяго толькі тры хаты! Астатнія былі спалены фашыстамі. Родных сустрэць ужо і не спадзяваўся, але якой жа радасцю было ўбачыць жывымі сваіх бацькоў, братоў і сястру! З пяцярых аднавяскоўцаў, што пайшлі на фронт, вярнуліся трое...

[caption id="attachment_29666" align="alignleft" width="300"]Андрэй Грыцкевіч, вёска Замошша, Лельчыцкі раён Андрэй Грыцкевіч, вёска Замошша, Лельчыцкі раён[/caption]

Пачалося новае жыццё. У міры і спакоі. Толькі цяпер былі іншыя турботы: пабудаваць жыллё, уладкавацца на працу, пракарміць сям'ю. І неўзабаве ўсё наладзілася. За 7 кіламетраў пабудаваў хатку, неўзабаве ажаніўся. Дарэчы, гэтая хата стаіць і сёння — цалюткая! Праўда, жыве ветэран вайны ўжо ў больш новай, якую пабудаваў пазней. Кім толькі пасля вайны не працаваў! І лесніком, і аб'ездчыкам, і звычайным рабочым у калгасе, і сакратаром у сельскім Савеце, і начальнікам ваенна-ўліковага стала...

Андрэй Якаўлевіч — шматдзетны бацька: вырасціў трох дачок і двух сыноў. Мае шасцярых унукаў, семярых праўнукаў. Цяпер жыве з дачкой, якая дапамагае па гаспадарцы. Але ветэран вайны таксама не сядзіць на месцы: і вады прынясе, і дроў, і да аўтакрамы схадзіць можа... На пытанне, як так атрымліваецца ў 92 гады, адказвае проста: «Я ж франтавік. А па-іншаму і быць не павінна! Шэсць гадоў вытрымліваў і маразы, і спёку. Бывала, што па некалькі дзён галадаў. Таму ўсё гэта — дробязі».

Такімі людзьмі проста нельга не ганарыцца. Яны — наш галоўны здабытак, наша найкаштоўнейшая спадчына. А для Андрэя Якаўлевіча самае дарагое — ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Жукава, медаль «За баявыя заслугі», якія нагадваюць яму пра гады, без якіх нельга сёння ўявіць нашу гісторыю, а яму — свайго жыцця. І яшчэ ў ветэрана вайны ёсць адзін напамін — фотаздымак, зроблены ў жніўні 1944-га. Проста ўнікальны выпадак для таго часу! На фотаздымку — старшы сяржант Грыцкевіч разам з баявым таварышам Іванам Савішным. Андрэй Якаўлевіч часта трымае ў руках гэты фотаздымак: успамінае сябра, з якім рассталіся ў 1945-м і больш ніколі не бачыліся, узгадвае вайну, сваю маладосць, якая прыпала якраз на саракавыя-ракавыя...

***

Калі пачалася вайна, Іосіфу Дрынеўскаму з вёскі Новае Палессе (тады яна называлася Каросцін) было 16. У сям'і — пяцёра дзяцей. З трох сыноў ён быў самым старэйшым. І хоць у войска яго яшчэ не бралі, юнак добра разумеў, што на месцы сядзець нельга. Аднак пакуль трэба было дапамагаць па гаспадарцы. А як толькі споўнілася 18, пытацца ні ў кога не стаў: пайшоў у партызанскі атрад імя Варашылава, дзе прабыў з мая 1943-га па чэрвень 1944-га.

Розныя даводзілася выконваць заданні. Асабліва помняцца Іосіфу Лявонцьевічу дыверсіі на чыгунцы. Бывае, падкладуць міну — і стаяць варожыя цягнікі: ні на фронт, ні з фронту.

- І няўжо немцы вас не вылічылі, не пакаралі за такія ўчынкі? — пытаюся я.

- Барані Божа! — кажа ветэран, а потым, задумаўшыся, дадае: — Хаця быў адзін такі выпадак. Вярнуліся мы неяк з атрадам у лагер, як раптам — ба-бах! Аказалася, што лагер замініравалі. Дзякуй Богу, што ніхто не папаўся ў тую пастку, усе засталіся жывымі. Праўда, месца дыслакацыі давялося шукаць іншае.

У 1944 годзе партызаны злучыліся з Чырвонай Арміяй. Як казалі ворагі, рускае войска папоўнілася «сталінскімі бандытамі». Іосіф Дрынеўскі трапіў у 222-гі запасны полк 38-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі. Дайшоў да Варшавы. Там яго параніла. Тры месяцы прабыў у шпіталі. Пасля — зноў на фронт, ужо ў танкавую брыгаду радыстам-кулямётчыкам. Пасля вызвалення Гдыні і Гданьска рушылі на Берлін. Тут юнак з лельчыцкай зямлі і сустрэў Перамогу.

- Распісаўся на рэйхстагу аўтаматам ППШ, — узгадвае тыя шчаслівыя хвіліны Іосіф Лявонцьевіч.

- І якім гэта чынам? — не магла ўтаймаваць я сваю цікаўнасць.

- Звычайна. Апошнімі кулямі выбіў на сцяне паміж другім і трэцім паверхам сваё прозвішча.

[caption id="attachment_29672" align="alignright" width="300"]Іосіф Дрынеўскі, вёска Новае Палессе (Каросцін), Лельчыкі раён Іосіф Дрынеўскі, вёска Новае Палессе (Каросцін), Лельчыкі раён[/caption]

Вайна скончылася, а служба Іосіфа Дрынеўскага працягвалася. Яшчэ 5 гадоў ён выконваў свой доўг перад Радзімай у нямецкім горадзе Баўтцэн. Удзельнічаў у сустрэчы на Эльбе. Дамоў вярнуўся ў 1950 годзе. Таксама не ведаў, хто яго чакае. Чуў некалькі гадоў таму па радыё, што вёску вызвалілі, а больш нічога і не ведаў.

На шчасце, усе засталіся жывымі. Толькі хаты, дзе нарадзіўся і вырас, не стала. Але ж гэта было справай часу. Сям'я паступова расла: у 1950 годзе Іосіф Лявонцьевіч ажаніўся. З жонкай жыве і сёння — 64 гады разам! Выхавалі пяцярых дзяцей, дачакаліся васьмярых унукаў і траіх праўнукаў. Пра вайну гаварыць не любяць.

-  Яна і сёння мне сніцца, — прызнаецца былы партызан і франтавік. — Бачу, як я змагаюся з ворагам, як абараняюся, бачу сваіх таварышаў па службе, якіх ужо даўно няма ў жывых...

Сёння ветэран вайны — часты госць у школьных класах. Як кажа Іосіф Левонцьевіч, сучасных падлеткаў усё больш цікавіць, за што ў яго той ці іншы медаль. І ветэран расказвае, бо сапраўды за кожнай узнагародай — гісторыя, подзвіг: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна»...

Адсюль і загартоўка на ўсё жыццё! Ці як растлумачыць, напрыклад, тое, што былы франтавік маразоў не баіцца? Вось і сёлета з жонкаю зімуюць у сваёй хаце, хоць у горад звалі дзеці. «Пакуль магу прынесці дроў, са свайго гнязда нікуды не паеду! Я тут сам сабе гаспадар», — гаворыць напрыканцы Іосіф Дрынеўскі і запрашае прыязджаць да яго летам, каб паглядзець, як хораша тут, у краі лясоў і балот.

лельчицы4

Вераніка КАНЮТА. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Лельчыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.