Ужо нават менш: 99 дзён застаецца сёння да старту чэмпіянату свету па хакеі. «Звязда» працягвае сачыць за падрыхтоўкай беларускай сталіцы да сустрэчы замежных гасцей...
На «Мінск-Арэну» — на новым транспарце!
Ужо сёння мінскія гасцініцы гатовыя прыняць 10 тысяч турыстаў, яшчэ 5 тысяч размесцяцца ў фан-вёсцы. Да чэмпіянату плануецца адкрыць яшчэ 14 гатэляў. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка запэўніў, што падрадчыкі паспеюць здаць усе гасцініцы у тэрмін. «Магчыма, крыху зрушыўся графік, але ўсе гатэлі будуць працаваць», — пракаментаваў Ігар Васільевіч. Спецыяльна да хакейнага форуму ў Мінску арганізуюць тры зоны гасціннасці. Першая размесціцца ў фан-вёсцы, другая — каля Палаца спорту, трэцяя — у Лядовым палацы на вул. Прытыцкага. Тут можна будзе не толькі паглядзець хакейныя матчы на «шырокім экране», але і адпачыць. Зоны гасціннасці будуць працаваць у фармаце кірмашоў з багатай культурнай праграмай, палаткамі, сувенірнымі радамі і іншымі святочнымі атрыбутамі. Хвалявацца, што не паспееце на апошні аўтобус, не варта. Транспартнікі абяцаюць падладзіцца да жыцця горада ў хакейным маі. Дарэчы, да чэмпіянату істотна адновіцца рухомы састаў: плануюць закупіць 100 новых аўтобусаў, 50 тралейбусаў і 5 цягнікоў метрапалітэна. З'явіцца і шэраг новых маршрутаў, з якімі, між іншым, ужо можна азнаёміцца на сайце «Мінсктранса».
На
мяжы чэргаў не будзе!
Дзеля гэтага для гасцей чэмпіянату арганізуюць асобныя каналы, накшталт «зялёных калідораў», якія значна аблягчаюць перасячэнне мяжы. Па словах начальніка аддзела кіравання памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэта Сяргея Бялько, паскоранае афармленне наведнікаў хакейных гульняў зойме літаральна 1-2 хвіліны. Падобныя каналы будуць працаваць на ўкраінскай, польскай і літоўскай межах. Для ўезду на тэрыторыю краіны замежным гасцям будзе дастаткова прад'явіць пашпарт і электронны квіток на матч. Квіток не спатрэбіцца хіба толькі афіцыйным асобам, напрыклад, прадстаўнікам Міжнароднай федэрацыі хакея і нацыянальных федэрацый. Тым не менш абсалютна ўсе наведнікі хакейных гульняў на працягу пяці дзён пасля прыезду ў Беларусь абавязаны зарэгістравацца па месцы пражывання. У фан-вёсцы, гасцініцах, базах адпачынку дзеля гэтага будуць працаваць спецыяльныя службовыя асобы. На выездзе з краіны памежнікі абавязкова правераць адзнаку аб рэгістрацыі!
На чэмпіянат не хочуць ехаць сем'ямі
Пра гэта паведаміў дырэктар афіцыйнага партнёра сусветнага першынства па хакеі «Цэнтркурорт» Алег Міхайлаў. Па словах Алега Анатольевіча, пакет квіткоў «Сямейны» карыстаецца найменшым попытам. Сёння рэалізавана ўжо амаль што 6 тысяч абанементаў, пераважная большасць якіх — гэта пакет квіткоў «Балельшчык». Больш за 300 гасцей чэмпіянату набылі «VІP-пакеты». Менш за месяц таму «Цэнтркурорт» распрацаваў дадатковы абанемент «Хварэем за нашых», прадугледжаны для жыхароў аддаленых рэгіёнаў Беларусі. Пакет квіткоў уключае наведванне хакейнага матча і размяшчэнне на кароткі тэрмін у фан-вёсцы. Акрамя гэтага, за турыстычную праграму для гасцей чэмпіянату будуць адказваць два цэнтры, якія арганізуюць у фан-вёсцы і гасцініцы «Юбілейная». Тут хакейныя заўзятары змогуць заказаць тур больш чым па 30 экскурсійных маршрутах.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.