Тры дні (з 24 па 26 студзеня) у Вільнюсе праходзіла Міжнародная выстава турызму, адпачынку і спорту ADVENTUR. Беларусь упершыню прыняла ўдзел у такой выставе, але паказала сябе на ёй з вялікім поспехам.
Выставу адкрыў прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус. У цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел і намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга.
Сёлета ў залах выставачнага цэнтра «Літэкспа» (Lіtexpo) свае экспазіцыі прадставілі 149 удзельнікаў. Акрамя найбліжэйшых замежных суседзяў, у Вільнюсе пра свае славутыя мясціны расказалі і прадстаўнікі далёкіх краін — Кітая, Ірана, Тайланда, Інданезіі, Туніса і іншых.
У першы дзень работы выставы беларускі стэнд наведалі прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус, новы пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль і пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус.
Прэм'ер Літвы з вялікім інтарэсам знаёміўся з беларускай экспазіцыяй. Асаблівую ўвагу ён надаў чэмпіянату свету па хакеі. Можна было азнаёміцца з гісторыяй і дасягненнямі беларускага хакея, лядовымі пляцоўкамі краіны, на якіх будуць праходзіць матчы чэмпіянату, умовамі харчавання і размяшчэння замежных гледачоў.
Наведвальнікі вельмі цікавіліся адроджанымі помнікамі гісторыі і архітэктуры Беларусі, спадчынай агульнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.
Адбылася маштабная прэзентацыя Рэспублікі Беларусь, падчас якой была шырока прадстаўлена інфармацыя аб турыстычным патэнцыяле Беларусі, гісторыка-культурнай спадчыне краіны на прыкладзе такіх знакавых аб'ектаў, як музей-запаведнік «Нясвіж», Мірскі замак, комплекс «Лінія Сталіна». Арганізатары сельскага турызму з Валожынскага раёна прапанавалі экскурсійна-анімацыйныя туры па «Валожынскіх гасцінцах».
Падчас выставы дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» дацэнт Вольга Папко і дырэктар Нацыянальнага музея «Палац вялікіх князёў літоўскіх» доктар Відас Далінскас падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.
«Мы плённа супрацоўнічаем з Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж», з Дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем у Гродне. Я рады, што сёння мы падпісалі дагавор і з музеем «Замкавы комплекс «Мір». У нас з суседзямі беларусамі доўгія гады была агульная гісторыя, у нас ёсць, чым дзяліцца», — сказаў карэспандэнту «Звязды» Відас Далінскас.
«З Нацыянальным музеем «Палац вялікіх князёў літоўскіх» падтрымліваем цесныя дзелавыя і сяброўскія сувязі. Абменьваемся вопытам, раімся ў галіне рэстаўрацыі, іншых музейных справах. Вось і цяпер прывезлі ў Вільнюс адзін старадаўні габелен для рэстаўрацыі. Спадзяёмся, што і ён упрыгожыць старыя сцены Мірскага замка», — дадала Вольга Папко.
Выставу наведала больш як 20 тысяч людзей.
Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,
уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве.
Фота аўтара
г. Вільнюс
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.