Палата прадстаўнікоў вызначыла парадак разгляду законапраектаў, якія паступілі ў парламент.
За 2 месяцы да пачатку вясновай сесіі Нацыянальнага сходу на разглядзе пастаянных камісій ніжняй палаты знаходзіцца 47 законапраектаў. У графік іх падрыхтоўкі для разгляду на сесіі ўключана 38 пытанняў, у тым ліку 16 законапраектаў у першым чытанні і 20 — у другім. Да пачатку красавіка гэтыя лічбы могуць змяніцца, папярэджваюць заканадаўцы, бо графік не з'яўляецца канчатковым.
— Гэты год для парламентарыяў будзе вельмі напружаным, — папярэдзіў калег на Савеце Палаты прадстаўнікоў яе Старшыня Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА. — Пра што сведчыць няпросты характар задач, якія стаяць перад эканомікай краіны. У вырашальную фазу ўваходзіць мадэрнізацыя прадпрыемстваў, амбіцыйныя планы па нарошчванні экспартнага патэнцыялу, чакае вялікая праца па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.
Вынікі першага года работы дэпутацкага корпуса пятага склікання дазваляюць разлічваць на тое, што і надалей беларускі парламент будзе працаваць эфектыўна, лічыць спікер ніжняй палаты. Са 180 прынятых на працягу 2013 года законапраектаў 113 ужо сталі законамі.
Летась многія з прапаноў дэпутатаў адносна бюджэтнага пакета законапраектаў (усяго такіх прапаноў было больш за 100) былі ўлічаны ўрадам.
— Як бачым, Савет Міністраў гатовы да канструктыўнага супрацоўніцтва, — заўважыў Уладзімір Андрэйчанка, — і з нашага боку павінны быць падрыхтаваны сур'ёзныя, рэальныя, абгрунтаваныя прапановы да праекта бюджэту на 2015 год, работа над якім распачнецца ўжо ў маі. Пры гэтым у рабоце над бюджэтным пакетам павінны ўзяць удзел не толькі профільная камісія, але і ўвесь дэпутацкі корпус.
Уладзімір Андрэйчанка заклікаў парламентарыяў шырэй прыцягваць да працы над законапраектамі вучоных, практыкаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў грамадскасці. Па яго даручэнні падрыхтаваны праект пагаднення аб супрацоўніцтве Палаты прадстаўнікоў з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, які плануецца падпісаць у бліжэйшы час.
— Яго рэалізацыя закладзе аснову навуковага забеспячэння нашай дзейнасці, уключаючы навуковую экспертызу праектаў, і, як вынік, павысіць якасць законаў, якія прымаюцца намі, — лічыць Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Яшчэ адна заўвага кіраўніка Палаты прадстаўнікоў датычылася актыўнасці дэпутатаў у рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы. «Нашы прапановы на 2015 год павінны быць абгрунтаваныя, аргументаваныя і, па магчымасці, узгодненыя з профільнымі міністэрствамі, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — У гэтым выпадку іх будзе прасцей адстойваць пры зацвярджэнні плана».
Кажучы пра ролю парламента ў міжнароднай дзейнасці дзяржавы, Уладзімір Андрэйчанка адзначыў добрыя вынікі мінулага года і выказаў незадаволенасць пэўным зацішшам у гэтай сферы апошнім часам.
— Зніжаць тэмп ні ў якім разе нельга, — сказаў ён. — У апошнія месяцы значна пашыралася сетка дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў дзяржавах афрыканскага кантынента. Думаю, гэта вельмі сур'ёзная нагода вывучыць магчымасці развіцця парламенцкіх сувязяў з афрыканскімі дзяржавамі, у тым ліку ўсталявання кантактаў з панафрыканскім парламентам, як гэта мы пачынаем рабіць у дачыненні да Лацінаамерыканскага парламента.
У рабоце дэпутатаў у выбарчых акругах на першы план Уладзімір Андрэйчанка паставіў садзейнічанне мясцовым органам улады ў правядзенні шчырых, адкрытых, дэмакратычных выбараў.
— У першую чаргу трэба працаваць з людзьмі, тлумачыць ім важнасць удзелу ў выбарчай кампаніі, дапамагаць ім вырашаць праблемы, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Магчыма, не заўсёды ў дэпутатаў, ды і ў мясцовых органаў улады, ёсць дастатковыя рэсурсы для вырашэння праблем насельніцтва рэгіёнаў — гэта, безумоўна, асобнае пытанне. Але ні ў якім разе нельга дапускаць абыякавага стаўлення да людзей... Акумулюйце, абагульняйце прапановы выбаршчыкаў, абмяркоўвайце іх у камісіях, выносьце на ўзровень міністэрстваў, урада, Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэта тое, што чакае ад нас і кіраўніцтва краіны.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь ГРЫЦКЕВІЧ
сярод першачарговых назваў законапраекты, якія датычацца эканамічных адносін, мадэрнізацыі эканомікі: папраўкі ў Законы «Аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы», «Аб цэнаўтварэнні», шэраг дакументаў, якія тычацца транспартнай галіны.
У сацыяльнай сферы дэпутаты плануюць у красавіку — чэрвені разгледзець карэкціроўкі ў законы па пытаннях пенсійнага забеспячэння, мінімальнага заробку, вызначэння мінімальнага пражытковага мінімуму.
Сёлета дэпутаты ў тым ліку намераны выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб змяненнях і дапаўненнях у закон «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.