Як падлічылі рэдактары праграмы, за гэты час адбылося 3650 ранішніх сустрэч, у гасцях у вядучых пабывалі каля 11 тысяч беларусаў і замежнікаў. Акрамя таго, у здымках «узялі ўдзел»... амаль 7,5 тысячы кубкаў кавы і 480 кілаграмаў апельсінаў.
Першы эфір «Нашай раніцы» адбыўся 3 лютага 2004 года — гэтая дата і стала афіцыйным днём нараджэння тэлепраграмы. А самымі першымі яе вядучымі былі Наталля Немагай і Валерый Кашчэеў. Кампанію ім у розныя часы складалі Таццяна Рудакоўская (цяпер працуе на радыё), Яўген Лашкоўскі (вядзе «Нашы навіны»), Каліна Вардомская (цяпер яна шматдзетная мама ў дэкрэтным водпуску), Сяргей Дарафееў (працягнуў кар'еру тэлежурналіста ва Украіне), Аляксандр Сярэбранікаў (сумяшчае «Нашы навіны» і працу на расійскім канале ТБЦ). Неаднаразова змяняліся фармат і графічная «ўпакоўка» праграмы, з'явілася мноства новых рубрык. Напрыклад, вялікую папулярнасць атрымала «Фотараніца», куды кожны ахвотны можа даслаць замалёўку свайго ранку, а найлепшыя фотамастакі атрымліваюць прызы.
Цяпер у праграме — 4 пары вядучых. Будныя раніцы з гледачамі сустракаюць Валерый Кашчэеў і Люцыя Лушчык, Герман Цітоў і Наталля Радзіна, Вольга Багатырэвіч і Яўген Булка. А па суботах і нядзелях, падчас прыгатавання сняданку на кухні, у якую пераўтвараецца тэлестудыя, кампанію вядучым Дзянісу Кур'яну і Марыне Грыцук складаюць госці рознай ступені вядомасці.
«Звязда» ўзгадала, чым адзначыліся і запомніліся нам вядучыя, якія працавалі або працуюць у «Нашай раніцы»:
«Старажыл эфіру».
Валерый Кашчэеў з'явіўся ў праграме з самых першых выпускаў — спачатку ў пары з Наталляй Немагай (цяпер яна вядзе на АНТ навіны), потым з Люцыяй Лушчык. Дарэчы, Валерый старэйшы за ўсіх сваіх сувядучых.
«Хто на новенькага». Марына Грыцук з'явілася ў ранішнім эфіры АНТ менш чым год таму, працягнуўшы кар'еру тэлевядучай пасля нараджэння трох сыноў, і адразу гарманічна ўвайшла ў суботнія і нядзельныя эфіры. Праўда, сваёй заслугай папулярнасць «выхадных» эфіраў Марына не лічыць, сціпла адзначаючы, што ёй вельмі пашанцавала трапіць ва ўжо зладжаную каманду.
«Міс Пераўтварэнне». За час працы ў «Нашай раніцы» (з 2008 года) тэлевядучая Люся Лушчык усё часцей пачала карыстацца «пашпартным» іменем Люцыя, а імідж легкадумнай бландзінкі спакваля змяніла на больш стрыманы і «дарослы». Істотна перамяніла стыль і Наталля Немагай, якая пасля нараджэння сына вярнулася на АНТ — праўда, ужо ў якасці вядучай «Нашых навін». Цяпер мала хто ўзгадае, што 10 гадоў таму Наталля насіла акуляры і смешныя «хвосцікі».
«Малады-не зялёны». Самы юны ў цяперашнім складзе вядучых — Герман Цітоў (ён жа, да пачатку кар'еры спевака, Дзмітрый Карпінчык). Яму толькі сёлета споўніцца 29 гадоў. Праўда, маладосць у гэтым выпадку не азначае адсутнасць вопыту: у якасці вядучага на АНТ Герман працуе з 2009 года. Наймаладзейшым жа з вядучых «Нашай раніцы» за ўвесь час існавання праграмы застаецца Яўген Лашкоўскі, якому на момант запрашэння ў праграму было ўсяго 23 гады.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!