Азірніцеся вакол: гэта страшная хвароба можа аказацца зусім побач
У мінулы панядзелак мы ўсе разам з такой недалёкай ад нас Масквой здрыгануліся ад жаху, а праз хвіліну (калі быць шчырымі) — ад непаразумення і здзіўлення. Тое, што дагэтуль было толькі кадрамі баевікоў ды дакументальных сюжэтаў з-за акіяна, стала рэальнасцю зусім блізка — у суседняй краіне, за нейкіх семсот кіламетраў ад Мінска. Пятнаццацігадовы выдатнік прыйшоў у свой клас са зброяй, забіў настаўніка, паліцэйскага, трымаў у закладніках аднакласнікаў... Пасля, з цяжкасцю, але ўсё ж паверыўшы ў гэта, мы (зноў жа, прызнайцеся: менавіта так і было) з палёгкай уздыхнулі: дзякуй Богу, не ў нас здарылася — у суседняй краіне, аж семсот кіламетраў да Мінска. А ў нас такога няма і быць не можа.
Пагаварылі, прааналізавалі, паўздыхалі, забыліся. Супакоіліся. Хоць тыя стрэлы з маскоўскага мікрараёна Атраднае — як рэха, як папярэджанне аб тым страшным, ад чаго наша грамадства зусім не застрахавана. Аргументы? Калі ласка. У апошнія дні студзеня, калі масквіч Сяргей Гардзееў толькі збіраўся прыйсці ў школу з бацькавай вінтоўкай, у Гомельскі суд была перададзена справа аб забойстве дваццацітрохгадовай студэнткі. Яе забілі фактычна аднагодкі — хлопец, з якім дзяўчына не захацела падтрымліваць адносіны, і сужэнцы, якія ўзяліся дапамагчы няшчаснаму каханку ў яго «праведнай помсце». Ахвяру завабілі ў кватэру нібыта для аказання паслуг рэпетытара, накінулі на галаву хустку, праламалі малатком галаву, цела загарнулі ў дыван, завезлі ў суседні раён і закапалі ў лесе ў загадзя выкапанай яме... А напачатку студзеня ў рэанімацыі жыткавіцкай бальніцы апынуўся 11-гадовы хлопчык з апёкамі твару і рук — яго падпалілі 13-гадовыя сябры. Праваахоўнікі зараз высвятляюць, была гэта выпадковасць, ці дзеці так «гулялі» і падпалілі малодшага знарок... Мінская міліцыя дагэтуль шукае і не можа знайсці вылюдка, які выколвае вочы і адразае лапы бяздомным кошкам і сабакам. Псіхолагі ўжо склалі яго партрэт, і ўзроставы паказчык у ім — 16—25 гадоў...
І супакойвацца нам няма чаго, наадварот — трэба хвалявацца, біць ва ўсе званы, калі хочаце, бо ўсе гэтыя выпадкі — звёны аднаго ланцуга. Ён вось так нібыта і не надта заўважна абвіваецца вакол нас, а пасля нечакана і вельмі-вельмі балюча б'е — чорны красавік 2011-га, калі 25-гадовы хлопец «дзеля спартыўнага інтарэсу» падарваў «Кастрычніцкую», забіў паўтара дзясятка і пакалечыў больш за сотню людзей, і сёння яшчэ крывавіць у сэрцах і ў памяці.
Што прымушае нашых дзяцей ісці на падобныя ўчынкі? Псіхолагі нядаўна вывелі новы тэрмін, і ён, думаю, хутка стане афіцыйным дыягназам, які будуць ставіць многім, — сіндром недалюбленасці. Меркаванне спецыялістаў тут адназначнае: шукаць прычыны і карані гэтай страшнай хваробы трэба ў дзяцінстве, у сям'і. І не спяшайцеся зноў уздыхаць з палёгкай: маўляў, мяне і маіх блізкіх гэта не датычыць, у нашай сям'і падобнае ніколі не вырасце, таму што... Дазвольце спытаць: чым займаецца ў канкрэтны момант ваша дзіця? Нічога дрэннага не робіць, сядзіць за камп'ютарам? Камп'ютар, інтэрнэт, безумоўна, вялікая сіла. Па ім можна вывучыць замежную мову, пачытаць творы класікаў сусветнай літаратуры, паглядець рэпрадукцыі шэдэўраў. А можна знайсці «інструкцыю», як зрабіць бомбу, забіць чалавека, зрабіць яшчэ якое паскудства, ад якога заўтра скаланецца ўвесь свет. Вы дакладна ведаеце, што ваш сынок яшчэ з вамі, а не ў тым віртуальным свеце штодзённых стралялак, што ваша дачушка — усё тая ж пяшчотная дзяўчынка, а не патэнцыяльная самазабойца з інтэрнэт-суполкі? Ваша дзіця не за камп'ютарам, а глядзіць па тэлевізары фільм, у якім добры герой змагаецца з нягоднікамі? Проста дзеля цікавасці падлічыце: колькі гэты добры герой тых самых нягоднікаў (якія таксама — людзі) на працягу фільма забіў і пакалечыў. У барацьбе за любоў і справядлівасць, з мужнай усмешкай на твары. Але ключавыя словы тут усё ж — забіў і пакалечыў.
А сіндром недалюбленасці — вось ён, побач, жыве ў вашым утульным жытле, каб, злавіўшы момант, аднойчы і назаўсёды пасяліцца ў душы малога чалавека. Бо для іх, маленькіх людзей, як і для дарослых, любоў — гэта не найноўшая тэхніка ў пакоі, па якой можна глядзець мульцікі і гуляць у цікавыя гульні. Яна ім падмяняе простае і сапраўднае, на што нам у тлуме штодзённых клопатаў ну зусім не хапае часу — цёплыя булачкі па выхадных на стале, за якім збіраецца ўся сям'я, прагулкі па парку разам з мамай і татам — не раз на паўгода, а кожны тыдзень, разуменне, спагаду, увагу да яго дзіцячых (але ж для яго жыццёва важных!) праблем і трывог. Камп'ютар усё гэта падменіць, пасля аб усім гэтым прымусіць забыцца, пасля паслужліва падкажа, як адпомсціць асобна ўзятым людзям ці ўсяму свету за тое, што гэтага калісьці пазбавілі.
Мая знаёмая выхавальніца сталічнага дзіцячага садка расказала нядаўна пра, можа, не вельмі карэктны з пункту гледжання псіхалогіі, але вельмі паказальны эксперымент, які яна правяла ў сваёй групе. Яна прапанавала чатырох-пяцігадовым дзецям намаляваць самае дарагое, што ёсць у іх жыцці. Спецыяльна не падкрэсліла адушаўлёнасць гэтага самага дарагога, разлічваючы на дзіцячую шчырасць і непасрэднасць. Сабрала ў выхаванцаў малюнкі — і зніякавела: з дваццаці чалавек толькі двое намалявалі маму і двое — любімую кошку. На астатніх малюнках усімі фарбамі вясёлкі ззялі ноўтбукі, планшэты, смартфоны...
Сяброўка — асоба надзвычай уразлівая — расказвала мне пра гэта са слязьмі на вачах, паўтарыўшы некалькі раз: «Мне стала страшна»... Я яе супакоіла, перавяла ўсё на жарт.
...Не магла ж я прызнацца, што і мне — таксама...
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!