Штогод на ўзбраенне беларускай арміі ў сярэднім прымаецца каля 15—20 найноўшых узораў зброі і ваеннай тэхнікі. Летась Міністэрства абароны закупіла больш за 30 новых камплектаў і ўзораў. На забеспячэнне было прынята 24 адзінкі ваеннай і 17 адзінак спецыяльнай тэхнікі. Сёння праводзіцца дзяржаўнае выпрабаванне яшчэ чатырох новых тыпаў, створаных айчыннымі канструктарамі. Што канкрэтна папоўніць ваенна-тэхнічны арсенал беларускага войска, пакуль застаецца таямніцаю. А пра тое, што не з'яўляецца сакрэтам, падчас брыфінгу паведаміў намеснік міністра абароны па ўзбраенні — начальнік узбраення Узброеных Сіл генерал-маёр Ігар ЛАЦЯНКОЎ
.
— Сёлета пачнецца рэалізацыя кантракта на пастаўку трохкаардынатнай радыёлакацыйнай станцыі «Праціўнік», вучэбна-баявых самалётаў «Як-130», чатырох дывізіёнаў зенітна-ракетных сістэм «С-300», — зазначыў намеснік міністра. — Таксама закупім трэнажоры да верталётаў «Мі-8» і танка «Т-72». Акрамя таго, у межах капітальнага рамонту і мадэрнізацыі парка лятальных апаратаў у Баранавічах будзе ажыццяўляцца мадэрнізацыя самалётаў «МіГ-29» і «Су-25». Прынятыя рашэнні дазволяць падоўжыць і тэрмін службы некаторых радыёлакацыйных станцый.
Дарэчы, вайсковыя рамонтна-аднаўленчыя структуры таксама могуць пахваліцца сучасным дыягнастычным абсталяваннем. Пералік узораў узбраення і ваеннай тэхнікі штораз пашыраецца. Так, сёння засвоены рамонт такіх узораў, як рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган» і «Смерч», самаходнай гаўбіцы «Мста-С», самаходнай гарматы «Гіацынт» і інш. Працягваецца засваенне рамонту і новых відаў узбраення. Сярод іх — зенітны гарматна-ракетны комплекс «Тунгуска», зенітны ракетны комплекс «Аса-АКМ».
Сёння на ўзбраенні нашай арміі — больш за 60 тысяч найменняў зброі і ваеннай тэхнікі. Не сакрэт, што немалую частку з іх складае тэхніка, створаная ў савецкія часы. Ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку яе ў боегатоўным стане.
— Тая планава-папераджальная сістэма па тэхнічным абслугоўванні і рамонце, якая існавала раней, прадугледжвала значныя грашовыя затраты, — паведаміў Ігар Мікалаевіч. — Сёння мы ўкаранілі такі метад, як кантроль тэхнічнага стану з перыядычнай дыягностыкай. Гэта значыць, што па выніках дыягностыкі прымаецца рашэнне па выкананні таго ці іншага віду рамонту. Акрамя таго, штогод ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па правядзенні комплекснага рэгламентаванага тэхнічнага абслугоўвання. У сярэднім гэта каля тысячы адзінак сродкаў рухомасці як на аўтамабільнай, так і на бранятанкавай базе. Тым самым мы вырашаем праблему падтрымання ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў высокай баявой гатоўнасці.
Вераніка КАНЮТА.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.