Польскі калекцыянер-беларус — аб сваім захапленні, недахопах электронных пасланняў і каштоўнасці сямейных альбомаў
Для беларусаў, уладальнікаў гадавога шэнгену, паездкі ў Беласток на выхадныя сталі добрай завядзёнкай. І, пэўна, справа тут не толькі ў магчымасці сэканоміць на шопінгу, але і адчуць сябе... дома! А чаму б і не, зрэшты?! Нейкія паўсотні кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы — і вось ён, горад, дзе нарадзіліся мастак Макс Вебер, вучоны Якаў Перэльман, філосаф Герман Фрыдман, стваральнік мовы эсперанта Людвіг Заменгоф (дарэчы, эсперантыстамі былі і беларускія пісьменнікі Сяргей Новік-Пяюн і Янка Маўр) ды іншыя выдатныя дзеячы культуры і навукі, горад, дзе незнаёмы мінак можа з вялікай верагоднасцю адказаць вам па-беларуску, бо менавіта тут жыве найбольшая колькасць беларусаў Польшчы, дзейнічае Беларускае грамадска-культурнае таварыства, працуе першы ў гэтай краіне Беларускі культурны цэнтр, выдаюцца кнігі і часопісы на беларускай мове, праходзяць Дні беларускай культуры, нашу мову вывучаюць у мясцовых школах і ў Беластоцкім універсітэце. Таму не дзіўна, што госць ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі, віцэ-мэр Беластока, дарадца Прэзідэнта Польшчы па справах праваслаўнай грамады і беларускай меншасці Аляксандр Сосна на просьбу распавесці чытачам «Звязды» «крыху пра сябе», выказаўся наступным чынам:
— Калі мяне пытаюць, хто я такі, я заўжды адказваю: «Па нацыянальнасці я — беларус, сэрцам, як Шапэн, — паляк, душой яўрэй, а па духу — эсперантыст!» Бацькі мае па пашпарце — беларусы, і я, хаця і жыву ў Польшчы ўжо 51 год, не забываюся пра свае вытокі.
— Ці не гэтае адчуванне прывяло вас у Мінск, на кніжную выстаўку?
— У пэўным сэнсе, так. Бо я збіраю паштоўкі і фотаздымкі з выявамі праваслаўных храмаў Польшчы ў яе сучасных межах. Гадоў дзесяць таму лёс калекцыянера звёў мяне з Уладзімірам Ліхадзедавым: спачатку мы спрачаліся з ім за кожны рарытэт, а пасля вырашылі, што больш выгадна будзе супрацоўнічаць. Увогуле, у чалавека, які нешта збірае, звычайна шмат сяброў.
— Мяняецеся паштоўкамі?
— Часам бывае. Гэта ж такая рэч, якую не купіш у любой краме. Трэба вандраваць у сеціве, ездзіць па Еўропе. Таму дзеля цікавай знаходкі я падарожнічаю па Беларусі, Расіі, Украіне, Прыбалтыцы... Бацька мой часам кажа, што я ў гэтым сэнсе «юродзівы».
— А захапленне ваша ці не ад бацькоў?
— Усе людзі нешта збіраюць. Большасць — купюры банкаў Беларусі або Амерыкі (усміхаецца), а іншыя калекцыянуюць маркі, канверты, пластыкавыя карткі, слонікаў на шчасце... Мае бацькі збіраюць усё! Яны стварылі музей «Бацькаўшчына», дзе можна пабачыць абсалютна ўсе прадметы побыту, каля дзвюх тысяч экспанатаў: як даўнія, так і сучасныя. Ад дзяржавы яны атрымалі пад гэта стары школьны будынак у вёсцы Рыбава. У ім шмат залаў, дзе абстаўлены і кухня, і сталовая, і дзіцячы пакой... Многія рэчы ім прынеслі людзі з навакольных вёсак. Напрыклад, кавамолка, якой ужо дваццаць гадоў, таксама там захоўваецца, бо і яна ўжо — гісторыя!
— Але ж вы самі збіраеце паштоўкі толькі да 1945 года. Чаму не сучасныя, яны ж таксама праз нейкі час стануць гісторыяй?
— Я збіраю і іх — у скрыначку! Аднак, па-першае, пасля вайны іх выдавалі значна менш. Тым больш на тэрыторыі Беларусі, Расіі... А па-другое, у сучасных паштовак... няма душы. Паглядзіце на старадаўнюю — колькі там можна пабачыць сэнсаў, як прыемна яе трымаць у руках! Гэта не сучасная — выдадзеная тысячнымі накладамі, халодная, як манета. Вось скажыце, калі вы напісалі апошні ліст ці адаслалі паштоўку?
— Электронная лічыцца?
— А як збіраць электронныя лісты ці SMS?! Сучасныя людзі, нарабіўшы лічбавых фотаздымкаў, нават не праглядаюць іх потым! А я думаю, што трэба абавязкова надрукаваць, падпісаць кожны. Таму падчас сустрэч з самымі рознымі людзьмі пастаянна звяртаюся да іх з заклікам: прыйшоўшы дахаты, не бяжыце ўключаць чарговы серыял, а сядзьце побач з вашай бабуляй ды распытайце яе добра пра асоб у вашым сямейным альбоме. І падпішыце абавязкова, бо праз 10-20-50 гадоў — ужо не ўспомніце, а праз 100 — ніхто не ўспомніць вас!..
— Упэўнена, нехта зробіць і так, але гэтая праца застанецца на карысць толькі адной сям'і. А вось Уладзімір Ліхадзедаў выпусціў з тузін кніжак, дзе пабачыць яго паштоўкі могуць тысячы людзей!
— За гэта яму вялізная ўдзячнасць! Бо ёсць розныя калекцыянеры. Адны збіраюць калекцыю, як скарб, і нікому не паказваюць. Я ж перакананы, што калекцыя павінна жыць, несці пэўную ідэю, а для гэтага яе павінны бачыць! Да прыкладу, у мяне ёсць сайт, куды кожны можа зайсці, я выдаў некалькі кніг, зрабіў адмысловыя выставачныя стэнды. Паштоўкі жывуць, пакуль іх бачаць!
— У чым жа іх вартасць для нашага сучасніка, які, хутчэй, завітае ў інтэрнэт, чым на выстаўку?
— Будучыня будуецца на грунце мінулага. Каб даведацца пра тое, што адбывалася даўней, можна зірнуць на паштоўку. Часам заўважаеш адно, часам — другое. А потым нараджаецца цікавасць: што гэта за храм, чые салдаты стаяць, як гэтая мясціна выглядае сёння... Любая паштоўка дае інфармацыю — варта толькі навучыцца чэрпаць з гэтай крыніцы.
— Але ж лягчэй уключыць камп'ютарную гульню, чым пагартаць кнігу ці завітаць на выстаўку...
— Так. Ды, ведаеце, кропля і камень разбурае. Я таксама пачынаў збіраць паштоўкі з адной, якая мне спадабалася. Магчыма, тыя, хто завітаў на выстаўку, таксама зацікавяцца калекцыянаваннем паштовак, але ім, безумоўна, будзе цяжэй, бо Ліхадзедаў практычна ўсё сабраў (смяецца)! І, наколькі я ведаю, спыняцца не збіраецца...
— А паштоўкі з храмамі? Іх хопіць на ўсіх?
— Насамрэч іх вельмі шмат, бо салдаты Першай сусветнай сярод іншага зрабілі адну добрую справу: каб паслаць вестку сваім бацькам, жонкам ці каханкам, яны часта фатаграфаваліся на фоне царквы (бо для іх яна была сімвалам пераможанага цара) і дасылалі здымак дамоў (пошта, дарэчы, была бясплатная). А там ужо адна друкарня за месяц друкавала дзевяць мільёнаў фотаздымкаў!.. І трэба зазначыць, атрымаўшы такі каштоўны падарунак, іх жанчыны цалавалі фота і клалі яго ў скрыначку або ў кнігу, не выкарыстоўвалі, як у нас, у якасці сурвэткі пад кубак ці месца для мух. Таму заходнюю паштоўку вымаеш — як з банка!
— Старая паштоўка з выявай царквы ўжо сама па сабе ў пэўным сэнсе носьбіт духоўнасці. А якой, на вашу думку, мусіць быць сучасная кніга, каб яна несла штосьці большае за інфармацыю?
— Цяжка адказаць... Я, напрыклад, не чытаю фантастыкі. Мяне больш цікавяць гістарычныя раманы, біяграфіі. Я мяркую, што кніга павінна вучыць! Няхай гэта не будзе адразу дзясяты клас — хай першы: простае і зразумелае выданне, з прыгожымі ілюстрацыямі. Калі ў мяне з'явіўся ўнук, я канчаткова зразумеў, што ўсе мы павінны пакінуць на зямлі нешта пасля сябе. Не трэба ляцець у космас, будаваць сотні хмарачосаў, каб даказаць некаму, што мы на гэта здольныя. Таксама і з кнігамі: навошта ўсе гэтыя занадта дарагія выданні? Кніга мусіць быць такой, каб яе можна было чытаць за сняданкам!
— Значыць, электронная кніга не для вас?
— Не. Кнігу трэба адчуваць: і пальцамі, і душой!
Гутарыла Таццяна Сівец
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.