Для старшыняў сельскіх Саветаў ёсць прыемная навіна! З 4 лютага пашырыліся магчымасці выкарыстання сродкаў, атрыманых ад продажу зямлі на аўкцыёне. Пра гэта і не толькі размаўляем з начальнікам упраўлення мясцовых бюджэтаў галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Таццянай АСТРЭЙКА.
— Таццяна Анатольеўна, ведаю, што старшыні сельскіх Саветаў вельмі чакалі прыняцця Указа №59. Якія патрабаванні ён прад'яўляе да гаспадароў на месцах?
— Яшчэ зусім нядаўна старшыні сельскіх Саветаў былі абмежаваны ў магчымасцях аператыўна выкарыстоўваць сродкі, атрыманыя ад правядзення аўкцыёнаў, а таксама за заключэнне дагавораў арэнды зямельных участкаў і за зямельныя ўчасткі, якія прадстаўляліся ва ўласную маёмасць без правядзення аўкцыёнаў. Па сутнасці, асноўны аб'ём гэтых сродкаў яны маглі або накіраваць у бюджэты вышэйшага ўзроўню (для выкарыстання на мэты, устаноўленыя Указам №667), або назапашваць на рахунках сваіх бюджэтаў. Старшыні сельскіх Саветаў былі не зусім задаволены гэтым. І іх можна зразумець. Калі ты стараешся, праводзіш аўкцыён, а пасля не можаш аператыўна выкарыстаць заробленыя грошы на вырашэнне задач па развіцці сваіх тэрыторый, то, пагадзіцеся, мэтазгоднасць ініцыятывы зніжаецца. Як той казаў, бачыць вока, ды вісіць высока... Таму, каб кіраўнікі сельсаветаў у большай ступені адчулі сябе гаспадарамі на месцах, Указам № 59 былі ўнесены змяненні і дапаўненні ва Указ № 667 «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў». Цяпер сродкі, якія атрымліваюць пярвічныя бюджэты ад аўкцыёнаў, плата за зямельныя ўчасткі могуць накіроўвацца ў тым ліку і на добраўпарадкаванне тэрыторый. Пры гэтым прыярытэтным кірункам усё ж такі з'яўляецца стварэнне аб'ектаў інфраструктуры. Не варта агулам страчваць гэтыя грошы на бягучае добраўпарадкаванне. Трэба імкнуцца ўкладаць дадатковыя сродкі ў стварэнне капітальных аб'ектаў, якія б доўгі час прыносілі карысць мясцоваму насельніцтву.
— Гэта адзіная мера ўмацавання бюджэтаў пярвічнага ўзроўню?
— Не. Якраз цяпер ідзе праца над унясеннем змяненняў у закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, а таксама ў Бюджэтны кодэкс. Плануецца даць права Саветам дэпутатаў пярвічнага ўзроўню выдаткоўваць сродкі на фінансаванне будаўнічай дзейнасці на месцах. Гэтае новаўвядзенне паспрыяе стварэнню доўгатэрміновых каштоўнасцяў за кошт пярвічных бюджэтаў і паслужыць умацаванню самастойнасці кожнага з гэтых бюджэтаў.
Хачу нагадаць, што рэшткі сродкаў бюджэту, якія ўтварыліся на канец справаздачнага фінансавага года, застаюцца ў распараджэнні адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў і іх адабранне з бюджэту не дапускаецца. Выкарыстанне рэшткаў сродкаў бюджэту, якія ўтварыліся на пачатак гэтага фінансавага года, ажыццяўляецца рашэннем мясцовага Савета дэпутатаў. На працягу фінансавага года гэтыя рэшткі могуць выкарыстоўвацца, у тым ліку выканкамамі пярвічнага ўзроўню, для пакрыцця часовых касавых разрываў, якія ўзнікаюць пры выкананні мясцовых бюджэтаў, з іх аднаўленнем да заканчэння фінансавага года.
— Якія новаўвядзенні сёлета закрануць мясцовыя бюджэты ўвогуле?
— У мясцовых бюджэтах з'явіліся новыя даходныя крыніцы. У прыватнасці, уводзіцца адзіны падатак на даход, атрыманы ад ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтамотатранспартных сродкаў і іх кампанентаў. Ён у поўным аб'ёме залічваецца ў бюджэты базавага ўзроўню.
Сярод новых непадатковых крыніц даходаў — дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Пошліна будзе спаганяцца на тэрыторыі Беларусі і размяркоўвацца пароўну паміж рэспубліканскім і мясцовым бюджэтамі. Гэтыя сродкі пойдуць на паляпшэнне якасці дарог і вуліц нашай краіны. Папярэдне, паводле падлікаў Міністэрства фінансаў, мясцовыя бюджэты атрымаюць у выглядзе вышэйназванай дзяржаўнай пошліны дадаткова каля 800 млрд рублёў.
Акрамя таго, з мясцовых бюджэтаў выведзена такая рызыкоўная крыніца даходаў, як падатак на прыбытак рэспубліканскіх арганізацый. Цяпер ён у поўным аб'ёме залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт. Гэта зроблена для таго, каб мясцовыя бюджэты не залежалі ад вынікаў дзейнасці рэспубліканскіх арганізацый. Каб, напрыклад, прадухіліць леташнюю складаную сітуацыю, калі бюджэт Мінскай вобласці недаатрымаў грошай з-за пагаршэння паказчыкаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці асноўнага падаткаплацельшчыка ААТ «Беларуськалій» і быў вымушаны істотна скараціць першапачаткова запланаваныя расходы.
Пры гэтым нарматыў адлічэння ў мясцовыя бюджэты ад такой значнай даходнай крыніцы, як падатак на дабаўленую вартасць, павялічаны з 30% да 31%. Ён размяркоўваецца паміж абласцямі і горадам Мінскам празрыста — прапарцыянальна колькасці жыхароў.
— Якім чынам параіце кіраўнікам на месцах папаўняць свае бюджэты? Якія даходныя крыніцы, на ваш погляд, варта было б развіваць больш актыўна?
— Шлях адзіны: садзейнічаць стварэнню спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў сваім рэгіёне, ствараць эфектыўныя прадпрыемствы і, безумоўна, паляпшаць дзейнасць тых арганізацый, якія ўжо функцыянуюць. Гэта выгадна, бо падатак на прыбытак камунальных і недзяржаўных прадпрыемстваў цалкам застаецца ў мясцовых бюджэтах. Тое ж самае тычыцца і падаходнага падатку з фізічных асоб. Да слова, па выніках мінулага года падаходны падатак — істотная крыніца мясцовых бюджэтаў. Тут нават назіраецца перавыкананне адносна першапачаткова зацверджаных паказчыкаў у сувязі з ростам заработнай платы.
Асабіста я выступаю за стварэнне камунальных унітарных прадпрыемстваў (КУПаў). У якасці ўзору добрага гаспадарання на пярвічным узроўні можна назваць Опыльскі сельсавет, што ў Іванаўскім раёне. Прадпрыемства там працуе эфектыўна. У якасці доказу прывяду лічбы: толькі летась бюджэт сельсавета атрымаў больш за 60 млн рублёў у выглядзе часткі прыбытку ад дзейнасці гэтага ўнітарнага прадпрыемства. Больш за тое, КУП не толькі наводзіць парадак на сваёй тэрыторыі, але і выконвае заказы іншых сельсаветаў...
Толькі падумайце, як можна было б аблегчыць нагрузку на бюджэты пярвічнага ўзроўню, калі б у большасці сельсаветаў быў бы такі прыбытковы КУП! Цудоўныя вынікі работы і, у першую чаргу, гэта можна сказаць у адрас людзей, якія за ўсім гэтым стаяць.
— Наколькі актыўна жыхары сельсаветаў удзельнічаюць сваім рублём у добраўпарадкаванні малой радзімы?
— У цэлым па краіне ў мясцовыя бюджэты ў якасці сродкаў самаабкладання за мінулы год паступіла 3,4 млрд рублёў. Гістарычна склалася так, што найбольш актыўныя ў гэтым сэнсе людзі жывуць на Гомельшчыне. Напрыклад, у Хальчанскім сельсавеце Веткаўскага раёна летась сабралі больш як 80 млн рублёў, у Пабалоўскім сельсавеце Рагачоўскага раёна — больш за 70 млн рублёў. Людзі разумеюць, што бюджэт не гумавы, на ўсё ў адзін момант грошай не хопіць, таму ўносяць пасільны ўклад у навядзенне парадку ў населеных пунктах.
— Таццяна Анатольеўна, раскажыце падрабязней, якія сферы патрабуюць найбольшых грашовых уліванняў?
— Асноўныя напрамкі расходаў у бюджэтах рэгіёнаў — гэта забеспячэнне функцыянавання ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, субсідзіраванне дзейнасці мясцовай ЖКГ. Менавіта гэтыя расходы напрамую звязаны з рэалізацыяй мер сацыяльнай абароненасці нашых грамадзян.
Каб накіраваць расходы мясцовых бюджэтаў у правільнае рэчышча, у Бюджэтны кодэкс і ў закон аб бюджэце былі ўнесены новыя нормы. У першую чаргу мясцовы бюджэт павінен забяспечваць гарантаваны пакет сацыяльных паслуг насельніцтву. Вядома, добраўпарадкаванне і капітальныя расходы — набыццё абсталявання, капітальны рамонт, капітальнае будаўніцтва — гэта вельмі важна. Але ў першую чаргу мы павінны турбавацца пра тое, каб у нашых паліклініках і бальніцах былі ў наяўнасці патрэбныя медыкаменты, каб было забяспечана харчаванне дзяцей у навучальных установах, каб своечасова і ў поўным аб'ёме плацілі зарплату работнікам бюджэтнай сферы, каб субсідзіраваліся камунальная гаспадарка і транспарт, своечасова выконваліся абавязкі па запазычаннях.
Больш за тое, акрамя нарматыву забяспечанасці па расходах у галіне аховы здароўя, з гэтага года ўведзены нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на адукацыю. Іншымі словамі, зафіксаваны мінімальны аб'ём сродкаў, які мясцовым уладам неабходна захаваць на патрэбы гэтай галіны. Такое рашэнне павінна паспрыяць у тым ліку і павышэнню зарплаты работнікаў адукацыі, што вельмі важна.
— Не сакрэт, што дадатковыя рэсурсы могуць з'явіцца не толькі ад атрымання дадатковых даходаў, але і за кошт аптымізацыі расходаў...
— Так, гэта вельмі актуальна ў сённяшніх рэаліях. Таму задача сельсаветаў — больш актыўна ўцягваць у гаспадарчы абарот камунальную маёмасць і зямельныя ўчасткі, якія не выкарыстоўваюцца, ствараць эфектыўныя КУПы... Адным словам, ва ўмовах недастатковасці бюджэтных грошай найбольшую каштоўнасць набывае такая якасць дзяржаўнага служачага, як магчымасць быць дбайным гаспадаром — каб найбольш рацыянальна, эфектыўна распарадзіцца тымі сродкамі, якія ёсць.
Акрамя таго, расходы на забеспячэнне дзейнасці непасрэдна саміх органаў кіравання на месцах могуць быць значна аптымізаваны. Па правільным шляху ідзе Мінскай вобласць. Я маю на ўвазе ўзбуйненні сельсаветаў. Так, калі ў 2012 годзе на Міншчыне быў 281 бюджэт пярвічнага ўзроўню, то ў 2014 годзе іх застанецца 225. Як вынік — эканомяцца бюджэтныя сродкі на ўтрыманне апарату кіравання сельсавета, а сэканомленыя грошы, безумоўна, пойдуць на добраўпарадкаванне тэрыторый. Вельмі добрая практыка, яе трэба мець на ўвазе іншым рэгіёнам і ажыццяўляць удасканаленне дзейнасці дзяржаўных устаноў, улічваючы пры гэтым інтарэсы грамадзян.
Асноўнымі крыніцамі даходаў мясцовых бюджэтаў сёння з'яўляюцца:
падатак на прыбытак, які выплачваецца камунальнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, падаходны падатак, падаткі на ўласнасць і адлічэнні ад падатку на дабаўленую вартасць. Усе мясцовыя бюджэты пастаўлены ў роўныя ўмовы, каб зарабляць уласныя грошы, каб самастойна нарошчваць свой патэнцыял за кошт павышэння эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў, — незалежна ад таго, камунальная арганізацыя гэта альбо прадпрымальніцкая структура.
Надзея ДРЫЛА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.