Нягледзячы на абвешчанае ў ноч на пятніцу рашэнне Вярхоўнай Рады аб адмене антытэрарыстычнай аперацыі, зацішша аказалася нядоўгім. Апоўдні ў пятніцу радыкалы са зброяй пачалі прарывацца да будынка Рады ў Кіеве, ведучы пры гэтым агонь па супрацоўніках унутраных войскаў, перадае NЕWSru.uа. Магчыма, пакласці канец гвалту змогуць датэрміновыя выбары прэзідэнта, на якія згадзіўся Віктар Януковіч.
Прэзідэнт Украіны пасля перамоў з лідарамі апазіцыі і прадстаўнікамі краін Еўрасаюза заявіў, што ініцыюе вяртанне да Канстытуцыі 2004 года з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў у бок парламенцкай рэспублікі і падрыхтоўку да выбараў.
«Заяўляю пра тое, што я ініцыюю датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Я ініцыюю таксама вяртанне да Канстытуцыі 2004 года з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў у бок парламенцкай рэспублікі». Януковіч таксама заклікаў да «пачатку працэдуры фарміравання ўрада нацыянальнага даверу».
«У гэтыя трагічныя дні, калі Украіна панесла такія цяжкія страты, калі загінулі людзі па абодва бакі барыкад, лічу сваім абавязкам перад светлай памяццю загінулых заявіць: нічога няма больш важнага за жыццё чалавека, — сказана ў дакуменце. — І няма такіх крокаў, якія б мы ўсе разам не павінны былі зрабіць, каб аднавіць мір ва Украіне».
Між тым даныя сацыялагічнага апытання кампаніі «Соцыс», апублікаваныя 31 студзеня, паказваюць, што, калі б выбары адбыліся 2 лютага, у тройцы лідараў мог бы аказацца дзеючы кіраўнік дзяржавы Віктар Януковіч.
Тым часам Міністэрства аховы здароўя Украіны прывяло трагічную статыстыку. З 18 па 21 лютага з месца абвастрэння сутыкненняў у цэнтры Кіева да брыгад экстраннай медыцынскай дапамогі і ва ўстановы аховы здароўя горада Кіева па медыцынскую дапамогу звярнуліся 577 пацярпелых, 369 з іх шпіталізаваны. З пачатку сутыкненняў загінулі 77 чалавек...
З гэтай нагоды паказальны зварот да народа в.а. міністра ўнутраных спраў Украіны Віталя Захарчанкі. Тэкст размешчаны на афіцыйным сайце ведамства.
«Абараняючы экстрэмістаў, вы змагаецеся не супраць улады або міліцыі — вы ваюеце супраць сябе і сваёй Радзімы», — заявіў ён. «Калі я бачу сёння людзей, якія стаяць у чэргах па хлеб, у чэргах да банкаматаў і аўтазаправак, бачу вочы жанчын, якія вывозяць з Кіева сваіх дзяцей, а таксама скрываўленых людзей, пацярпелых у выніку супрацьстаяння, у мяне цяжка на душы. Цяжка ад таго, што хтосьці імкнецца падзяліць народ, — гаворыцца ў звароце . — І калі СМІ кажуць, што з аднаго боку загінулі 13 чалавек, а з другога — 67, для мяне гэта гучыць дзіка, бо гэта загінулі 80 нашых грамадзян, украінцаў, якіх уводзяць у зман умелай прапагандай». На думку кіраўніка МУС, людзі ў рэгіёнах блакіруюць дзяржаўныя ўстановы і аддзяленні міліцыі, але пры гэтым не разумеюць да канца сутнасці тых працэсаў, якія сёння адбываюцца ў дзяржаве. «Каго яны абараняюць? Кучку экстрэмістаў, якім не патрэбны спакой у дзяржаве? Або іх лялькаводаў, якія дзейнічаюць па сцэнарыях Сірыі, Егіпта і іншых краін, што фактычна сёння ўцягнуты ў хаос. Няўжо мы хочам, каб працягваліся марадзёрства і пагромы? Няўжо нас нічому не навучыла гісторыя? Бо заўтра гэтыя баевікі са зброяй прыйдуць дадому да людзей: камусьці спадабаецца чыясьці машына, і ён яе забярэ, а камусьці не спадабаецца хтосьці — і ён яго заб'е», — адзначае Віталь Захарчанка.
У якасці прыкладу ён прыводзіць сітуацыю ў Львове, дзе хоць і абвешчана ўлада народнай рады, але райаддзелы ўзяты ў аблогу, перастала працаваць лінія 102. Людзі ў паніцы і не могуць выклікаць міліцыю, працягваюцца пагромы і марадзёрства, але звярнуцца па дапамогу і абарону ад баевікоў няма да каго.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.