Хто самы вясёлы і дасціпны? Хто ўмее лепш за ўсіх рассмяшыць і прыгадаць трапную цікавую гісторыю? Які народ сам па сабе вызначаецца аптымістычным падыходам да жыцця і імкненнем з усмешкай ісці наперад? Усе гэтыя пытанні-спрэчкі па-сяброўску вырашалі паміж сабой беларусы і малдаване на гумарыстычнай сустрэчы «Вожык» і «Кіпэруш»: усміхаемся разам».
Галоўнае пытанне, якое хацелася вырашыць падчас сустрэчы: які ён, гумар беларусаў і малдаван? Праліць святло на гэтае пытанне дапамагла рэдактар аддзела літаратуры часопіса «Вожык» Вераніка МАНДЗІК. Яна расказала, што ў беларускім гумары галоўны герой — гэта, часцей за ўсё, селянін, просты мужык. Прычым пад выглядам прастака насамрэч хаваецца вельмі тонкі розум, весялосць, знаходлівасць. Можа ён, калі трэба, пасмяяцца і з самога сябе. Вераніка прыгадала некалькі жартаў, якія здаўна вядомыя ў Беларусі:
«Ехаў неяк мужык па сваіх справах чыгункай. На вакзале ў зале чакання вырашыў перакусіць, але там было вельмі людна. Ён знайшоў вольнае месца, сеў і пачаў сілкавацца. Раптам аднекуль з'яўляецца заможны пан, бачыць, што навокал яблыку няма дзе ўпасці. Падыходзіць пан да мужыка, становіцца побач і дэманстратыўна звяртаецца да ўсіх прысутных: «Спадарства, можа, вы мне падкажаце, чым адрозніваецца мужык ад свінні?» Але мужык быў не з палахлівых. Ён і адказвае: «Ага, ёсць розніца». «Якая ж?» — не пакідае таго ў спакоі пан. «А такая, — не губляецца селянін, — што мужык есць седзячы, а свіння — стоячы».
«Аднойчы ў мужыка ўкралі каня. Усе абмяркоўваюць гэта, шпацыруючы каля яго дома, раяць, як злавіць злодзея. А ён ім адказвае: «Ведаеце, я зраблю тое ж, што і мой дзед дваццаць гадоў таму, калі ў яго ўкралі каня. Вось тады ён мяне і папомніць». Гэтыя словы дайшлі да злодзея, ён спалохаўся, стала яму неяк млосна. Не вытрымаў той і праз пару дзён ціхенька прывёў каня назад. Пра гэта зноў усе даведаліся, сабраліся на падворку ў таго чалавека, абмяркоўваюць. Сярод іх стаяў і злодзей, якому карцела даведацца, што за пастка яму была прыгатавана. Ён і пытаецца ў гаспадара: «А што такога зрабіў твой дзед дваццаць гадоў таму, калі ў яго ўкралі каня?» Той адказвае: «Што зрабіў, што зрабіў? Пайшоў на кірмаш і купіў новага».
Вясёлымі па праве лічацца не толькі беларусы, але і малдаване. Можна нават сказаць, што гэта іх нацыянальная рыса. Гумар быццам у крыві гэтага народа. Усе жарты малдаване ўспрымаюць добразычліва, не злуюцца і толькі рады пачуць нешта трапнае. Героі малдаўскіх народных гумарыстычных расказаў хітрыя, кемлівыя, дураслівыя. Яны нават адметныя імёны маюць — Пэкалэ і Тындалэ. Калі ёсць з каго пакпіць, яны абавязкова зробяць гэта. Аднак з задавальненнем пасмяюцца і адно з аднаго. Малдаўскія жарты таксама расказала Вераніка Мандзік:
«Аднойчы Тындалэ зайшоў у вясковую хату, калі гаспадар і сямейнікі збіраліся падсілкавацца. Госць пацёр рукі ад задавальнення: «Нішто сабе, і стол ёсць, і на стале. Можам сесці і пад'есці». Гаспадар незадаволена адказаў: «Відаць, есці будзем, ды не ўсе». Тындалэ здзіўлена вылупіўся на яго: «Дык вы што, хіба не прагаладаліся?»
«Аднойчы Пэкалэ адправіўся ў карчму. А ў кішэнях у яго пуста. Насустрач мужыку ідуць два паны і кажуць: «Чуў я, што ёсць такі чалавек, надта хітры, любога перахітрыць. Як бы нам гэтага чалавека знайсці?» Пэкалэ не разгубіўся і кажа: «Вось жа ён, я перад вамі». «Раз ты такі майстар, давай нас перахітры», — кажуць яны. «Ды лёгка, — адказвае той, — праўда, зараз не магу, у мяне цешча памерла, спяшаюся адшукаць грошы на яе пахаванне». Паны пагутарылі паміж сабой і прапанавалі яму пэўную суму. Пэкалэ за грошы — і хутчэй у карчму. Яны яму крычаць: «Пастой. Куды ты? У цябе ж цешча памерла!» А ён ім: «Вы ж прасілі, каб я вас перахітрыў...»
На сустрэчу, дзе гучалі беларускія і малдаўскія жарты, завітала першы сакратар Пасольства Малдовы ў Беларусі Таццяна Чаркез. Яна запрасіла ўсіх ахвотных на малдаўскае свята Марцішор, якое будзе адзначацца 1 сакавіка. Таксама яна павіншавала беларусаў з алімпійскімі перамогамі ў Сочы і заўважыла: «Мы за вас таксама «хварэлі». Прысутнічала на вечары і намеснік дырэктара Цэнтра нацыянальных культур Валянціна Грышкевіч, якая паведаміла, што ўсяго ў Беларусі пражывае каля 140 нацыянальнасцяў. Малдаўская суполка сярод іх — адна з самых актыўных.
Малдаванін Васіль Семянюк, які падчас сустрэчы таксама весяліў гасцей, пераехаў у Беларусь 20 гадоў таму. З таго часу жыве на Дзяржыншчыне, піша па-беларуску вершы і гумарэскі, малюе, друкуецца ў «Вожыку». Разам з жонкай ён спявае ў ансамблі народнай песні «Баравічанка» Баравікоўскага сельскага Дома культуры. Цікава, што ў іх рэпертуары ёсць песні як пра вясёлага малдаваніна, так і пра беларусачку-шчабятушачку.
Ніна Шчарбачэвіч.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.