Вёска Белая Дуброва стаіць на берагах адразу дзвюх рэчак — паўнаводнай і хуткаплыннай Бесядзі і надта сціплай і спакойнай Дзяражні. Магчыма, гэтае геаграфічна-воднае спалучэнне вызначыла і спрадвечны занятак мясцовых сялян — гадоўлю свойскіх гусей. Да сённяшняга дня не пераводзяцца на беладуброўскіх падвор'ях гусі. У адной гаспадарцы можа налічвацца некалькі дзясяткаў гэтых птушак, у іншай толькі парачка гадуецца, як вядомай жартоўнай дзіцячай песні. Гусіны гоман тут ніколі не сціхае: ні ў восень-зіму, ні вясною, ні, тым больш, летам. У мінулую нядзелю ў Белай Дуброве гусі ўзнялі сапраўдны вэрхал. І было чаго: ад самай раніцы іх пачалі лавіць, звязваць крылы, садзіць у мяхі, каб везці на фэст — у вёсцы ладзілася чарговае «Гусінае свята», якое без жывых птушак немагчыма ўявіць. Прывезла сваіх бела-шэрых гадаванцаў і дырэктар Беладуброўскага дома культуры Людміла Чукіла (на фотаздымку), к
аб разам з іншымі вясковымі гаспадынямі паспрачацца, што яе гусі — самыя лепшыя.
Спрадвеку ў Беларусі на кірмашах і гусіных святах, якія адбываліся на праваслаўнага Апанаса (31 студзеня), можна было ўбачыць і пераканацца, у каго гусіная справа сапраўды ладзіцца — і па выглядзе птушак, па вазе і памерах. Таксама па байцоўскіх здольнасцях, спрытнасці птушак, бегу навыперадкі. Але гусіныя кірмашы і апанасавыя святы даўно адышлі ў нябыт, і, каб не работнікі культуры з Белай Дубровы, якія літаральна вярнулі з небыцця старую традыцыю, пра гусіныя «тусоўкі» нам нагадвалі б толькі скупыя звесткі ў народных календарах.
Водгукам, прыгожым рэхам даўніны можна назваць гусінае свята-ігрышча ў Белай Дуброве. Хапала на ім і традыцыйных песень, і гульняў-забаў, розыгрышаў і конкурсаў. Хапала і гусей.
Частка прывезеных сюды птушак спалохана пазірала з вальераў на людскі гармідар, хавалася ад дзяцей, якім карцела дакрануцца да ярка-жоўтых дзюбаў. Іншым птушкам «пашанцавала» быць пераапранутымі ў «кавалераў» і «паненак», мірна пагойдвацца ў кошыках у час дэфіле разам з гаспадынямі, раз-пораз нагадваючы пра сябе гучным гогатам.
Прылюдна, весела і дасціпна спрачаліся між сабою тры лепшыя беладуброўскія гусіныя гаспадыні (Іваніха, Міхальчыха і Сырадыміха), у каго лепшыя гусі. У сваёй спрэчцы яны так і не здолелі пагадзіцца, што нехта лепш за іх умее гаспадарыць, але некаторыя свае сакрэты гадавання гусей ўсё ж агучылі, чым, несумненна, скарыстаюцца іншыя вясковыя гаспадыні.
— Па-першае, мы ганарымся, што «Гусінае свята» ладзіцца толькі ў Белай Дуброве і з'яўляецца своеасаблівым брэндам Касцюковіцкага раёна, — кажа дырэктар СДК Людміла Чукіла. — Асабліва важна, што хоць і паволі, па зярнятках, але нам удаецца вяртаць з небыцця нашы прыгожыя і самабытныя звычаі і абрады.
Здаецца, для поўнага шчасця на гэтым свяце не хапала толькі гандлю птушкамі, гусіным пер'ем і яйкамі. Але, напэўна, у гэтым не было і сацыяльнай запатрабаванасці. Як толькі ўзрасце попыт на гусей і свята стане вядомым далёка за межамі раёна, з'явяцца і гандаль, і пакупнікі, і прадаўцы. А гэтым разам на кірмашы гандлявалі вырабамі самадзейных майстроў раёна, частавалі традыцыйнымі стравамі, варылі юшку і пяклі блінцы, вадзілі кола шчасця, — пад песні ўдзельніц вакальнай групы «Белая Дуброва»:
Уставала ранюсенька,
Умывалась бялюсенька,
Уставала, кужаль слала,
На расу я гусей гнала...
Анатоль Кляшчук, фота аўтара.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.