200 гадоў таму Украіна займела свайго Прарока
Напярэдадні юбілею славутага Кабзара ўкраінскай зямлі Нацыянальная бібліятэка Беларусі папоўнілася шэрагам выданняў, перададзеных паслом Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаілам Ежалем. Шэраг іншых кніг, якія належаць бібліятэцы Пасольства Украіны ў Беларусі, прадстаўляюць спадчыну Тараса Шаўчэнкі жыхарам Беларусі ў асобнай экспазіцыі.
Але выстава — толькі фрагмент з шэрагу мерапрыемстваў, якія будуць ладзіцца ў Беларусі цягам усяго гэтага года дзеля ўшанавання творцы, праз якога цэлы народ у ХІХ стагоддзі агучыў думкі пра тое, што хоча сам вызначаць свой лёс. Таму Нацыянальная бібліятэка Беларусі шэраг мерапрыемстваў у гонар Шаўчэнкі пачала пад назвай «На славу нашоі преславноі Украіні».
Наша Нацыянальная бібліятэка таксама падрыхтавала кніжную выставу, якую склалі каля 200 выданняў: кнігі, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць паэта і мастака, таксама зборнікі твораў Тараса Шаўчэнкі (між іншым, украінскага паэта шмат перакладалі на беларускую мову айчынныя класікі Я. Купала, Я. Колас, А. Куляшоў, П. Броўка, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, В. Зуёнак). Але асобны раздзел выставы прадстаўляе фотаматэрыялы, якія сведчаць пра пашану да Шаўчэнкі з боку беларускага народа. У нашай краіне ёсць помнікі і памятныя дошкі ўкраінскаму Кабзару, яго іменем названы вуліцы. Тарас Шаўчэнка бываў на нашых землях і быў знаёмы з выдатнымі прадстаўнікамі беларускага народа таго часу — напрыклад, Янам Баршчэўскім. І нездарма Янка Купала ў змрочныя 30-я гады мінулага стагоддзя ўзяўся за стварэнне паэмы «Тарасова доля», якая была надрукавана ў 1939 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва». Насамрэч шлях Шаўчэнкі шмат у чым паказальны: чалавек, які сам пазбавіўся ад прыгонніцтва, сведчыў сваім жыццём, што гэта магчыма не толькі для адзінак, але і для народаў. Гэта чытаецца ў яго творах, якія зразумелыя ўсім і з'яўляюцца актуальнымі ў нашы дні. Таму што заўсёды актуальнае захапленне прыгажосцю роднай зямлі, актуальнае разуменне сутнасці любві да яе, як і прыроды ўчынкаў герояў твораў Шаўчэнкі, які ў 1843 годзе пісаў: «Свеце ціхі, краю мілы// Мая Украіна!//За што табе пакаранне,//За што, маці, гінеш?//» (пераклад Я. Коласа).
Як чалавек, багата надзелены талентамі, Тарас Шаўчэнка стаў прыкладам таго, што можа творчая асоба. Таму асоба ўкраінскага паэта і мастака таксама натхняе на творчасць. Напрыклад, удзельнікаў Першага мінскага Шаўчэнкаўскага конкурсу, пра што сведчыць выстава малюнкаў навучэнцаў дзіцячых мастацкіх школ.
Ларыса ЦІМОШЫК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.