Факты безгаспадарчасці, незаконнага атрымання бюджэтных субсідый на кампенсаванне выдаткаў па аказанні насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг, дрэннае забеспячэнне рэалізацыі дзяржпраграмы «Чыстая вада» ўстаноўлены спецыялістамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці пры праверцы дзейнасці КЖУП «Гомельскі райжылкамгас».
Кантралёры лічаць, што за тры гады жыхары Гомельскага раёна заплацілі за неаказаныя паслугі 1,3 мільярда рублёў. Гэтая сума ўтварылася ў тым ліку з-за звышнарматыўных страт цеплавой энергіі, якія і аплачвалі спажыўцы. Сярод прычын таксама неналежнае ўтрыманне цепласетак, запорнай арматуры, ізаляцыі... Пры гэтым прадпрыемства незаконна атрымала з бюджэту 0,4 млрд рублёў на кампенсаванне выдаткаў па аказанні насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг. Гэтыя сродкі камунальнікі вярнулі ў поўным аб'ёме. Яшчэ 2,2 мільярда дадаткова патрачаны з-за сарваных тэрмінаў рэалізацыі праграмы «Чыстая вада». Між іншым, у вёсцы Аздэліна да гэтага часу не працуе каналізацыя: тэрмін яе рэканструкцыі за сем гадоў пераносіўся 5 разоў. Значна перавышаны і нарматыўны тэрмін будаўніцтва ў гэтай жа вёсцы воданапорнай вежы. Безгаспадарчасць у вёсцы Рудня Прыбыткаўская прывяла да звышнарматыўных страт вады. Камунальнікі ліквідавалі яе ўцечку толькі пасля ўказання спецыялістаў дзяржкантролю. За дапушчаныя парушэнні 14 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, а цяпер разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.