У апошнія лютаўскія дні 1944 года надвор'е не было такім сонечным і па-вясенняму цёплым. У прыродзе ўладарыў па-сапраўднаму зімовы месяц: мацнелі маразы, разгулялася завіруха. Толькі, як той казаў, усё гэта было на руку партызанам брыгады «Штурмавая»: пад покрывам ночы з Сёмкаўскай школы-інтэрната яны перавозілі 274 выхаванцы, выратоўваючы іх ад бесчалавечных доследаў акупантаў...
У гонар партызанскага подзвігу ўсталявалі мемарыяльную дошку. Гэта была сапраўды беспрэцэдэнтная аперацыя па вызваленні дзяцей! Яе правядзенне ўскладнялася тым, што непадалёку знаходзіліся нямецкія гарнізоны, трэба было пераадолець стратэгічную для немцаў шашу Маладзечна — Астрашыцкі гарадок. Любы пракол каштаваў бы вялікіх страт, у тым ліку ахвяр сярод дзяцей. На шчасце, аперацыя прайшла без ніводнага выстралу!
— Нас везлі дзесьці на 50 падводах, накрытых белымі прасцінамі, — успамінае былы вязень інтэрната Вера Скобелева. — Мы рабілі ў іх дзіркі і глядзелі, куды нас вязуць. Было вельмі холадна, але мы маўчалі: ведалі, што так трэба. Пасля брат расказваў, што ўпаў з саней. На шчасце, партызаны гэта заўважылі. Нас развозілі па вёсках, размяркоўвалі па сем'ях да канца вайны. Мяне ніхто не хацеў браць: я была брудная, хворая, без валасоў. І раптам да мяне падыходзіць жанчына з немаўляткам на руках і пытае: «А ты хто — хлопчык ці дзяўчынка?» А я з Расіі, беларускай мовы не разумела, але прапішчала, што дзяўчынка. А яна, сама шматдзетная маці, мне і кажа: «Тады хадзем да мяне, замест памерлай Ленкі будзеш немаўлятка мне калыхаць». Так і пражыла ў сям'і Паўловічаў да канца вайны, разам з пяцярымі яе дзецьмі. У мяне і сёння не хапае слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне.
Сувязная партызанскага атрада, удава камісара партызанскай брыгады «Штурмавая» Марыя Фёдарава добра памятае, як рыхтаваліся да аперацыі па вызваленні дзяцей.
— Калі ў партызанскай брыгадзе стала вядома, што на днях у дом-інтэрнат прыедуць немцы, каб сабраць кроў ва ўсіх дзяцей, а пасля адвезці іх у Трасцянец і спаліць, мы не маглі застацца абыякавымі, — расказвае Марыя Міхайлаўна. — Нягледзячы на тое, што партызаны сапраўды вельмі рызыкавалі і дзецьмі, і сваімі людзьмі, бяздзейнічаць проста не маглі. Распрацаваўшы план, атрымалі зброю і белую тканіну, з якой рабілі накідкі на коней і сані. Уздоўж дарогі, па якой ехалі, знаходзіліся партызанскія засады — на выпадак таго, калі б абоз заў-
важылі немцы. На шчасце, вышэйшыя сілы былі з намі.
Дзіцячы дом у Сёмкаве быў створаны ў канцы 1920-х гадоў на базе былой шляхецкай сядзібы Хмараў і Хелкоўскіх. Беспрытульнікі, якіх стала шмат пасля рэвалюцыі 1917 года, знайшлі тут для сябе другі дом. Вядома, што ў Сёмкаве знаходзіліся і дзеці са Ржэва, Вязьмы, Смаленска.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзіцячы дом не паспелі эвакуіраваць. У першыя дні вайны частка дзяцей разбеглася па вёсках. Старэйшых забралі ў войска. Астатнія дзеці разам са сваімі выхавацелямі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Ад недахопу прадуктаў харчавання яны хварэлі, некаторыя нават паміралі.
Супрацоўнікі дзіцячага дома былі цесна звязаны з мясцовай партызанскай брыгадай. Вядома, што часам і дзеці ўдзельнічалі ў некаторых партызанскіх аперацыях. З 1943 года сюды пачынаюць наведвацца немцы. І пад выглядам таго, што яны робяць прышчэпкі ад тыфу, яны бралі ў дзяцей кроў.
Аднойчы гітлераўцы пачалі падазраваць, што выхавацелі дзіцячага дома падтрымліваюць сувязь з партызанамі. Таму ўчынілі правакацыю: пераапрануўшыся ў амуніцыю партызан, яны папрасілі ў выхавацеляў медыкаменты. І атрымалі. За гэта іх усіх арыштавалі. Якім быў іх далейшы лёс, здагадацца не складана. З таго часу дзеці засталіся фактычна адны. Сёння, ужо дарослыя, яны прызнаюцца, што ў гэты час праяўлялі вялікую салідарнасць адзін да аднаго. Старэйшыя адказвалі за малодшых. Хадзілі па вёсках, прасілі ежу. Нават хавалі яўрэйскую дзяўчынку падчас прыходу немцаў. І ніхто з іх яе не выдаў.
Трагедыя гэтых дзяцей настолькі ўразіла старшыню Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца
, што ім і іншым маленькім «донарам» ён прысвяціў кнігу «Аперацыя «Кроў».
— Дзіцячая памяць вельмі моцная, калі размова ідзе аб пэўных катаклізмах, — перакананы пісьменнік. — Калі ў Мінск прыйшлі немцы, нам патрэбна было шукаць новае жыллё. Бацька — на фронце. Маці з шасцю дзецьмі на руках, ды яшчэ цяжарная, знайшла паўразбураны дом на вуліцы Цнянскай, недалёка ад Камароўскага рынка. Там і пасяліліся. Я кожную ноч прачынаўся ад рыпання ліхтарнага слупа — там гойдаліся павешаныя. Толькі іх увесь час мянялі. У памяці і жудасная карціна Камароўкі, якую жыхары называлі «камароўскімі віламі». Тут пры ўсіх каралі тых, хто быў звязаны з партызанамі. Уразіла вось што. Адна жанчына ўкленчыла і пачала прасіць, каб спачатку немцы павесілі яе двухгадовую дачку. Гэта было незразумелым: маці звычайна закрывае сабой дзіця, а тут... Потым дайшло: яна не хацела, каб дачка бачыла, як яе вешаюць. Усё гэта ўскалыхнула маю памяць. У Беларусі было 7 лагераў, куды немцы зганялі дзяцей і бралі кроў. Кніга — даніна памяці ўсім тым, хто загінуў і каму пашчасціла выжыць.
...Неўзабаве на гэтым трагічным месцы ў Сёмкаве з'явіцца помнік. Праект скульптара Леаніда Яшчанкі будзе ўяўляць сабой фігурку дзяўчынкі, якая моліцца. За тых, хто, аддаўшы сваю дзіцячую кроў, не дажыў да Перамогі.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Таццяны БІНДА.
Мінскі раён
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.