У нашай краіне ўзмацняюцца міграцыйныя патокі: частка беларусаў з'язджае з краіны ў пошуку высокіх заробкаў, узамен на нашым рынку працы з'яўляюцца мігранты з краін Азіі, з Украіны, Літвы, Расіі. Але праведзеныя даследаванні паказалі, што працэс замяшчэння пры працоўнай міграцыі ў Беларусі мае якасны «перакос». Выязджаюць кваліфікаваныя спецыялісты, а прыязджаюць у асноўным рабочыя і будаўнікі.
Больш за ўсё да нас прыехала працаваць украінцаў і кітайцаў
Летась у Беларусь прыехалі працаваць 18180 мігрантаў з 81 дзяржавы. Як адзначае дырэктар Навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Святлана Шаўчэнка з моманту набыцця незалежнасці і аж да 2009 года экспарт працы перавышаў імпарт (паводле афіцыйных кантрактаў). Аднак у апошнія 5 гадоў сітуацыя змянілася. З 2005 па 2012 год колькасць працоўных мігрантаў, якія афіцыйна рэгіструюцца, павялічылася ў 28 разоў.
Калі паглядзець на нацыянальнасць тых, хто прыязджае да нас працаваць, то летась да нас прыехалі працаваць амаль 7000 украінцаў, 3020 кітайцаў, 1300 туркаў, больш за 1,5 тыс. расіян, літоўцаў і ўзбекаў — па 1200 чалавек. З іх рабочых прыехала 12000 чалавек, кваліфікаваных спецыялістаў — 2500, кіраўнікоў — каля 800 чалавек.
Вядома, павелічэнне патоку мігрантаў наўпрост звязана з маштабнымі інвестыцыйнымі праектамі: узвядзеннем атамнай станцыі, будаўніцтвам аб'ектаў да чэмпіянату свету па хакеі. Акрамя таго, шмат у чым змяніўся светапогляд былых савецкіх людзей. «Раней мы працавалі там, дзе жывём. Але ўвесь свет сёння жыве там, дзе працуе», — так патлумачыў сучасную сітуацыю намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Русецкі
падчас «круглага» стала «Аб практыцы прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб знешняй працоўнай міграцыі» ва ўмовах функцыянавання АЭП», які адбыўся ў Савеце Рэспублікі.
Большасць беларусаў, якія працуюць за мяжой, ніяк сацыяльна не абаронены
Што тычыцца беларусаў, якія выязджаюць на заробкі, то ў 2013 годзе іх выехала 5,5 тыс. чалавек. Гэта звесткі афіцыйнай статыстыкі, якая не ўлічвае грамадзян, што выехалі самастойна. Як лічыць Святлана Шаўчэнка, рэальнай карціны міграцыйных патокаў мы не ведаем.
Яна адзначае, што з 1 студзеня 2012 года ўступіла ў сілу пагадненне аб абавязковым сацыяльным страхаванні працоўных мігрантаў з краін Саюзнай дзяржавы, калі з імі заключаны дагаворы або кантракты на тэрмін больш за 6 месяцаў. Аднак, як паказвае праведзены аналіз, большасць беларусаў працуе ў Расіі па дагаворах і кантрактах тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў. Такім чынам, па словах Святланы Шаўчэнкі, вялікая колькасць нашых суайчыннікаў ніяк сацыяльна не абаронена, і ў іх няма гарантыі нават мінімальнай сацыяльнай абароны. У выніку многія беларусы не забяспечаны медыцынскім страхаваннем, ім не аплачваюць бальнічныя лісты, кампенсацыю ў выпадку вытворчага траўматызму, а працоўны стаж і атрыманыя за мяжой заробкі не ўлічваюцца пры афармленні пенсіі. Гэта праблема.
Ва ўмовах цякучкі кадраў цяжка павышаць кваліфікацыю
Сёння нам, несумненна, выгадны імпарт працы. Бо ў нашай краіне назіраецца зніжэнне колькасці працоўных рэсурсаў і недахоп кваліфікаваных кадраў. Але міжнародная міграцыя, у тым ліку працоўная, прымушае нашу краіну вырашаць цэлы шэраг пытанняў, звязаных з рассяленнем, сацзабеспячэннем прыезджых работнікаў, а аб'ёмы міграцыі павінны быць суразмернымі з тэмпамі нашага эканамічнага развіцця.
Акрамя таго, з улікам дысбалансу попыту і прапановы рабочай сілы на айчынным рынку працы міграцыйная палітыка дзяржавы павінна зводзіць да мінімуму магчымыя страты ўласных працоўных рэсурсаў. Негатыўныя наступствы для айчынных прадпрыемстваў ад часовага выезду беларусаў за мяжу ўзнікаюць з-за таго, што краіну пакідаюць запатрабаваныя работнікі, прафесіяналы сваёй справы. Да таго ж, калі яны за мяжой займаюцца працай, якая не адпавядае іх кваліфікацыі, але задавальняе па ўзроўні зарплаты (прафесійны канструктар працуе плітачнікам), першапачатковыя навыкі страчваюцца.
— І гэты факт, і цякучка кадраў становяцца бічом нашых арганізацый. Калі прааналізаваць сукупны абарот рабочай сілы па прыёме і выбыцці, у арганізацыях на працягу года змяняецца да паловы штатнай колькасці работнікаў. У гэтых умовах у наймальніка ўзнікаюць вялікія праблемы, і перш за ўсё з павышэннем кваліфікацыі сваіх работнікаў, — канстатуе Святлана Шаўчэнка.
------
Магчыма, прадухіліць сітуацыю, калі кваліфікаваныя вакансіі запаўняюцца таннай замежнай працоўнай сілай, дапамогуць змены і дапаўненні ў Закон «Аб знешняй працоўнай міграцыі» , якія ініцыіруе МУС Беларусі і якія могуць быць прыняты сёлета. У МУС лічаць, што новы законапраект дасць магчымасць стварыць спрыяльны клімат для прыцягнення ў Беларусь прафесіяналаў з ліку іншаземцаў, паставіць перашкоды для таннай замежнай рабочай сілы і, акрамя таго, будзе садзейнічаць скарачэнню адтоку айчынных спецыялістаў за мяжу.
Святлана Бусько.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.