Пра гэта ўчора падчас брыфінгу паведаміў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзмітрый МІРОНЧЫК.
Адказ пра гібель беларуса адсутнічае
На пытанні журналістаў аб тым, у якім рэжыме працуе беларускае пасольства ва Украіне, Дзмітрый Мірончык адказаў, што беларуская дыпмісія функцыянуе ў працоўным рэжыме, ажыццяўляе ўвесь комплекс паслуг, якія аказваюцца, у тым ліку, і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, што знаходзяцца за мяжой.
— Што да інфармацыі пра грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ў выніку вядомых падзей, то, я ўпэўнены, вы валодаеце інфармацыяй пра гібель ва Украіне 22 студзеня грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, — сказаў ён. — У сувязі з гэтым здарэннем украінскаму боку накіраваны афіцыйны зварот з просьбай паведаміць пра акалічнасці гібелі беларускага грамадзяніна, а таксама правесці максімальна аператыўнае і ўсебаковае расследаванне, пра ход і вынікі якога апавясціць беларускі бок. Да цяперашняга часу адказ на гэты зварот адсутнічае.
Пра інцыдэнт з абстрэлам беларускага аўтобуса 21 лютага пад горадам Роўна, у выніку якога пацярпеў грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прэс-сакратар сказаў: «І яму, і беларускім грамадзянам было аказана садзейнічанне ў хуткім вяртанні ў Беларусь, дзе пацярпеламу аказалі поўную неабходную медыцынскую дапамогу. Афіцыйная інфармацыя пра гэты інцыдэнт ад украінскага боку не паступала. Праца нашай консульскай службы ва Украіне вялася ў ініцыятыўным і аператыўным парадку».
У беларускую дыпмісію мелі месца адзінкавыя звароты беларускіх грамадзян з пытаннем пра магчымасць арганізаванай эвакуацыі суайчыннікаў з тэрыторыі Украіны, паведаміў Дзмітрый Мірончык.
— Сёння неабходнасць у такім мерапрыемстве, з нашага пункту гледжання, адсутнічае, — сказаў ён. — Што да асабістай бяспекі, то нашым грамадзянам было прапанавана на нейкі час пакінуць тэрыторыю Украіны самастойна, а пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый з іх удзелам неадкладна паведамляць пра гэта ў нашу дыпмісію ва Украіне.
Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшання
Іншае пытанне брыфінгу датычылася ацэнкі Міністэрствам замежных спраў Беларусі фактычнай змены ўлады ва Украіне і намераў па выстройванні адносін з новым кіраўніцтвам паўднёвай суседкі.
На гэта прадстаўнік міністэрства заўважыў, што «адносіны з фактычна новым кіраўніцтвам нашай паўднёвай суседкі будуць выбудоўвацца па меры фарміравання фактычнага новага кіраўніцтва Украіны». Пакуль што, як сказаў прэс-сакратар, гэты працэс не завершаны. Ён прапанаваў даць яму завяршыцца, і падкрэсліў, «што Рэспубліка Беларусь няўхільна прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы як Украіны, так і іншых краін, і разлічвае на самае хуткае ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне і далейшае звычайнае развіццё добрасуседскіх і дружалюбных адносін, якія гістарычна існуюць паміж нашымі краінамі і народамі».
Да нядаўняй заявы першага намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Міхневіча пра адсутнасць перашкод для таго, каб лячыць за кошт дзяржавы ў нашай краіне людзей, якія пацярпелі ва Украіне, прэс-сакратар дадаў, што ў выпадку звароту да беларускіх улад украінскага боку, такая магчымасць будзе разгледжана. Пры гэтым у разглядзе такога звароту вядучая роля будзе належаць не Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а Міністэрству аховы здароўя як профільнаму ведамству. Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, што Аляксандр Міхневіч, калі казаў пра гэта на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, не вылучаў нейкія асобныя групы пацярпелых.
Факты ў дакладзе МЗС не аспрэчваюцца
Адказваючы на пытанне пра рэакцыю на нядаўна апублікаваны даклад МЗС Беларусі пра найбольш рэзанансныя выпадкі парушэнняў правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2013 годзе, Дзмітрый Мірончык сказаў:
— Пачнём з таго, што пры падрыхтоўцы адпаведнага дакладу Міністэрства замежных спраў не ставіла перад сабой задачы збору нейкіх водгукаў. Калі мы выпускаем падобныя даклады, для нас, хутчэй, важна даць міжнароднай супольнасці паўнавартасную глебу для разважанняў, паказаць, што тым, хто шмат гадоў вучыць Рэспубліку Беларусь выкананню правоў чалавека, мабыць, і самім варта навесці ў сябе парадак.
У любым выпадку, заўважыў прэс-сакратар, паказальна тое, што прыведзеныя ў гэтым дакуменце факты не аспрэчваюцца. Міністэрства замежных спраў Беларусі ніхто не спрабуе абвінаваціць у неаб'ектыўнасці. «Але, з іншага боку, мы не спрабуем даваць адзнаку сітуацыі ў краінах, складаць нейкія рэйтынгі. Мы проста прыводзім факты, каментарыі праваабарончых арганізацый, міжнародных арганізацый, афіцыйных асоб, аўтарытэтных міжнародных СМІ,» — патлумачыў Дзмітрый Мірончык.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.