На пчалярскую аграсядзібу ў вёсцы Гайна Лагойскага раёна гэтымі днямі едуць не столькі мёду пакаштаваць ды пчол «нагледзець», колькі Масленіцу справіць. Па тры-чатыры аўтобусы сталічных турыстаў гасцінна сустракае штодня сядзіба і, акрамя экскурсіі па зімовым пчальніку, ладзіць для вялікіх і маленькіх мінчан святочную праграму, напрыканцы якой абавязкова спальваецца чучала зімы. Таму гаспадар сядзібы Сяргей Селях з дачкой Ульянай (на фотаздымку) загадзя падрыхтавалі да абраду святочнага вогненнага шоу больш за тры дзясяткі саламяных чучалаў, каб хапіла іх да самага апошняга масленічнага дня.
Паколькі аграсядзіба «Гаенскія вытокі» спецыялізуецца на традыцыйным пчалярстве, а Сяргей Селях — адзін з самых вядомых на Лагойшчыне пчаляроў-спецыялістаў, турыстаў абавязкова знаёмяць з сакрэтамі мядовай вытворчасці, прычым у любую пару года, у самыя моцныя маразы. І чым халадней, тым больш незвычайнай і нават экзатычнай здаецца гэтая экскурсія. Ладзяць экскурсію і па невялікім, але вельмі багатым на экспанаты этнаграфічным музейчыку, «знаёмяць» з двума ручнымі ваўкамі. Напрыканцы ў гасцявой альтанцы абавязкова частуюць рознымі гатункамі мёду, гарбатай з лекавых зёлак, якімі багатыя пагоркі Лагойшчыны, блінцамі-наліснікамі, гарачай бульбачкай у мундзірах.
— Каб наведванне нашай сядзібы запомнілася, у канцы гульбішча спальваем чучала зімы, — кажа гаспадар Сяргей Селях. — Магчыма, для маленькіх мінчан гэты ўдзел у масленічным гулянні наогул першы ў жыцці. Трэба спадзявацца і рупіцца пра тое, каб і з іх выраслі сапраўдныя захавальнікі нашых цудоўных традыцый.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Лагойскі раён
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.