Ужо шосты раз узнагароды, якія з 2008 года ўручае музычны партал Experty.by лепшым альбомам беларускіх выканаўцаў, знайшлі сваіх уладальнікаў. Праўда, сёлета гэтая прэмія перажыла карэкцыю фармату — у яе абнавіўся склад рэцэнзентаў і, акрамя традыцыйных ужо намінацый, з'явілася Гран-пры. Да яго, акрамя сімвалічнага прызу, пераможца атрымаў адчувальны бонус — рэкламна-інфармацыйную падтрымку ўласнага канцэрта, які мусіць зладзіць цягам трох месяцаў пасля абвяшчэння вынікаў прэміі.
...Калі б падобнай прэміі не існавала, яе варта было б прыдумаць. Хоць бы дзеля таго, каб ведаць, чым жывуць і дыхаюць сёння айчынныя музыкі, ці вынікова працуюць. Потым — для таго, каб увасобіць ружовую мару ўсіх творчых людзей пра аб'ектыўнасць ацэнкі іх працы. У каманды Experty.by, якая аб'яднала намаганні чатырох журы — 6 штатных музычных экспертаў, Вялікага журы (16 вядомых айчынных крытыкаў і журналістаў), замежнага журы (5 адмыслоўцаў з памежных краін) і народных экспертаў (карыстальнікаў сайта) — гэта атрымалася. Як атрымалася і не прамаргаць творчасць усіх тых артыстаў, хто ніколі ў жыцці не падасць заяўку на ўдзел у «фарматных», «папсовых» конкурсах, а значыць, можа застацца проста не заўважаным шырокай публікай.
Напрыклад, як вы думаеце, колькі айчынных артыстаў і калектываў летась запісалі паўнавартасныя альбомы? Амаль упэўнена, што не ўгадаеце. Агулам дзеячы поп-, рок-, фолк-, джаз- і альтэрнатыўнай музыкі выдалі 47 альбомаў. Многа гэта ці мала? У параўнанні з 2012 годам, калі ўбачылі свет і знайшлі сваіх слухачоў 67 работ, няшмат. Але з улікам сучасных умоў, у якіх музыканту можна не ламаць сабе галаву з канцэпцыяй і запісам паўнавартаснага альбома, а прыдбаць папулярнасць праз усяго пару песень ды інтэрнэт-каналы — вельмі нават нядрэнна. Прынамсі, дастаткова для таго, каб з упэўненасцю сцвярджаць, што айчынная музыка і выканаўцы развіваюцца, прычым у самых розных жанрах. Нездарма замежныя эксперты — музычныя журналісты і крытыкі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, якія традыцыйна выстаўляюць свае адзнакі беларускім артыстам, — зазначаюць з ноткай белай зайздрасці: «У нас такой разнастайнасці няма».
А ў Беларусі ёсць. Чым не нагода, няхай сабе не для гонару, а для таго, каб перастаць паблажліва крывіць вусны на «сваіх» і паслухаць уважліва хоць бы палову гэтых артыстаў ды адкрыць для сябе шэраг новых імёнаў? Пачаць знаёмства можна хаця б з сёлетніх пераможцаў.
Узнагароды ў намінацыях «Дэбют года», «Лепшы інструментальны альбом» і «Альбом года»
па версіі штатных крытыкаў атрымала работа Паўла Кузюковіча, ён жа Pafnutіy's Dreams. У яго альбоме «The Sandman» ёсць колькі слоў, але няма песень. Але затое музыка, светлая і чыстая, падобная часам да саўндтрэкаў добрага кіно, безумоўна, вартая ўвагі. Літаўры, альпійскі рог, перкусія, клавішы, валторна — у такім спалучэнні вы іх яшчэ не чулі.
Узнагароду «Лепшы поп-альбом» некалькі гадоў не ўручалі — паводле слоў кіраўніка праекта Experty.by Зміцера Бескаравайнага, проста не было з чаго выбіраць. А сёлета ўзялі ды аднагалосна прызналі найлепшым прадстаўніком жанру Макса Каржа. І хоць сам поп-рэп-выканаўца на цырымонію (як, зрэшты, на ўсе беларускія прэміі, намінантам якіх ён быў) не прыехаў, дыплом праз менеджараў перадалі адрасату. Лепшы рок-альбом, па выніках ацэнак усіх журы, запісаў Сяргей Пукст. Што адметна, гэтая яго праца носіць назву «Апошні альбом», а пару гадоў таму выканаўца даваў «Апошні канцэрт». «Калі ў чалавека вялікае творчае жыццё, у яго час ад часу здараюцца апошнія канцэрты», — аджартаваўся артыст у адказ на кпіны.
Лепшым фолк-альбомам суддзі прызналі новую работу «Крыві», заўважыўшы мімаходзь, што гэты гурт — «гэта і гісторыя, і культура, і трэнд, і брэнд, як хочаце». Па ўзнагароду з Берліна прыехала сама салістка Вераніка Круглова (на здымку) — між іншым, ці не адзіная з лаўрэатаў, хто быў адзначаны як згаданай, так і афіцыйнай «міністэрскай» — Нацыянальнай музычнай прэміяй.
Прыз за лепшы беларускамоўны альбом атрымаў гурт «Босае сонца» — мяркуючы па тым, што калектыў пераадолеў «крызіс 5 гадоў існавання», ад яго і надалей варта чакаць цікавай і якаснай музыкі.
«Альбомам года» айчыннае Вялікае журы палічыла пласцінку «Pukstband», замежнае журы аддало перавагу гомельскаму электроннаму праекту (((О))), а народнае галасаванне вывела ў лідары гурт «The UNB». Па суме галасоў, з улікам першых і другіх месцаў у рэйтынгу кожнага з суддзяў, Гран-пры атрымаў усё ж Сяргей Пукст і яго калектыў «Pukstband». Так што не сумнявайцеся — ёсць у Беларусі не толькі папулярныя эстрадныя «зоркі», але і адметныя маладыя кампазітары, музыканты, выканаўцы... Варта толькі прыслухацца, каб іх пачуць.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
P.S. Прадчуваючы «арыгінальныя» каментары ў стылі «Хто ўсе гэтыя людзі?», раю спачатку ўсё ж паслухаць, а потым рабіць высновы. Абсалютна ўсе альбомы лаўрэатаў дасяжныя для праслухоўвання на сайце www.experty.by
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.