Такое рашэнне прынята 28 лютага ў час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку па пытанні яестварэння, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве «другога кальца» вакол Мінска, дамовіліся максімальна выкарыстоўваць для яго стварэння існуючыя аўтамабільныя дарогі, напрыклад, трасу на Маскву, вызначыліся, як менавіта пройдзе гэта дарога. «Мы дагаварыліся, што яна вельмі патрэбна, таму што Мінск ужо сёння перанасычаны транспартам. Я не хачу сказаць, што гэты транспарт будзе ў геаметрычнай прагрэсіі ўзрастаць, як гэта было некалі, не. Мне здаецца, ужо ўсе, хто хацеў у свой час, калі мы рыхтаваліся ўводзіць пошліну на аўтамабілі, закупілі і ўдосталь гэтыя аўтамабілі завезлі, хто больш багаты — новыя. Таму такога моцнага павелічэння колькасці аўтатранспарту не будзе», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што тэндэнцыя да росту колькасці аўтатранспарту назіраецца ва ўсім свеце і Беларусь не з'яўляецца выключэннем. «Больш за тое, пастаянна расце транзіт праз Беларусь. І ён ідзе ў напрамку Захад — Усход, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Усё сведчыць аб тым, што якраз гэты паток будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі, і ён будзе ісці праз Мінск».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што існуючая кальцавая аўтадарога вакол беларускай сталіцы сёння перагружана ўжо, у тым ліку ў сувязі з ростам транзітнага патоку.
Да таго ж, на думку Прэзідэнта, стварэнне «другога кальца» станоўча паўплывае на экалагічную сітуацыю ў горадзе. «Мы неадкладна павінны пачаць работы па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Мінска, каб Мінск не задыхнуўся ў гэтым брудзе, каб 2 млн чалавек, чвэрць насельніцтва нашай краіны, не адчувалі гэтай праблемы. Трэба мець на ўвазе, што ад гэтага і ўсе хваробы. І нам давядзецца плаціць шалёныя грошы для таго, каб лячыць людзей. Гэта таксама не трэба забываць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае тое, што мы атруцім мінчан, калі ў бліжэйшыя гады не пабудуем гэту дарогу».
Як далажыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, у агульнай колькасці працягласць дарогі складае 85 км, з якіх на першым этапе плануецца пабудаваць 44 км — участак ад Астрашыцкага Гарадка да Аксакаўшчыны. Паводле слоў прэм'ер-міністра, за выключэннем фінансавага боку пытання, падстаў, каб не будаваць аўтадарогу, няма.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што з улікам ужо існуючых участкаў дарогі будаўніцтва будзе не такім фінансава затратным. «А калі ўзяць усе пытанні пад кантроль і эканоміць грошы, то мы яе можам пабудаваць, — лічыць Прэзідэнт. — Цяжка будзе заўсёды, грошай заўсёды не хапае, і пры гэтым я прашу ўлічыць: вы помніце, як абуралася нейкая частка насельніцтва ў сувязі з тым, што мы збіраем транспартны збор. Майце на ўвазе — усе гэтыя грошы павінны пайсці на дарогі. Ні на якія іншыя патрэбы — толькі на дарогі! У адваротным выпадку крытыка народа будзе абгрунтаванай. За гэта ўрад адкажа. Усе грошы, сабраныя ад гэтага транспартнага падатку, павінны быць укладзены ў дарогі».
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што, выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, сродкі канцэнтраваліся на тое, каб зрабіць максімальна добрую і камфортную сувязь з абласнымі цэнтрамі і іншымі буйнымі гарадамі. За тры гады было пабудавана 344 км дарог рэспубліканскага значэння выдатнай якасці, пры гэтым за ўсю папярэднюю пяцігодку — 328 км. У бягучым годзе плануецца ўвесці яшчэ 104 км дарог.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна прывесці ў належны стан і трасы ад Мінска ў напрамку Гродна і Віцебска, па прыкладу таго, як гэта было зроблена ў напрамку іншых абласных цэнтраў, а таксама беларускі ўчастак дарогі Адэса — Санкт-Пецярбург.
Што датычыцца другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска, то Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што яна праектуецца па першай катэгорыі, што прадугледжвае інтэнсіўнасць руху ад 10 тыс. аўтамабіляў у дзень. Напрыклад, існуючая кальцавая аўтадарога сёння прапускае каля 90 тыс. аўтамабіляў, гэта значыць нагрузка на яе ў 9 разоў перавышае мінімальную адзнаку для першай катэгорыі дарог.
Паводле слоў міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака, работы па стварэнні «другога кальца» пачаты, аднак да гэтага часу вяліся недастатковымі тэмпамі.
У ходзе даклада была вызначана стратэгія будаўніцтва аўтадарогі на гэты і наступныя гады, а таксама ўчасткі, дзе работы будуць весціся інтэнсіўна. Акрамя таго, ішла размова аб крыніцах фінансавання, прыцягнення ў тым ліку прыватных сродкаў з дарожнага збору. З 1 сакавіка будзе прадоўжана будаўніцтва дарогі на тых участках, дзе ўжо былі пачаты падрыхтоўчыя работы, і ў 2014 годзе плануецца ўвесці першыя 20 км другой кальцавой аўтадарогі.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.