Сёлета ў Падатковы кодэкс Беларусі ўнесены змены, якія закранулі ў тым ліку парадак вылічэння і выплаты падатку на нерухомасць, зямельнага і экалагічнага падаткаў. Аб гэтых новаўвядзеннях падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла кансультант упраўлення прамога падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання арганізацый Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Таццяна Кавальчук.
На «падатковы» аловак узялі «недабуды» і біяпрыбіральні
З гэтага года падаткам на нерухомую маёмасць абкладаюцца, у тым ліку, і будынкі, збудаванні, якія не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі (напрыклад, зборна-разборныя будынкі, біяпрыбіральні і г.д.), а таксама будынкі, збудаванні і перадатачныя прылады, якія адлюстраваны як у складзе асноўных сродкаў, так і на іншых рахунках бухгалтарскага ўліку.
Падатковы кодэкс стаў цяпер больш уважліва «прыглядацца» да праблемнага будаўніцтва. Так, унесены змены, згодна з якімі аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва прызнаюцца, у тым ліку, будынкі, збудаванні і перадатачныя прылады, якія ўзводзяцца па праекце на рэканструкцыю, у выпадку перавышэння па іх устаноўленых праектнай дакументацыяй тэрмінаў.
У мэтах вылічэння падатку на нерухомасць аб'ектам звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва прызнаецца кожны новы будынак, узвядзенне якога можа складаць толькі частку аб'екта будаўніцтва. Па заканчэнні будаўніцтва ў бухгалтарскім уліку такія будынкі і збудаванні ўтвараюць новыя інвентарныя аб'екты. А вось будынкі і збудаванні, якія не ствараюцца, а толькі змяняюцца ў працэсе правядзення рэканструкцыі або мадэрнізацыі, гэта значыць, фактычна знаходзяцца на рэканструкцыі або мадэрнізацыі, не разглядаюцца ў якасці аб'ектаў абкладання падаткам на нерухомасць як капітальныя будынкі і збудаванні звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва.
Калі пры ажыццяўленні комплексу работ, якія, згодна з праектам, класіфікаваны як «рэканструкцыя», апроч змены ўжо існуючых будынкаў і збудаванняў, ствараюцца (узводзяцца) новыя будынкі і збудаванні, то пры перавышэнні нарматыўных тэрмінаў, вызначаных у праектнай дакументацыі, яны прызнаюцца аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, і па іх неабходна вылічваць і выплачваць падатак на нерухомасць па стаўцы 2%.
Дапоўнены пералік ільгот па падатку на нерухомасць: сёлета з 1 студзеня не абкладаюцца ім капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), іх часткі, машына-месцы, якія належаць на праве ўласнасці грамадскаму аб'яднанню «Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь».
Зямлю трэба паважаць
Заканадаўства па зямельным падатку сёлета істотна не змянілася, але... Варта адзначыць, што стаўкі зямельнага падатку, устаноўленыя ў беларускіх рублях, у 2014 годзе павялічаны ў сярэднім на 12,7%. У прыватнасці, цяпер падраслі стаўкі зямельнага падатку ў дачыненні да ўчасткаў, якія выкарыстоўваюцца для арганізацыі аўтамабільных рынкаў, з 0,55% да 3% ад кадастравага кошту.
З пачатку года былі праіндэксаваны стаўкі зямельнага падатку на землі сельскагаспадарчага прызначэння. Эксперты праіндэксавалі стаўку па такіх «вясковых» землях, якія сёння занятыя капітальнымі будынкамі і іншымі аб'ектамі. З 1 студзеня яна складае 5 690 рублёў за 1 гектар.
Шмат пытанняў узнікала па ўчастках, якія выкарыстоўваліся не ў адпаведнасці з мэтай іх прадастаўлення. Падобных парушальнікаў землеўпарадкавальныя службы мясцовых выканаўчых камітэтаў цяпер пачнуць караць рублём шматкратных падаткаў. Сёлета на зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца не па мэтавым прызначэнні, прымяняюцца стаўкі зямельнага падатку па фактычным функцыянальным выкарыстанні, павялічаныя на каэфіцыент 10.
Пенсіянеры па ўзросце, інваліды І і ІІ групы і іншыя непрацаздольныя фізічныя асобы маюць права на льготы па зямельным падатку ў дачыненні да зямельных участкаў, якія размешчаны не па месцы іх жыхарства і прадастаўлены такім асобам для гаражнага будаўніцтва. Па гэтым пытанні ўдакладняецца адзін слушны момант. Так, зямельным падаткам абкладаецца ўся плошча зямельнага ўчастка, якая прадстаўлена арганізацыі для будаўніцтва і эксплуатацыі гаражоў. Пры гэтым арганізацыя вызваляецца ад выплаты зямельнага падатку ў частцы плошчы зямель, якая прыходзіцца на фізічных асоб-ільготнікаў. Атрымліваецца, што ад зямельнага падатку будзе вызваляцца не толькі плошча зямельнага ўчастка пад гаражамі, якія належаць такім фізічным асобам, але і плошча, якая прыходзіцца на месцы агульнага карыстання.
Экападатак стаў больш зразумелым
Падатковыя службы сур'ёзна спрасцілі алгарытм вылічэння экалагічнага падатку. Асаблівая ўвага нададзена ўдасканаленню аднаго з плацяжоў, якія ўваходзяць у склад экалагічнага падатку, — экалагічнаму падатку за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Цяпер падатковая база экалагічнага падатку вызначаецца праз фактычныя аб'ёмы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц, калі апошнія ўказаны ў дазволах на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра або комплексных прыродаахоўных дазволах.
Такім чынам, цяпер пад аб'ект абкладання экалагічным падаткам практычна падпадаюць толькі тыя выкіды, што ўтвараюцца стацыянарнымі крыніцамі, у дачыненні да якіх атрыманы дазволы на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра або якія пазначаны ў комплексных прыродаахоўных дазволах.
Выкіды забруджвальных рэчываў, якія ажыццяўляюцца нестацыянарнымі крыніцамі або стацыянарнымі крыніцамі, па якіх не патрабуецца атрымання адпаведнага дазволу, экалагічным падаткам не абкладаюцца. У новай рэдакцыі спецыялісты выключылі паніжальны каэфіцыент 0,5 да ставак экалагічнага падатку, які ўжываўся пры разліку падатку на выкіды, якія ўтвараліся пры згаранні біягазу і біяпаліва.
Падрыхтаваў Сяргей КУРКАЧ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.