Святкуючы Масленіцу, прыгадваючы старадаўнія гульні і забавы, не варта забываць і пра хрысціянскія традыцыі — з панядзелка пачынаецца Вялікі пост.
Протаіерэй Яўген СВІДЗЕРСКІ расказаў карэспандэнту «Звязды» пра тое, які сэнс надае Масленіцы праваслаўная царква і як раіць правесці бліжэйшыя дні. Ён адзначыў, што Масленіцай у царкоўным календары называецца апошні тыдзень перад Вялікім постам. У прастамоўі яго называюць яшчэ масленым, а ў царкоўным ужытку — сырным. Такія назвы паходзяць ад тых харчовых абмежаванняў, якія існуюць у гэты час і папярэднічаюць Вялікаму посту. Перад масленым тыднем заканчваецца мясаед, таму царква не адразу, а паступова адвучае вернікаў ад скаромнага.
Тое, што звязана з нейкімі традыцыямі і рытуа-
ламі ў перыяд Масленіцы, мае паганскія карані, заўважае протаіерэй, таму царква іх ніякім чынам не апраўдвае. Па-першае, народныя гулянні, забаўляльныя конкурсы, што лічацца «традыцыйнымі», насамрэч такімі не з'яўляюцца. Калі казаць аб провадах зімы ў народнай традыцыі, то яны праходзілі ў дзень вясенняга раўнадзенства і мелі іншую назву — Камаедзіца. Многія лічаць, што Масленіца была адзіным язычніцкім святам нашых продкаў, якое прыняла царква. Аднак святар тлумачыць, што правільней казаць пра тое, што некаторыя народныя звычаі (у тым ліку провады зімы) былі хрысціянізаваны. Гэта значыць, пэўныя традыцыі павінны былі набыць хрысціянскі сэнс і пазбавіцца былой забабоннасці.
Сама назва Масленіцы звязана з тымі прадуктамі, якія царква бласлаўляе есці ў гэты час: сыр, масла, малако, яйкі. Ёсць традыцыя прыходзіць «на бліны» да сяброў перад постам, бо пасля зносіны будуць абмежаваныя. Многія вернікі займаюцца ў гэты час падрыхтоўкай. Бо гаспадыням будзе не так проста забяспечыць сваіх дамачадцаў поснымі стравамі на стале, каб гэта было смачна і не вельмі аднастайна. Асабліва на першым тыдні, які пачынаецца з наступнага панядзелка, самым строгім.
Да таго ж перад пачаткам посту неабходна прымірыцца з усімі сваімі крыўдзіцелямі, нагадвае святар. А для некаторых людзей гэта раўнасільна подзвігу. Тут без дапамогі Бога, без царкоўных малітваў не абысціся. Але ж сапраўды змірыцца і ачысціцца атрымаецца толькі тады, калі сэрца свабоднае ад крыўды.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.