Падзеі ва Украіне адбіліся на стане эканомікі не толькі нашай паўднёвай суседкі, але і многіх удзельнікаў сусветнага валютнага рынку.
Больш за ўсіх пацярпеў і без таго слабы расійскі рубель. Менш сітуацыя паўплывала на адзіную еўрапейскую валюту. Аднак ва ўсім свеце спрэчныя пытанні, што ўзнікаюць паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй успрымаюцца як новая «халодная вайна». Ёсць погляд, што больш жорсткія пазіцыі Масквы могуць прывесці да праблем з пастаўкамі нафты і газу, а гэта негатыўна паўплывае на аднаўленне эканомікі еўразоны (у прыватнасці, на курс еўра). Вось вам і адваротны бок глабалізацыі. Пакуль ЕС няма чаго хвалявацца, бо еўра падтрымлівае перавод капіталу з рынкаў, якія развіваюцца, у Еўропу. Вось толькі карэктывы можа ўнесці яшчэ адзін канфлікт — у Крыме. Хаця сітуацыя з Крымам больш паўплывае на расійскі рубель.
А ва Украіне пакуль спрабуюць выратаваць эканоміку ад дэфолту. Золатавалютныя рэзервы знізіліся, а ўкладчыкі сталі забіраць з банкаў свае дэпазіты. У сувязі з гэтым Нацбанк Украіны ўвёў часовае абмежаванне на зняцце валютных укладаў (не больш за 15 тысяч грыўняў у эквіваленце за суткі). Аднак для грыўневых дэпазітаў абмежаванняў няма: «Здымайце хоць мільён, хоць два. Банкі ліквідныя», — заявіў кіраўнік галоўнага банка нашай суседкі Сцяпан Кубіў.
На такім фоне пазітыўнай навіной за апошні тыдзень успрымаецца толькі падаражэнне золата. Яго інвестыцыйная прывабнасць захоўваецца з першых дзён новага года. Прагназуецца, што цана на золата будзе расці і надалей. Можа, і правільна. А то валютам давяраць нельга.
У Беларусі ж за гэты тыдзень падаражэў долар на 40 рублёў (плюс 0,4%) да 9770. Еўра дадаў 60 рублёў (плюс 0,45%) да 13400. Толькі расійскі рубель патаннеў яшчэ на 2,5 грашовай адзінкі (мінус 0,9%) да 270,5.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.