Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа парадаваў прыхільнікаў творчасці песняра прэзентацыяй новага выдання яго славутай паэмы «Новая зямля». Незвычайнасць выдання ў тым, што яно стала сімвалам 90-годдзя паэмы з часу яе першага выхаду ў свет (1923 год). І яшчэ тым, што кніга ілюстравана рукою нашага славутага сучасніка, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Амаль сто малюнкаў — краявіды, партрэты, сцэны сялянскага побыту і з жыцця шляхты — стварылі непаўторны мастацкі вобраз паэмы, значна ўзбагацілі гэты твор.
Пра незвычайнае суаўтарства двух выбітных творцаў, пра выбар тэмы мастаком і яго любоў да Беларусі ўзрушана казалі многія ўдзельнікі сустрэчы з Васілём Пятровічам, якому зусім нядаўна споўнілася 75 гадоў. На вечарыну былі запрошаны ўкладальнік кнігі гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, народная артыстка Беларусі, зямлячка мастака Марыя Захарэвіч. Красамоўна і натхнёна чытаў урыўкі з паэмы малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
— Я добра ведаю сялянскае жыццё, і ўсё, што апаэтызаваў у сваім творы Якуб Колас, мне вельмі блізкае, роднае, дарагое. Магчыма, таму ствараць выяўленчыя вобразы было лёгка, працавалася з натхненнем, — падзяліўся на сустрэчы Васіль Пятровіч Шаранговіч (на фота).
Наогул, творчасць Якуба Коласа ў лёсе мастака займае важнае месца ўжо не адзін год: першыя ілюстрацыі да «Новай зямлі» ён зрабіў яшчэ ў 2002-м. Большасць з арыгінальных малюнкаў да паэмы ўвайшла ў фонд музея, а ў час прэзентацыі кнігі адбылося таксама адкрыццё выстаўкі акварэляў пад назвай «Малюнкі родныя і з'явы».
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».