Добра вядомы чытачам «Звязды» кароткаметражны фільм пра халакост «Туфлікі», зняты пры ўдзеле 5 краін, у тым ліку і Беларусі, неўзабаве займее працяг. Ім стане фільм «Брут» (другая частка трылогіі «Сведкі» памяці ахвяр халакосту) — гісторыя паводле апавядання чэшска-нямецкага пісьменніка Людвіга Ашкеназі, якая распавядае пра тое, як вайна, расавыя законы і чалавечая жорсткасць разлучылі нямецкую аўчарку па мянушцы Брут са сваёй гаспадыняй. Сабака патрапіў у канцлагер, дзе яго зрабілі вартавым. У выніку бяскрыўдны хатні сабака ператварыўся ў злоснага звера-забойцу.
Прадзюсар фільма Юрый Ігруша распавёў, што сабак для фільма будуць выбіраць у беларускіх пітомніках. Гэта будуць сабакі рознага ўзросту: ад шчанюка да дарослага звера.
Мяркуецца, што рэжысёрам карціны «Брут», як і «Туфлікаў», стане расійскі кінарэжысёр Канстанцін Фам. Наогул над стужкай будуць працаваць спецыялісты з Беларусі, Расіі, Ізраіля і ЗША. А здымкі пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Чэхіі. Вядуцца перамовы пра здымкі на тэрыторыі канцлагера Тэрэзін.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.