___________________________________________________________________________
Да 85-годдзя з дня нараджэння Еўдакіі Лось
Еўдакія Лось належыць да тых паэтаў, біяграфіі якіх неабавязкова чытаць асобна: яна неаднаразова ўзнаўляе ў вершах асноўныя моманты свайго жыцця і амаль заўсёды піша ад імя жанчыны. Натуральна, літаратурны твор можа быць напісаны ад імя патрыёта, падарожніка, камуніста, інтэлектуала, аматара прыроды — і неабавязкова павінны быць гендарна маркіраваны. Е. Лось як паэтка паўстае ў розных абліччах, але найцікавейшымі падаюцца вершы, дзе яе голас гучыць менавіта як голас жанчыны.
Пачатак верша "Пра жаночую паэзію" ўзнаўляе эпіграф — радок з Лі Цын-Чжао:
"Ляжу адна, самотная, у ложку..."
А калі б я вось гэтак напісала?
Ад позіркаў бы кплівых запалала,
сказалі б, што цнатлівасці ні крошкі
ў маім прызнанні, і адразу ў "ЛіМе"
пародыю змясцілі б на жанчыну...
Вядома, у 60 — 70-я гады беларуская інтымная лірыка была ў некалькі разоў менш інтымнай, чым сёння, хаця ў Еўропе ці тым больш у ЗША вершы старажытнай кітайскай паэткі нікога не ўразілі б разняволенасцю. Напрыканцы твора Е. Лось невыпадкова згадвае "жаночую вяснянку": фальклорная, песенная стыхія вельмі блізкая для яе і надае вершам адмысловыя фарбы, якія рэдка сустрэнеш у сучаснай жаночай паэзіі.
Так, вельмі часта сустракаецца матыў вяселля, бо кожнае вяселле — сіроцкае, сяброўчына, нешчаслівае, срэбнае — важнае для жанчыны не толькі як падзея прыватнага жыцця, але і як адзін з галоўных сямейных абрадаў. Верш "Памяці бацькі", які пакідае надзвычай моцнае ўражанне, напісаны на мяжы двух жанраў — галашэння і вясельнай сіроцкай песні.
Народная песня — не толькі крыніца матываў і мастацкіх вобразаў, але і аснова многіх вершаў, дзе фальклорныя сімвалы выкарыстоўваюцца як своеасаблівы шыфр: верш нібыта пра згубленыя завушніцы, пра белую ружу ці кіслую шчаўлінку, а насамрэч справа зусім у іншым… Тое, што было табуяваным у сямейна-абрадавай паэзіі, застаецца непажаданым і ў савецкай літаратуры, дзе шчыры расповед пра асабістае не вельмі запатрабаваны:
Рэдактар кажа: дайце пра грамадскае,
А я прынесла вершы — пра сваё…
Бяру назад, нібы дабро жабрацкае,
І сэрца захлынаецца маё. <…>
І вось мужчыне хмурнаму здалося,
Што вершы пра маё — чужыя тым,
Хто цэглу лепіць, мацае калоссе
І плача на кургане залатым.
Е. Лось, вядома, пісала і пра цымбалы з чырвоным бантам, і пра армію, і пра рабочую Серабранку, але імкнулася рабіць гэта добра і ад душы. Так, "закон шахцёраў" у вершы пра салякопа гучыць як бліскучая сентэнцыя: "Калі задымлены твой шлях, / Ад немачы няма збавення, — / Насустрач свежаму струменю / Ідзі — і выйдзеш на прасцяг!"
З іншага боку, расчараванні ў дзявочых марах, якія прыйшліся і на нядоўгі "бабін век" паэткі, не абсалютызаваліся, не ператвараліся ў паталогію: грамадскае мела не меншую значнасць, чым прыватнае. Вельмі важнай для Е. Лось была ваенная тэма, і менавіта жаночы падыход робіць адметнымі гэтыя старонкі яе паэзіі.
Для жанчыны вайна ― не толькі страх і голад, гэта яшчэ і ўласная мізэрнасць, непрывабнасць, час, калі прыгажосць зусім не скарб, а небяспека. На вайне загінуў брат паэткі — і Е. Лось часта падкрэслівала значнасць сястрынскай памяці пра забітых салдат: "Жонка плача — час да часу, / Маці плача — век да веку, / Сястра плача — год да году, / Да сканання свайго роду…" У іншым вершы гераіня наведвае жонку забітага брата, якая мае новую сям'ю, і ўглядаецца ў вочы яе дзяцей — "Нібы хоча ў чорненькіх тых вачанятах / Адшукаць гэткі мілы і родны блакіт…" З вялікай спагадай піша паэтка пра жанчын ваеннага пакалення, якім так і не давялося стварыць сям'ю, ― і ўсё гэта нюансы, на якія паэты-мужчыны не так часта звярталі ўвагу.
Крыніцай натхнення для Е. Лось, напэўна, былі спачуванне, жаль, абурэнне, трывога, адчуванне страты — пачуцці, якія можна экстрапаліраваць на многіх людзей, на многія сітуацыі. У вершах, што пабачылі свет пасля нараджэння сына, яна часта падкрэслівае невымоўную жорсткасць вайны ў дачыненні да дзяцей ― зрэшты, у Е. Лось багата твораў пра дзяцей, пра дзяцінства, напісаных і з іншай нагоды, прычым не толькі ў жанрах дзіцячай літаратуры.
Вельмі па-жаночы пісала яна і пра хуткаплыннасць часу: надыходзіць "бабін век", сумна глядзець на маладзейшую сястру, але "Гады жывуць у чалавеку, / нібыта ў яблыку крутым…" (выдатны верш), дый "Я была ўжо бабулькай хілай / На дванаццатым годзе жыцця…" Час — гэта ўзрост, гэта непазбежныя змены ў знешнасці, якія не абмінае ўвагай ніводная жанчына, але працяг у дзецях, і ўсмешцы сваёй можна навучыць сына...
Паэзія Е. Лось вельмі рэчыўная, вельмі канкрэтная, і мастацкія знаходкі заўсёды вылучаюцца ў яе радках. Творчае крэда яна вызначала рана: "Люблю / зямлю / не абстрактную — / Рэальную, пругкую, чорную, / Прасёлачную і трактавую, / Залежную і ворную".
У Еўдакіі Лось ёсць шмат іншых вартых вершаў ― пра лаву, бульбу і ганчара, ёсць верлібр "Я прачытала, што ў адной краіне…" ― не горшы за верлібры Максіма Танка, ёсць творы, прысвечаныя Радзіме, вядомыя многім беларусам. Зварот да яе паэзіі — гэта не толькі знаёмства са станаўленнем беларускай жаночай літаратуры, але і магчымасць прачытаць радкі, важныя для кожнага чалавека.
Алеся ЛАПІЦКАЯ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.