Уладзімір КРАЎЦОЎ, адпрацаваўшы 100 дзён на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама, правёў першую прэс-канферэнцыю для журналістаў раённых, абласных і рэспубліканскіх СМІ. Вось якія думкі ён выказаў па шэрагу актуальных пытанняў жыцця рэгіёна.
Мадэрнізацыя без кампанейшчыны
— Летась у эканоміцы вобласці не ўсё з намечанага ўдалося выканаць, але па большасці параметраў забяспечана станоўчая дынаміка. Разам з тым ёсць і праблемы. Найбольш складанае становішча цяпер на прадпрыемствах, што пастаўляюць сваю прадукцыю машынабудаўнічым гігантам (МТЗ, МАЗ, БелАЗ), у якіх ёсць цяжкасці з рэалізацыяй тэхнікі. Таму трэба працаваць не толькі на зборачныя канвееры, але і мець іншыя віды прадукцыі, каб «манеўраваць» у складаны час са збытам асноўных вырабаў.
Мадэрнізацыя — гэта патрабаванне часу, і тут не павінна быць нейкай кампанейшчыны. Асабліва чуйна да запытаў рынку ставяцца на прадпрыемствах буйнога прыватнага бізнесу (кампаніі «ЗОВ», «Контэ Спа», «Біяком»), дзе хутка ўкараняюць усё самае перадавое. Паспяхова мадэрнізуюцца, вырабляючы новыя віды прадукцыі і пашыраючы сваю прысутнасць на рынках, гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», прадпрыемствы «Лідсельмаш» і «Лідахлебапрадукт». А прыкладам граматнага падыходу да мадэрнізацыі цэлай галіны, што адбывалася пад кантролем органаў улады, з'яўляецца мяса-малочная прамысловасць. У выніку леташні экспарт гэтых тавараў дасягнуў 680 мільёнаў долараў, і можна разлічваць на большае, бо практычна на кожным прадпрыемстве ёсць інвестыцыйны праект па далейшым развіцці.
Вынікі перапрацоўшчыкаў, зразумела, наўпрост звязаны з працай аграрнікаў вобласці, якія летась упершыню перавысілі 1 мільён тон валавой вытворчасці малака. Гэта вынік маштабнай праграмы па будаўніцтве новых і рэканструкцыі пад сучасныя тэхналогіі старых фермаў. Задача — павысіць эфектыўнасць галіны і атрымаць аддачу ад вялізных затрат на яе мадэрнізацыю. Аднак новыя тэхналогіі патрабуюць кадравага патэнцыялу, а з ім пакуль праблематычна.
Цывілізаванае стаўленне да інвестараў
— Сярод найбольш значных інвестыцыйных праектаў з удзелам замежнага капіталу — будаўніцтва ў Смаргоні дрэваапрацоўчай вытворчасці аўстрыйскай кампаніяй «Кронаспан», стварэнне ў Лідскім раёне комплексу па прамысловай вытворчасці мяса індычкі літоўскай кампаніяй ARVІ. Акрамя таго, у Ваўкавыску будзе пабудаваны завод па вытворчасці фруктовых напаўняльнікаў, а ў Шчучыне — прадпрыемства па перапрацоўцы сыроваткі і выпуску сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату. Пры гэтым укараняюцца самыя сучасныя тэхналогіі.
Да інвестараў і ўвогуле прадстаўнікоў бізнесу трэба ставіцца цывілізавана, не прад'яўляючы занадта вялікіх патрабаванняў, пакуль яны не развіліся. Пры гэтым не павінна быць так, што аб'ект і дзяржаўным уласнікам не выкарыстоўваецца, і для арганізацыі нейкай вытворчасці не перадаецца.
Дарэчы, замежныя інвестыцыі ў самыя розныя сферы (напрыклад, у інфраструктуру турызму) можна прыцягнуць і дзякуючы праграмам трансгранічнага супрацоўніцтва. Трэба толькі «паварушыцца» і распрацаваць канкурэнтаздольны праект.
«Пратэрмінаваных» дамоў быць не павінна
— Летась на Гродзеншчыне ўведзена ў эксплуатацыю 655 тысяч квадратных метраў жылля — на чвэрць больш, чым у папярэднім годзе. Сярэдні кошт 1 квадратнага метра агульнай плошчы кватэр, пабудаваных з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, самы нізкі ў краіне — 5,1 мільёна рублёў. План будаўніцтва жылля на сёлетні год — 660 тысяч квадратных метраў.
Да канца мінулага года ў вобласці разабраліся з усімі жылымі дамамі, якія будаваліся з перавышэннем нарматыўнага тэрміну, і цяпер галоўнае, каб такіх праблемных сітуацый больш не ўзнікала. На гэта скіравана новая сістэма жыллёвага будаўніцтва на дзяржаўны заказ, якая павінна садзейнічаць жорсткаму кантролю за коштам квадратнага метра і своечасовым уводам дамоў у эксплуатацыю. Сёлета на дзяржзаказ на Гродзеншчыне запланавана пабудаваць 43 шматпавярховыя дамы. Згодна з цывілізаваным еўрапейскім досведам, пашырыцца практыка арэнднага жылля — з'явяцца 14 дамоў з такімі кватэрамі. Павінна павялічвацца і будаўніцтва індывідуальных дамоў, для чаго людзям трэба выдзяляць зямлю, дапамагаць з крэдытамі. Пры гэтым, што датычыцца абласнога цэнтра, трэба выкарыстоўваць нармальную еўрапейскую практыку гарадоў-спадарожнікаў. Для Гродна ім мог бы стаць, напрыклад, Скідаль.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.