Карэспандэнты «Звязды» назіралі затрыманне няпоўнагадовых наркагандляроў
Амаль штодня Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе аб выпадках затрымання маладых людзей, якія гандлююць наркотыкамі. Не паспяваюць затрымліваць і судзіць адных, як з'яўляюцца іншыя. На месцы «адсечанай» галавы адразу вырастаюць дзве новыя. Аматары наркатычных рэчываў сцвярджаюць, што набыць апошнія ў Мінску можна без праблем. Галоўным памочнікам у гэтай справе з'яўляецца інтэрнэт. Тыповая сітуацыя — калі той, хто прадае, сам і ўжывае. Гэта зручна: заўсёды ёсць грошы на набыццё дурману. Узяць такіх вось «спажыўцоў-гандляроў» на месцы злачынства, з наркотыкамі і грашамі — палова справы. Важна высветліць, адкуль гэты «спажывец-гандляр» узяў злачынную атруту. Хто той чалавек, для якога наркотыкі — спосаб няблага жыць? Накідваючы невад на дробную рыбу, праваахоўнікі насамрэч палююць на буйную. Гэтыя амаль бясконцыя і заблытаныя ланцугі — асобная тэма. А зараз хацелася пабачыць якраз адлоўліванне «драбязы», азнаёміцца з руціннай аператыўнай працай, якая на ўзроўні раённых аддзелаў унутраных спраў вядзецца амаль кругласутачна.
Варта заўважыць, што ў наркабарацьбе няма дзялення па тэрытарыяльным прынцыпе. У які РАУС паступіла аператыўная інфармацыя, той яе і распрацоўвае. Так што аператыўнікі з Першамайскага РАУС могуць працаваць на тэрыторыі Фрунзенскага…
Не сакрэт, што людзей, якія даюць інфармацыю, называюць «інфарматарамі». Такіх важных, каштоўных, а таму засакрэчаных асоб журналістам могуць паказаць хіба са спіны. Паводле атрыманых звестак нараджаецца план правядзення аперацыі, якая прадугледжвае спачатку выхад на падазроную асобу, а пасля — яе затрыманне на месцы злачынства.
Мы з фотакарам далучаемся у той момант, калі апранутыя ў цывільнае людзі размяшчаюцца па машынах, каб выехаць на «кропку». У аперацыі ўдзельнічае некалькі аўтамабіляў — не пазначаных, вядома, словам «міліцыя» і сіняй мігалкай. Візуальна злачынца ніколі не вылічыць гэтыя аўто.
Злачынцы выдатна ўсведамляюць, што захоўваюць і прадаюць не папкорн, а забароненыя законам рэчывы, а таму і хаваюцца, і перастрахоўваюцца. Бываюць аперацыі, калі аператыўнікі ганяюцца за злачынцамі шмат гадзін — назіраюць, як той, каго яны «вядуць», блытае сляды і перасоўваецца з месца на месца, часам нават з аднаго канца горада ў другі.
Мы адсочвалі аперацыю — ад пачатку да фінішу — тры гадзіны. Спачатку проста сядзелі ў адной з машын і праслухоўвалі па радыёсувязі, як адсочваецца кожны рух наркагандляра, якому «селі на хвост». Цяжка прадбачыць, як пачнуць разгортвацца падзеі, а таму кожная фраза, што перадаецца па рацыі, — фактычна прыняцце чарговага рашэння.
«Картэж» з аператыўнікамі пераязджае з месца на месца, і вось мы ля аднаго са шматпад'ездных дамоў на Бялінскага. Некалькі чалавек, якія вонкава нічым не адрозніваюцца ад тых, што ходзяць у сярэдзіне дня па сталічных вуліцах, імгненна скручваюць рукі маладому чалавеку ў капелюшы, карычневай куртцы, яркіх красоўках і спартыўных штанах. Чорныя наручнікі замыкаюцца за яго спінай. Хлопца вядуць у мікрааўтобус з нашага «картэжу». Нас з фотакарам просяць пакуль застацца ў «нашай» машыне, паколькі аперацыя яшчэ не завершана.
У інтэрнаце, ад якога толькі што адышоў затрыманы, знаходзіцца яшчэ адзін гандляр — ён і прадаў «карычневай куртцы» наркотык. Трое людзей у масках «бяруць» гэтага другога ў калідоры, ля пакоя пад нумарам 36.
Тым часам да мікрааўтобуса для складання належных дакументаў запрашаюць панятых — двух прахожых мужчын. У іх прысутнасці адбываецца вобыск першага затрыманага. З усіх кішэняў опер дастае ўсё, што там ёсць: маркер, ключы, жуйкі, мабільнік, наркотык — поліэтыленавы пакецік з зеленавата-карычневай травой. Эксперт пасля прызнае «траву» асабліва небяспечным рэчывам. Гэта — курыльная сумесь, апрацаваная «сінтэтыкай». Спайс.
Мабільнік затрыманага пачынае разрывацца. На экране высвечваецца слова «мама»...
Я пытаюся ў хлопца дазволу задаць яму некалькі пытанняў. Ён пагаджаецца.
— Як цябе завуць і колькі табе гадоў?
— Саша... сямнаццаць.
— Твая сям'я?..
— Мама працуе ў тэатры, у аддзеле кадраў. У таты свой бізнес — пераганяе машыны, прадае. Ёсць сястрычка, 2002 года нараджэння. Тата жыве асобна. Бацькі развяліся...
— Дзе вучышся?
— Ва ўніверсітэце фізкультуры, займаюся грэбляй...
— Дзе ты ўзяў спайс?
— У Сашы...
— Ты даўно прадаеш наркотыкі?
— Я нічога не прадаю... Мне хлопец напісаў «Вконтакте»... Я сказаў, што не займаюся гэтым. Зразумеў, што яны хочуць выйсці на прадаўца. Я адразу зразумеў, як сустрэўся... Сам сябе падставіў...
— Ты сам ужываў спайс?
— Ужываў... Спайс і насвай... Ну, насвай — гэта ж не наркотык...
— Табе спадабаўся эфект ад спайсу?
— Ды мне страшна стала... Я пакурыў проста таму, што мне было дрэнна. У мяне там з дзяўчынкай закруцілася... Тады мяне «ўзялі» першы раз...
— Міліцыя ўзяла цябе, калі ты быў «пад спайсам»?
— Ну, так... Я ішоў ва ўніверсітэт. Мне было вельмі дрэнна... Страшна... Такое незразумелае пачуццё... Не магу патлумачыць. Нібыта я не тут... Ну, страшна...
— Ты аднойчы курыў?
— Разы тры-чатыры...
— Калі было страшна першы раз, навошта ты курыў зноў?
— Не ведаю... Ды мне было ўсё роўна, што са мной будзе... Я наогул хацеў пайсці з жыцця... Дзяўчынку адну кахаў, а яна мне хлусіла, казала, што толькі мяне кахае, а сама яшчэ з другім хлопцам сустракалася... Неяк сказала, што была цяжарнай... Я пачаў распытваць, што азначае «была». А яна дала зразумець, што аборт зрабіла... Мне пасля гэтага стала так невыносна... І пацягнула на прыгоды.
— Вы і цяпер разам?
— У мяне ўжо другая... Цяпер ужо і яе, напэўна, няма...
— Ты перажываеш з-за таго, што бацькі ў разводзе?
— Вельмі моцна.
— Бацька падтрымлівае стасункі з табой?
— Так, але мне ўсё роўна яго не хапае...
Па перапэцканым зямлёй твары Сашы пабеглі слёзы... Мне хацелася яшчэ нешта сказаць, але тут з адной Сашавай рукі знялі наручнік і далі распісацца ў дакуменце «Тлумачэнне». Адзін з аператыўнікаў заўважыў: «У такой сітуацыі яны могуць плакаць, а могуць і ў твар плюнуць, лаяцца, абражаць... Бывае рознае. А тое, што ён ведаў, нібыта за ім «сочаць» — лухта. Яны што заўгодна могуць плесці, абы толькі іх адпусцілі...».
У інтэрнаце дэпартамента «Белаўтадар» загадчыца спачатку спрабуе распытаць аператыўнікаў, за што і чаму, а пасля пачынае скардзіцца на тое, як «яны ўжо абрыдлі — і ён, і яго наркаманка»... Можна толькі здагадвацца, што размова ідзе пра другога Аляксандра, пра якога сказаў першы затрыманы Саша, і па ўсім відаць, пра нейкую дзяўчыну, да якой той прыходзіў у гэты інтэрнат. У пакоі, дзе другі затрыманы Саша сядзіць у наручніках, — невялікі ложак, крэсла, тэлевізар і шмат цацак...
Начальнік аддзела па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Партызанскага РАУС г. Мінска падпалкоўнік міліцыі Дзяніс БУРЫ звяртаецца да чарговых панятых і затрыманага: «Грамадзянін Аляксандр Ш. затрыманы па падазрэнні ў незаконным абарачэнні наркотыкаў. У прысутнасці панятых прапануем добраахвотна здаць забароненыя прадметы — зброю, наркотыкі, якія ёсць пры сабе».
— У кішэні, — ціха, апусціўшы вельмі нізка галаву, кажа другі Саша.
— Што ў кішэні?
— Міксы...
— Гэта што такое?
— Курыльная сумесь... у паперы.
— Грошы пры сабе ёсць?
— Ёсць, у правай кішэні.
— Колькі? Адкуль?
— Адзін мільён беларускіх рублёў. За збыт курыльнай сумесі.
— Зараз будзе праведзены асабісты вобыск, — кажа падпалкоўнік Буры. — Звяртаю ўвагу: у мяне ў руках нічога няма.
На падлогу з кішэняў выкладваюцца курыльная сумесь у паперы — рэчыва расліннага паходжання карычневага колеру (дэманструецца панятым), пяць купюр наміналам па 200 тысяч рублёў. Саша адказвае на пытанні аператыўнікаў, якія прыступаюць да афармлення папер пад назвай «Тлумачэнне».
— Нарадзіўся ў 1996-м. Жыву па адрасе... Раней не судзімы...
У гэтага Сашы ёсць поўная сям'я. Сюды ён прыходзіць «у госці». Размаўляць са мной адмовіўся. Увесь час трымае галаву нізка нахіленай. Пасля падпісання затрыманым і панятымі складзеных дакументаў Сашу выводзяць з інтэрната. Аператыўнікі выканалі сваю частку працы, і Дзяніс Буры падводзіць вынік:
— У аддзел па наркакантролі Партызанскага раёна паступіла аператыўная інфармацыя аб тым, што Аляксандр М. займаецца захаваннем і распаўсюджваннем псіхатропнага рэчыва — курыльнай сумесі, або «спайсу», або «міксу». Падчас праведзеных аператыўных мерапрыемстваў апошні быў затрыманы па вуліцы Бялінскага. Аляксандр М. патлумачыў, што гэтае рэчыва набыў у Аляксандра Ш., які ў момант здзелкі знаходзіўся ў памяшканні інтэрната. Аляксандр Ш. таксама затрыманы. У першага канфіскаваны поліэтыленавы пакецік з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам, у другога — папяровы пакецік з такім жа рэчывам і грашовая сума, якая была атрымана за дозу, перададзеную ў выніку здзелкі Аляксандру М. 1 мільён рублёў — столькі каштуе каля 5 грамаў спайсу. Маладыя людзі падтрымлівалі сувязь па тэлефоне, яны знаёмыя і дзейнічалі падобным чынам не першы раз. Абодва і ўжывалі, і збывалі. Дзе яны бралі наркатычныя рэчывы, яшчэ належыць высветліць. Аляксандру М. пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі, другому — ад 8 да 13-і...
Святлана БАРЫСЕНКА, фота Надзеі Бужан
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.