Ці ўзнікнуць праблемы з прызнаннем ЕЭС?
Да выхаду на сусветны рынак новага гульца — Еўразійскага эканамічнага саюза — застаецца менш за год. Але пакуль што з дня ў дзень ідзе абмеркаванне праекта дагавора аб ЕЭС, які павінен быць падрыхтаваны да мая гэтага года. Ці паспеюць пра ўсё дамовіцца прадстаўнікі трох краін (Беларусі, Расіі і Казахстана)? Чым будзе будучы саюз — міжнароднай арганізацыяй ці проста аб'яднаннем дзяржаў? Пра гэта расказаў старшыня праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь, член Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас напярэдадні пасяджэння Савета ЕЭК, які прайшоў у Мінску 18-19 лютага.
Кіраўнік Банка развіцця сцвярджае, што цяпер ідзе напружаная праца над дакументамі. «Зразумела, што засталося мала часу. Да 1 мая мы павінны гэтую працу скончыць. Два дні работы Савета будуць прысвечаны абмеркаванню дагавора». Як аказалася пасля, менавіта гэтае пытанне і абмяркоўвалася найбольш бурна. Бо Дагавор аб стварэнні саюза — гэта базавы дакумент, які вызначыць асаблівасці фарміравання ЕЭС. «Па-першае, мы ў ім фактычна рэалізуем усю базу, якая ў нас была ў Мытным саюзе і ЕўрАзЭС. Іншымі словамі, мы яе проста кадыфікуем, і яна трапляе туды аўтаматычна», — растлумачыў Сяргей Румас. Бакі вызначылі, што не дапускаецца адыход ад раней дасягнутых дамоўленасцяў. У дадатак да іх з'явяцца новыя напрамкі, якія будзе весці Еўразійскі эканамічны саюз. «Таму казаць, што мы нешта новае распрацоўваем, тое, пра што ніхто не ведае, не зусім правільна. Мы ведаем, які саюз мы хочам зрабіць — задачу нам сфармулявалі прэзідэнты. Проста ёсць юрыдычныя моманты. Напрыклад, ЕЭС будзе міжнароднай арганізацыяй, якой нададзена правасуб'ектнасць ці гэта проста саюз дзяржаў?» Некаторыя юрысты лічаць, што калі саюз не будзе зафіксаваны ў дагаворы як міжнародная арганізацыя, то ўзнікнуць пытанні з яго прызнаннем на міжнароднай арэне. Аднак Еўрапейскі саюз — гэта не міжнародная арганізацыя. «Хіба з ЕС (звычайным саюзам дзяржаў) не лічацца?» Але пакуль спрэчкі ідуць. Пры гэтым Сяргей Румас ацэньвае ступень гатоўнасці дакументаў як высокую.
Дарэчы, цікава, ці выйдзе наш Банк развіцця на фінансаванне якіх-небудзь еўразійскіх праектаў? «Мне цяжка сказаць, — заявіў Сяргей Румас. — У нас пакуль што і ў Беларусі ёсць куды рухацца. Таму, хутчэй, мы засяродзімся на сумесным фінансаванні праектаў з Еўразійскім банкам развіцця. Калі ўсё складзецца, мы разам будзем фінансаваць адзін буйны праект, але на тэрыторыі Казахстана і Расіі мы нічога не збіраемся фінансаваць». Аднак гэта дзіўна. Бо летась банк супрацоўнічаў нават з Манголіяй, калі прафінансаваў пастаўкі «БелАЗаў». А як жа нашы асноўныя партнёры? «Падтрымка экспарту застаецца асноўнай задачай нашага банка. Але сёння, на жаль, сітуацыя такая, што рынак «прасеў» і патрэба ў новай тэхніцы знізілася. Пытанне не стаіць у тым, аказаць фінансавую падтрымку або не аказаць — пакупнікі прыпынілі закупкі. Усе чакаюць аднаўлення рынкаў. Тады і мы будзем гатовыя падставіць фінансавае плячо. Сёлета ў нашых планах і 80 млн долараў праз Банк развіцця, і 100 млн праз «Прамагралізінг» накіраваць на падтрымку беларускага экспарту. Цяпер шмат здзелак у рабоце, пра якія не хочацца пакуль гаварыць».
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.