А для адкрыцця СТА ў гаражы распрацуюць асобную інструкцыю
Словазлучэнне SPA-салон вядома, думаю, многім беларускам. Яшчэ некалькі гадоў таму яно гучала як нешта экзатычнае, моднае, «крутое», нават элітнае. Але сёння падобныя салоны з адпаведнымі паслугамі трапляюцца ледзь не на кожным кроку. Што ж хаваецца за шматлікімі рэкламнымі шыльдамі з надпісам «SPA-комплекс»? Якія паслугі мы можам атрымаць у такім месцы? Як ацаніць якасць гэтых паслуг? Адказаў на гэтыя пытанні дагэтуль няма. А гэта такія ж самыя бытавыя паслугі, як, скажам, паслугі цырульняў. Таму Міністэрства гандлю збіраецца распрацаваць да канца года дакумент для рэгламентацыі дзейнасці SPA-комплексаў. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінгандлю Беларусі Валянціна Ляўкоўская.
Назваўся комплексам...
«У прыватнасці, не зразумела, якія паслугі і ў якім аб'ёме павінны аказваць SPA-комплексы, — тлумачыць пазіцыю міністэрства прадстаўніца ведамства. — Нарматыўна-тэхнічны акт, над якім мы зараз працуем, будзе накіраваны на павышэнне якасці SPA-паслуг». Напрыклад, з'явіцца стандарт для такіх паслуг, пералік патрабаванняў да персаналу аб'ектаў. Каб называцца SPA-цэнтрам, установа будзе абавязана аказваць за пэўную колькасць гадзін пэўны спектр паслуг. «Установа, якая будзе прапаноўваць, да прыкладу, толькі адну паслугу, SPA-комплексам называцца не зможа», — падкрэсліла начальнік упраўлення. Будуць распрацаваны асаблівыя падыходы да захавання ў SPA-комплексах патрабаванняў гігіены, выкарыстання розных відаў матэрыялаў.
СТА актыўна легалізуюцца
Валянціна Ляўкоўская таксама паведаміла, што ў краіне плануецца распрацаваць пакрокавую інструкцыю па адкрыцці станцыі тэхнічнага абслугоўвання ў гаражы. Над дакументам будзе працаваць Міністэрства гандлю сумесна з Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. У інструкцыі будзе нават паказана, як правільна скласці заяву і ў які орган яе накіраваць. Будуць падрабязна распісаны асаблівасці працы з рэгістрацыйнымі дакументамі, указаны патрабаванні да ўстанаўлення рэжыму працы гаража, патрабаванні пажарнай бяспекі і іншае.
Нагадаем, што выкарыстоўваць у якасці аўтамабільных майстэрняў гаражы, размешчаныя на тэрыторыі гаражных кааператываў, дазволіў Указ Прэзідэнта № 432 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 43», які ўступіў у сілу
1 лістапада мінулага года. Раней гаражны кааператыў (месца ў гаражным кааператыве, гараж) мог служыць толькі для захоўвання аўтамабіля.
Намеснік начальніка ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінгандлю Аксана Падарожная дадала, што цяпер у Беларусі зарэгістраваны і ажыццяўляюць дзейнасць па аказанні паслуг аўтасэрвісу ў гаражах 150 індывідуальных прадпрымальнікаў. А гэта значыць, што за тры апошнія месяцы колькасць гаражных СТА павялічылася больш чым у 9 разоў (на пачатку снежня 2013 года было зарэгістравана 16 такіх аб'ектаў). «Мы прагназавалі, што новая паслуга будзе карыстацца папулярнасцю», — адзначыла спецыяліст і патлумачыла, што ў апошнія гады свядомасць прадпрымальнікаў імкліва змяняецца: усё больш людзей хоча аказваць менавіта легальныя паслугі, працаваць спакойна, не баяцца праверак падатковых і іншых органаў, а таксама міжведамасных груп. «Мы спадзяёмся , што магчымасць рэгістраваць СТА ў гаражах, якая ўсё яшчэ з'яўляецца новай для Беларусі, выведзе з ценю многіх прадпрымальнікаў-нелегалаў».
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Дарэчы
35 тысяч суб'ектаў гаспадарання (20 тысяч юрыдычных асоб і 15 тысяч «іпэшнікаў») прадастаўляюць каля тысячы бытавых паслуг. Прычым больш за 80% з іх аказваюць недзяржаўныя арганізацыі. У краіне дзейнічаюць больш за 21 тысячу аб'ектаў бытавога абслугоўвання, каля 4 тысяч аўтасэрвісаў, прыкладна 200 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, 106 раённых камбінатаў бытавога абслугоўвання, 1490 комплексных прыёмных пунктаў. За мінулы год было адкрыта 1140 новых аб'ектаў бытавога абслугоўвання.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.