Лепшыя праекты ў сферы ІT будуць узнагароджаныя на конкурсе Belarus Startup 2014, фінал якога пройдзе 25 красавіка падчас форуму TІBO. Пераможцы атрымаюць аплочаныя праграмы акселерацыі і стажыроўкі для развіцця ўласнага бізнесу на базе сваіх праектаў. Па словах арганізатараў, галоўная мэта конкурсу — выявіць лепшыя айчынныя стартапы (бізнес-ідэі) і дапамагчы ім выйсці на глабальныя рынкі. На прэс-канферэнцыі журналістам распавялі аб асаблівасцях сёлетняга конкурсу.
— Вельмі важная для нас задача — выхаваць у моладзі дух прадпрымальніцтва, — лічыць выканаўчы дырэктар ГА «Інфармацыйнае грамадства» Сяргей ЕНІН. — Хацелася б, каб творчы характар многіх маладых людзей дапамагаў ім весці сваю справу. Тым больш што існуюць перспектывы «вырошчвання» буйных кампаній са звычайных студэнцкіх праектаў.
— Апошнім часам Беларусь паказвае ўражальныя вынікі ў сферы ІT, — паведаміў дырэктар бізнес-інкубатара ІT-House Аляксандр МЯЛЕШЧАНКА. — За мінулы год кампанія Wargamіng, заснаваная беларусам, атрымала паўмільярда долараў прыбытку. Зусім нядаўна беларуска-ізраільскі месенджар (сэрвіс для абмену паведамленнямі праз інтэрнэт. — Аўт.) Vіber быў набыты адным з японскіх канцэрнаў за 900 мільёнаў долараў. Мы б хацелі, каб такіх праектаў у Беларусі станавілася больш.
Па словах арганізатараў Belarus Startup 2014, грашовыя прызы на падобных конкурсах удзельнікам звычайна не выплочваюцца. Значна больш плёну даюць сертыфікаты на праходжанне навуковых праграм у сферы ІT. Такія прызы гарантуюць, што праекты-пераможцы не заглохнуць адразу ж пасля заканчэння конкурсу. На фінале мерапрыемства будуць прысутнічаць інвестары з розных краін, якія фінансава дапамогуць новым праектам развівацца. Удзельнікі леташняга конкурсу стартапаў, праект Recommerce, прайшлі стажыроўкі ў Кіеве, Маскве і Сан-Францыска, пасля чаго адкрылі офісы ў некалькіх краінах свету.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.