Кожны беларус, які па сваёй справе хоць аднойчы звяртаўся ў пасольства замежнай краіны, я ўпэўнены, бачыў ля ўвахода на тэрыторыю прадстаўніцтва паставых. Між іншым, кожны такі міліцыянер — таксама супрацоўнік Дэпартамента аховы. Менавіта пра іх дзейнасць, асаблівасці, задачы мы пагаварылі з падпалкоўнікам міліцыі Андрэем ЖЭМАЙТУКОМ, начальнікам упраўлення па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў.
—Усе задачы нашага ўпраўлення можна ўбачыць у назве, — кажа Андрэй Гендрыкавіч. — Мы ахоўваем дыпламатычныя місіі, па асобным дагаворы — рэзідэнцыі пражывання паслоў, а таксама асабліва важныя дзяржаўныя аб'екты (Міністэрства замежных спраў, Вярхоўны Суд), усе аб'екты «Белтэлерадыёкампаніі». Акрамя таго, мы ўдзельнічаем у пратакольных мерапрыемствах. Дарэчы, толькі нашы супрацоўнікі на ўрачыстасцях маюць права выносіць сцяг Дэпартамента аховы. Рознымі спосабамі ахоўваецца 70 аб'ектаў (65 з іх у сталіцы). У нашым штаце больш за 500 супрацоўнікаў. Працую разам з сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы.
— Цікава, а як арганізуецца праца менавіта на пастах?
— Міліцыянер за змену праводзіць на пасту 12 гадзін. Раз на месяц ён адточвае сваё майстэрства на вучэбных занятках. Галоўныя задачы, якія стаяць перад намі, — не дазволіць несанкцыянаваных пранікненняў і супрацьпраўных замахаў у дачыненні да дыпмісій. Рэч у тым, што ўнутраны перыметр дыпламатычнага прадстаўніцтва ўжо з'яўляецца тэрыторыяй іншай дзяржавы, а таму нашы грамадзяне, як і мы, не маюць права проста так трапіць на той ці іншы аб'ект. У 22-м артыкуле Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, якой мы кіруемся ў сваёй працы, пра гэта сказана, што на краіне знаходжання дыпмісій ляжаць спецыяльныя абавязкі прымаць усе належныя захады для абароны памяшканняў ад любога ўварвання ці нанясення шкоды і для прадухілення ўсякага парушэння спакою прадстаўніцтва... Кожны міліцыянер мае табельную зброю, карыстаецца пэўным наборам службовай дакументацыі, даведачнымі матэрыяламі, перагаворнай табліцай, тэлефонам, радыёсувяззю. Усе пасты абсталяваны трывожнай кнопкай сігналізацыі.
Наша асаблівасць — вялікая колькасць афіцэрскіх пастоў. Адметна, што на суседніх пастах службу часта нясуць капітан і прапаршчык. Здаецца, розніца ў выкананні абавязкаў адсутнічае, аднак узровень працы — іншы. І прапаршчык бачыць, да чаго можна імкнуцца ў службе. Атрымлівай адукацыю, май рэкамендацыю на службе, добрыя паказчыкі па падрыхтоўцы — і ты зможаш прэтэндаваць на іншую пасаду.
— Веданне замежнай мовы паставым міліцыянерам вітаецца?
— Безумоўна. Але мы ў гэтым пытанні знаходзімся далёка ад дасканаласці. Замежнай мовай на сярэднім узроўні валодаюць некаторыя афіцэры. Так, мы таксама можам накіроўваць супрацоўнікаў на спецыяльныя курсы, але не ў той колькасці, як мы хочам. Аднак для паставога веданне, напрыклад, англійскай мовы — гэта не самае галоўнае ў працы. Замежная найперш спатрэбіцца тым, хто ўдзельнічае ў працоўных сустрэчах з работнікамі дыппрадстаўніцтваў, каб асобна не запрашаць перакладчыка.
— Добра. А ці дасылалі да вас з пасольстваў скаргі і падзякі за працу?
— Скаргаў не было, а вось падзячныя лісты прыходзілі. Ад пасольства Літвы, Расіі, Латвіі, ЗША. Трэба разумець, што нашы міліцыянеры фарміруюць імідж нашай міліцыі ў работнікаў дыппрадстаўніцтваў. Яны першыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, якіх сустракаюць дыпламаты, калі прыходзяць на працу. Вось як вы думаеце, што атрымае работнік іншага гарадскога ўпраўлення аховы, калі нядобрасумленна выканае свае абавязкі?
— Вымову?
— А калі падобнае зробіць супрацоўнік нашага ўпраўлення, можа разгарэцца сапраўдны міжнародны скандал, у Міністэрства замежных спраў могуць даслаць ноту пратэсту. Я лічу, што ў канцэпцыю нацыянальнай бяспекі мы робім важны ўнёсак.
— Час ад часу ў стужкі навін трапляе інфармацыя аб здарэннях каля тэрыторыі замежных прадстаўніцтваў.
— І такіх прыкладаў хапае. Каля пасольства Латвіі наш паставы міліцыянер затрымаў хлопца, які непадалёк распаўсюджваў наркотыкі. Іншы рабіў абход каля туркменскага пасольства і заўважыў, як п'яны натоўп граміць звычайны прыпынак. У затрыманні ён спрацаваў аператыўна. Заведзена крымінальная справа.
— Андрэй Гендрыкавіч, апошнім часам даволі напружаная палітычная сітуацыя ва Украіне. Ці ўплываюць палітычныя падзеі на працу пастоў вакол пасольстваў?
— Безумоўна. Мы адсочваем інфармацыю з розных крыніц, аналізуем і ў залежнасці ад выклікаў рэагуем. І незалежна ад геаграфічнага знаходжання краіны ўзмацняем ахову. Зараз адбываецца ўзмацненне пасольства Расійскай Федэрацыі. Не аслабляем ахову і каля прадстаўніцтва Украіны, на тэрыторыі якога летась, па згодзе пасла, мы праводзілі буйныя тактыка-страявыя заняткі.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».