Рыхтуючыся да сустрэчы з інспектарам па прафесійнай падрыхтоўцы Жодзінскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь лейтэнантам міліцыі — майстрам спорту па лыжных гонках Марыяй Старавойтавай, я ўяўляла сабе магутную даму з суровым характарам. На справе ж Марыя аказалася стройнай дзяўчынай і прыемнай суразмоўцай.
Са спортам Марыя сябруе з самага ранняга дзяцінства, калі яе бацькі ў тры гады аддалі ў секцыю акрабатыкі ў родным Жодзіне. Займалася Марыя акрабатыкай каля трох гадоў, а потым, ужо ў пачатковай школе, дзяўчына захапілася валейболам, футболам і баскетболам. У школе любімым прадметам стала фізкультура: з аднакласніцамі Марыя стварыла каманду і па вечарах прападала ў спартзале. У 12 гадоў дзяўчынку і яшчэ 7 чалавек з яе школы на канікулах адправілі ў мінскі летні лагер ДЮСШ. Як успамінае сама Марыя: «Там я паказала добрыя вынікі, далі аб сабе знаць штодзённыя трэніроўкі. І праз некаторы час трэнер па зімовых відах спорту прапанаваў мне займацца далей». Так пачалося спартыўнае жыццё Старавойтавай на два гарады — Мінск і Жодзіна. Месяц Марыя вучылася ў сярэдняй школе, а наступны месяц праводзіла на зборах. Такі напружаны графік дзяўчына ўмудралася сумяшчаць да 8 класа, пакуль ёй не прапанавалі працягнуць вучобу ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Менавіта з гэтага моманту, сцвярджае Старавойтава, пачалася спартыўная кар'ера і сталі з'яўляцца адчувальныя вынікі. Вучоба ў школе, дзве трэніроўкі на дзень давалі вынік. Першым значным дасягненнем Марыя лічыць перамогу на рэспубліканскіх спаборніцтвах у 2001 годзе ў Наваполацку. Тады дзяўчына бегла кароткую дыстанцыю вольным стылем. Як прызнаецца Марыя, вольны стыль у яе атрымліваецца лепш за ўсё. У вучылішчы Старавойтава скончыла 11 класаў і там жа атрымала трэнерскую сярэднюю спецыяльную адукацыю.
З 2003 года Марыя пачала ездзіць на міжнародныя спаборніцтвы, першы старт быў у Славеніі, на еўрапейскіх спаборніцтвах уваходзіла ў дваццатку наймацнейшых. Старавойтава распавядае, што на міжнародных спаборніцтвах старт адбываецца ў гарах, а ў Беларусі трэніравацца ў такіх умовах складана. Вядома, калі з'яўлялася магчымасць, каманда выязджала на трэніроўкі ў горы.
Пасля трэнерскіх курсаў, Марыя паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. Атрымліваючы вышэйшую адукацыю, дзяўчына прымала ўдзел у міжнароднай Універсіядзе ў Кітаі ў спрынце, дзе заняла 22 месца. На той час гэта быў лепшы вынік Беларусі.
Сёння самым вялікім сваім дасягненнем Марыя Старавойтава лічыць атрыманне звання майстра спорту па лыжных гонках. Выканала нарматыў дзяўчына на мужчынскае свята — 23 лютага 2006 года — на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод юніёраў.
На жаль, у 23 гады ў Марыі пачаліся праблемы са здароўем, і ёй давялося пакінуць вялікі спорт.
У 2006 годзе Старавойтава прыйшла працаваць у Мінскі аддзел Дэпартамента аховы, а потым дзяўчына вырашыла вярнуцца ў родны горад, і спартсменку з задавальненнем узялі на працу ў Жодзінскі аддзел Дэпартамента аховы. Праз тры гады дзяўчына надзела афіцэрскія пагоны і была прызначана на пасаду інспектара па прафесійнай падрыхтоўцы групы кадраў. Марыя пакінула прафесійны спорт, але пастаянна бярэ ўдзел у аматарскіх спаборніцтвах, ды і пасада абавязвае. У 2013 годзе Марыя Барысаўна заняла 3 месца на чэмпіянаце МУС па лыжных гонках.
Як прызнаецца Марыя, яна ніколі не думала, што будзе працаваць у праваахоўных органах, заўсёды марыла стаць спартсменкай, а цяпер дзяўчына здолела сумясціць і службу, і спорт.
Наталля СВІДУНОВІЧ.
Фота з архіва Марыі Старавойтавай.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.