У Беларусі стартавала сацыяльная праграма «Адукацыя для ўсіх»
«Адукацыя для ўсіх» — сацыяльны праект з удзелам дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі. На працягу 5 месяцаў у рамках праграмы 17 валанцёраў будуць навучаць 30 такіх дзяцей ва ўзросце 10–17 гадоў (26 чалавек з Мінска і 4 з Барысава) асновам камп'ютарнай граматнасці з выкарыстаннем тэхнікі Sаmsung.
15‑гадовая Алена навучаецца дома. У яе два сур'ёзныя дыягназы, ёй нельга доўга сядзець, так што навучанне праходзіць у асноўным лежачы. Алене добра даецца руская мова, ужо асвоіла камп'ютар, але навыкаў работы з ім у дзяўчынкі пакуль што малавата. А ёй хочацца мець шмат сяброў, перапісвацца з імі. Асвоіць электронную пошту і іншыя навыкі камп'ютарнай граматнасці і камунікацыі ёй дапаможа валанцёр Даша Жалезная, якая вучыцца на 2 курсе БДПУ. Даша — будучы сурдапедагог. «Дапамагаць дзецям — гэта выдатна. Таму я і выбрала такую спецыяльнасць», — кажа яна. Даша разлічвае, што ўдзел у праекце дасць ёй неабходны вопыт працы з дзецьмі. А мама Лены спадзяецца, што яе дачка пасля гэтага навучання зможа ў будучыні дыстанцыйна працаваць у якой-небудзь арганізацыі.
Аксана Сяліцкая працуе з дзеткамі з асаблівасцямі развіцця. У яе самой таксама дзіця з абмежаванымі магчымасцямі — 9‑гадовы сын Мікіта. Маладая жанчына вельмі ўзрадавалася, калі ёй прапанавалі паўдзельнічаць у праекце. Сын хоча працаваць на камп'ютары, але ні Аксана, ні яе муж не валодаюць камп'ютарнай граматнасцю. Таму ім было вельмі важна, каб людзі дасведчаныя прыйшлі і паказалі, як гэта рабіць. «А заадно і мы навучымся, мы таксама хочам!» — радуецца Аксана.
Арганізатарам праграмы «Адукацыя для ўсіх» выступіла кампанія Sаmsung у Беларусі пры падтрымцы фонду «Ідэя». Партнёрам праграмы з'яўляецца Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Галоўная мэта праекта — даць дзецям, якія вучацца дома, неабходныя рэсурсы для развіцця, дадатковай адукацыі і адаптацыі ў сучасным свеце.
Святлана Бусько.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».