Рэспубліка Беларусь традыцыйна прымае ўдзел у міжнародным Вільнюскім кніжным кірмашы. Маштабна яна была прадстаўлена і на XV кірмашы, які доўжыўся ў Літоўскім выставачным і кангрэс-цэнтры LІTEXPO чатыры дні.
Сёлета Беларусь прадстаўлялі дзесяць устаноў: Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Адукацыя і выхаванне», «Вышэйшая школа», «Беларусь», «Пачатковая школа», «Белкніга», абласныя аддзяленні «Саюздрука» Гродна, Віцебска і Брэста.
У цырымоніі адкрыцця беларускага стэнда прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль, намеснік начальніка ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Таццяна Бунос, дырэктары беларускіх выдавецтваў.
Нацыянальны стэнд Беларусі наведаў і прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус. Ён з цікавасцю знаёміўся з экспазіцыяй, гутарыў з беларускімі кнігавыдаўцамі.
На беларускім стэндзе экспанаваліся кніжныя навінкі мастацкай, навукова-папулярнай, дзіцячай, вучэбнай, даведачнай літаратуры. Асаблівае месца адведзена тэматыцы чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску.
Многія наведнікі пазнаёміліся з такімі дыхтоўна выдадзенымі кнігамі, як «Шлях да Бацькаўшчыны» (Напалеон Орда), «Галоўная вуліца Мінска» (Леанід Макараў), «Беларусь у асобах» (Валянціна Стэльмах), «Залатыя правілы народнай культуры» (Янка Крук, Аксана Катовіч), «Ваньковічы», «Беларускае вяселле» і іншыя.
У рамках выставы беларуская дэлегацыя правяла шэраг прэзентацый кніжных навінак. Цікава прайшлі рэпрэзентацыі кнігі «Маці-Зямля», аўдыякніжак «Сучасная беларуская проза», «Сучасная беларуская паэзія», даведніка «Запрашаем у Беларусь. Welcome to Belarus», выпуск якога прымеркаваны да Года гасціннасці ў Беларусі.
Мне, як літоўцу, было радасна бачыць і кнігі маіх калег, вядомых журналістаў і пісьменнікаў Літвы, перакладзеныя на беларускую мову. Вітаўтас Бараўскас прадставіў сваю кнігу для дзяцей «Зіхаціць на небе сонца», Яронімас Лаўцюс — «Развітваюся з дэпрэсіяй», «Пішу, таму што баліць» і іншыя (усяго 6 кніг).
Акрамя Беларусі, на кірмашы сваю кніжную прадукцыю і пісьменнікаў прадставілі Расія, Латвія, Польшча, Чэхія, Германія, Швецыя, Францыя, іншыя краіны.
Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,
уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве.
Фота аўтара .
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».