Дэпутаты Магілёўшчыны прызналі сваю працу здавальняючай
Адным з галоўных пытанняў 25-й сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў быў разгляд працы па павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Удзел у пасяджэнні прымалі старшыня аблвыканкама Пётр Руднік, памочнік Прэзідэнта Беларусі, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў.
— Год быў няпросты, але наша праца мела свой плён, — паведаміла намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Раіса Лычкоўская. — Былі разгледжаны і прыняты рашэнні больш чым па пяцідзесяці пытаннях, якія закранаюць усе сферы жыццядзейнасці рэгіёна.
Дарэчы, летась па вобласці было праведзена 3300 энергазберагальных мерапрыемстваў, сумарны гадавы эфект ад якіх склаў 156 тысяч тон умоўнага паліва — 108% ад задання. І ў гэтым ёсць заслуга прадстаўнічай улады. На адным з пасяджэнняў мінулага Года беражлівасці дэпутатамі было разгледжана пытанне аб выкананні Дырэктывы Прэзідэнта № 3 і ўнесены прапановы па развіцці дзеючых і стварэнні новых імпартазамяшчальных і экспартна-арыентаваных вытворчасцяў, укараненні энергаэфектыўных метадаў праектавання, рэканструкцыі і мадэрнізацыі прамысловых аб'ектаў, уключэнні ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, прыняцці мер па раздзельным зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў і выкарыстанні іх у вытворчасці.
Шмат часу надавалася рашэнню праблем моладзі, якія датычыліся замацавання спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці, другаснай занятасці студэнтаў і навучэнцаў.
Пры абласным Савеце дэпутатаў на працягу года працавала 6 пастаянных камісій па розных кірунках. Па ініцыятыве абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў і асабіста дэпутата абласнога Савета Анатоля Любчанкі камісіяй разгледжаны матэрыялы па ўвекавечанні памяці ганаровага земляка — Героя Савецкага Саюза Ульяна Рыбака. Прапанова знайшла разуменне ў дэпутатаў Глускага раёна: ёсць рашэнне аб тым, каб перайменаваць адну з вуліц аграгарадка Завалочыцы.
Працягвалася праца па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле вобласці. З улікам меркавання дэпутатаў і насельніцтва ў 2013 годзе былі скасаваны 20 і зменены межы 39 сельсаветаў. Сёння ў Магілёўскай вобласці налічваецца 155 сельсаветаў.
— Трэба больш актыўна прыцягваць грамадзян, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі да распрацоўкі, а затым рэалізацыі рашэнняў, удасканальваць працу з мясцовымі органамі кіравання і самакіравання. Насельніцтва пачынае разумець, што шмат залежыць не толькі ад выканаўчай, але і ад прадстаўнічай улады, — адзначыла Раіса Лычкоўская.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.