Стабільным вясковым прадпрыемствам стаў КУП «Псышчаўскае» за сем гадоў
Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Псышчаўскае», што ў Іванаўскім раёне, выжыла, хутчэй, не дзякуючы, а насуперак... Нагадаю, што КУПы пачалі масава ўзнікаць пасля выхаду Указа № 21 (студзень, 2007 г.). Падобныя прадпрыемствы з'явіліся тады ў многіх сельсаветах краіны.
Задумка, несумненна, была добрая. Маленькае прадпрыемства аказвае паслугі насельніцтву па апрацоўцы прысядзібных участкаў, па рамонце і добраўпарадкаванні. Асабліва пажылым, адзінокім людзям такія паслугі патрэбны як паветра, ды і выгадна: не трэба кланяцца прадстаўнікам вясковага «непрацуючага кантынгенту», купляць ім бясконца «паўлітра». Праўда, у асобных вёсках гэтую нішу занялі прыватнікі — з тых, хто паспеў прыдбаць тэхніку. Яны адвольна ўстанаўліваюць цэны на паслугі, але іх не так шмат.
А вось КУПам аказалася не так проста выжыць. На падобных паслугах насельніцтву не разбагацееш — працаваць без страт не атрымалася. Таму яны сталі адміраць — адзін за адным... З часам і дзеянне ўказа адмянілі.
Засталіся самыя моцныя і стойкія, тыя, хто змог набыць тэхніку, пашырыць пералік паслуг, забяспечыць сябе працай не толькі на сезон, але круглы год. Такім стала і прадпрыемства «Псышчаўскае», якое працуе на тэрыторыі сельсавета ўжо сем гадоў. Цяпер тут занятыя 16 чалавек.
Дырэктар КУПа Галіна Мельнік
успамінае, што сем гадоў таму, калі пачалі работу і ўзаралі першы агарод бабульцы, цэны ў прыватнікаў адразу ж упалі. У Псышчаве і навакольных вёсках паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў аказвалі індывідуальныя прадпрымальнікі — вяскоўцы, якія мелі ва ўласнасці трактары. У першы ж год канкурэнт у асобе дзяржаўнага прадпрыемства збіў ім цэны практычна ўдвая. Заказаў з'явілася шмат: ворыва, культывацыя, апрацоўка бульбы супраць хвароб і шкоднікаў... Два трактары набылі адразу ж за пазыку, якую выдзеліў райвыканкам пад стварэнне паўтара дзясятка працоўных месцаў. Грузавы і легкавы аўтамабілі, бензапілу, газонакасілку КУПу перадало гаспадарча-разліковае падраздзяленне сельвыканкама. Сельвыканкам жа выступіў і заснавальнікам КУПа.
Але паступова стала зразумела, што на адных паслугах па апрацоўцы агародаў ды «сотак» эканоміку, няхай сабе і маленькага прадпрыемства, не пабудуеш. Паўстала задача пашыраць спектр паслуг. Наступным этапам развіцця прадпрыемства стала піларама. Яе абсталявалі ў вёсцы Упірава, дзе зараз знаходзіцца ўся база «Псышчаўскага». Тут ёсць агрэгаты для распілоўкі драўніны і нарыхтоўкі дроў. Адходы работы піларамы прадаюцца насельніцтву па вельмі нізкіх цэнах.
А піларама проста неабходная для забеспячэння дзейнасці яшчэ аднаго падраздзялення. КУП цяпер мае дазвол на работу па зносе дрэў. Работнікі прайшлі перападрыхтоўку і атрымалі патрэбныя сертыфікаты. З набыццём аўтагідрапад'ёмніка за год прадпрыемства прыбірае ў розных населеных пунктах сотні дрэў. Трапляюцца дрэвы з дыяметрам ствала да двух метраў. Такія бярвенні нікому не рэалізуеш, даводзіцца распілоўваць іх і ператвараць у дровы. Заказы на знос аварыйных дрэў паступалі апошнім часам ад суб'ектаў гаспадарання Драгічынскага, Бярозаўскага, іншых раёнаў, з суседніх сельсаветаў. Гэта работа даволі складаная, небяспечная, таму і паслуга па зносе дрэў нятанная. Але бывалі выпадкі, што старым адзінокім вяскоўцам аварыйнае дрэва на падворку зносілі бясплатна — за кошт бюджэту мясцовага сельвыканкама.
Піларама, як і база «Псышчаўскага», знаходзіцца ў вёсцы Упірава, недалёка ад вясковай школы, якую даўно закрылі, бо не стала вучняў. Некалькі гадоў таму будынак школы перадалі на баланс сельвыканкама. І ўжо сельвыканкам перадаў яго ў арэнду камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству. Арэндная плата, якая цяпер рэгулярна паступае на рахунак мясцовага органа ўлады, ідзе на добраўпарадкаванне тэрыторый. Так што атрымалася з усіх бакоў выгадная здзелка.
А падсобныя памяшканні школы выкарыстоўваюцца для розных патрэб прадпрыемства. Тут абсталявана майстэрня для рамонту і наладкі абсталявання. Ёсць пакой адпачынку для рабочых з цёплай печкай, канапай і столікам для абеду.
Увогуле, у вёску Упірава, дзе не засталося ніводнага з былых сацыяльных аб'ектаў, нібы вярнулася жыццё. Пажылыя людзі заходзяць на былы школьны двор не толькі, каб замовіць якую паслугу ці купіць матэрыял, а проста перамовіцца словам, паглядзець, як ідзе работа. Дырэктар Галіна Мельнік расказвае, што старэнькім вяскоўцаў заўсёды ідуць насустрач. Бывае, пенсіянеры просяць адну дошку ці штыкеціну, каб паправіць сваю агароджу, — ім могуць аддаць, і так. Да таго ж піларама выконвае такія спецыфічныя заказы, за якія вялікае прадпрыемства або наогул не возьмецца, альбо запатрабуе непрымальную для вяскоўца суму. Напрыклад, тут зробяць драўляную прыбіральню або простую альтанку. І справяцца з падобнымі заказамі ў сціслыя тэрміны.
Адным словам, КУП у Іванаўскім раёне, створаны Псышчаўскім сельвыканкамам, сёння ўяўляе сабой стабільнае вясковае прадпрыемства, якое мае сваю базу і цвёрды намер развівацца далей.
А вось Псышчаўскага сельсавета больш няма. Падчас рэарганізацыі і аптымізацыі тэрыторый ён скасаваны і далучаны летась да Опальскага сельсавета. Расказвае старшыня Опальскага сельскага Савета Сяргей МЕЛЬНІК:
— Аптымізацыя — працэс аб'ектыўны, нікуды ад яе не дзенешся. Людзей у вёсках становіцца менш, і трымаць дзве адміністрацыйныя адзінкі там, дзе на вызначаную колькасць насельніцтва хопіць адной, эканамічна немэтазгодна. Сам працэс скарачэння заўсёды бывае няпростым. Вось і ў нас былі скаргі, звароты ў розныя органы ўлады. Псышчаўцы хацелі, каб сельскі Савет застаўся ў іх, а опальцы, вядома, адстойвалі сваё права на мясцовую ўладу. У рэшце было прынята рашэнне. І цэнтр аб'яднаных тэрыторый цяпер у Опалі. Людзі паступова прывыкаюць, тым больш што ў Псышчаве два разы на тыдзень працуе спецыяліст сельвыканкама. Лічу, што вялікіх праблем у сувязі з рэарганізацыяй не ўзнікла.
А КУП працуе, як і раней. Праўда, давялося ўнесці пэўныя змены ў статут прадпрыемства. Цяпер заснавальнікам «Псышчаўскага» стаў Опальскі сельвыканкам. Але гэта не больш чым тэхнічны момант. А вось выгаду ад наяўнасці такога прадпрыемства адчулі і на новых тэрыторыях. Спецыялісты КУПа ўжо знеслі нямала аварыйных дрэў у вёсках Опальскага сельсавета. Цяпер рабочыя працуюць на добраўпарадкаванні могілак. На тэрыторыі аб'яднанага сельсавета — 10 дзейных могілак і адны закрытыя. Работы па падтрыманні парадку хапае. «Але адрэгуляваць фінансавыя пытанні ўтрымання вясковых могілак, лічу, трэба на заканадаўчым узроўні», — сказаў кіраўнік сельсавета.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.