Падзеі ва Украіне — паказальны прыклад таго, што адбываецца з краінамі, дзе палітычныя эліты замест пабудовы аб'яднанага грамадства і моцнага дзяржаўнага праекта займаюцца рэалізацыяй інтарэсаў уласнай кішэні, прыкрываючы гэты працэс рознымі сумнеўнымі ідэалагічнымі канцэптамі, ды маніпулююць з масавай свядомасцю гучнымі лозунгамі.
Парадаксальна, але факт: на працягу ўсяго часу ад здабыцця незалежнасці насельніцтва Ураіны імкліва бяднела, а дзяржава танула ў замежных пазыках. Згодна са статыстыкай ААН, 73% жыхароў Украіны жывуць за мяжой беднасці, пры гэтым знешні доўг дасягнуў 140 млрд долараў (80% ад ВУП). Атрымліваецца, што ўкраінская дзяржава — адна з самых бедных у Еўропе. Цікава, што пры гэтым па колькасці мільянераў ды мільярдэраў Украіна, наадварот, знаходзіцца ў лідарах і значна абыходзіць многія дастаткова заможныя еўрапейскія краіны. Толькі ў спісе найбольш багатых людзей свету, згодна з версіяй часопіса Forbes, аж 8 грамадзян гэтай дзяржавы.
Менавіта такая сацыяльная несправядлівасць, эканамічная неўпарадкаванасць ляжыць у аснове перманентных рэвалюцыйных працэсаў на ўкраінскай зямлі ды празмернай палярнай палітызаванасці ўкраінскага грамадства. Вымагаючы сацыяльнай справядлівасці і адэкватнага размеркавання прыбыткаў, людзі з ахвотай вераць у розныя радыкальныя ідэі — ад нацыяналізму з элементамі ксенафобіі да вялікадзяржаўнага рускага шавінізму, што ўвогуле адмаўляе ўкраінскай нацыі ў праве на існаванне.
З беларускага пункту гледжання, аднолькава брыдкімі выглядаюць як узброеныя маладыя людзі ў масках з сімволікай украінскіх калабарацыяністаў часоў Другой сусветнай вайны, гэтак і байцы «народного ополчения», што зрываюць сцягі ўкраінскай дзяржавы з будынкаў мясцовых адміністрацый і заклікаюць да інтэрвенцыі расійскія войскі.
Яшчэ адным сведчаннем віны ўкраінскай эліты перад уласным народам з'яўляецца той факт, што на працягу ўсяе найноўшай гісторыі суверэннай Украіны палітычныя працэсы ў гэтай дзяржаве суправаджаюцца актыўным уплывам замежных сіл, якія не толькі рэалізуюць інтарэсы свайго бізнесу на ўкраінскай зямлі, але і намагаюцца нахабна кіраваць настроямі і грамадскай думкай. Цяпер у экспертных колах актыўна абмяркоўваецца прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Крыма. Пры гэтым чамусьці не прынята згадваць аб ролі ЗША, Польшчы, Вялікабрытаніі ў падзеях украінскага Майдана, калі пратэстуючыя палітычныя сілы, нягледзячы на існаванне яшчэ легітымнай дзяржаўнай улады, атрымлівалі фінансавую і інфармацыйную падтрымку ад шэрагу заходніх краін. Даходзіла да таго, што замежныя службовыя асобы высокага ўзроўню адкрыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.
Відавочна, што як падобныя практыкі ЕС і ЗША, гэтак і расійская падтрымка сепаратыстаў у Крыме ды ўсходніх абласцях Украіны, супярэчаць нормам міжнароднага права і з'яўляюцца парушэннем украінскага суверэнітэту, які, дарэчы, згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі, Захад разам з Расіяй у свой час абавязаўся паважаць і бараніць. Такая сітуацыя яшчэ раз паказвае, як прыгожая рыторыка аб «дэмакратыі» і тэорыя міжнароднага права адрозніваюцца ад рэальнасці геапалітыкі, дзе насамрэч існуе толькі адно права — права моцнага. Выйшла так, што Украіна праз гады бязладдзя ды ўнутраных спрэчак стала арэнай канфлікту інтарэсаў замежных дзяржаў, дзе кожны мае ўласны парадак і план дзеянняў.
Вядома, Рэспубліка Беларусь не можа ўтрымацца ў баку ад украінскага канфлікту — як з духоўнага, так і з прагматычнага разумення. Бяда, якая прыйшла на ўкраінскую зямлю, з'яўляецца як урокам, так і папярэджаннем для беларускага народа і кіруючых колаў. Беларусь мусіць выпрацаваць падыходы знешняй палітыкі як да новых формаў дзяржаўнасці ва Украіне, так і ў дачыненні да пазіцыі вядучых сусветных гульцоў па ўкраінскім пытанні. Акрамя таго, беларускі ўрад павінен прыняць меры для абароны нашых эканамічных інтарэсаў, умацавання пазіцый беларускіх экспарцёраў.
З выказванняў кіраўнікоў дзяржавы відавочна, што наша краіна будзе прытрымлівацца прынцыпу неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Украіны, паважаць яе суверэнітэт і тэрытарыяльную еднасць. Між тым, Беларусь, як саюзнік Расійскай Федэрацыі і як член ваенна-палітычнага блока АДКБ, павінна прыняць усе магчымыя дыпламатычныя захады для мірнага ўрэгулявання канфлікту між Расіяй і Украінай ды недапушчэння размяшчэння войскаў НАТА на ўкраінскай тэрыторыі. Зразумела, што падобнае рашэнне пад прыкрыццём «абароны Украіны ад расійскай агрэсіі» можа скончыцца банальным падзелам гэтай дзяржавы на заходнюю ды ўсходнюю часткі з акупацыяй кожнай з іх замежнымі войскамі, што прывядзе да дадатковай эскалацыі напругі ў рэгіёне паблізу беларускай мяжы.
Афіцыйны Мінск можа выступіць з мірнай прапановай для бакоў, а беларуская сталіца стаць перамоўнай пляцоўкай для расіян і ўкраінцаў. Такая практыка цалкам упісваецца ў традыцыйную міратворчую місію беларускай дыпламатыі на постсавецкай прасторы.
Наколькі будзе выкарыстана гэтая магчымасць для ўрэгулявання, цяпер залежыць ад украінскага боку. Украінскім органам улады трэба, нарэшце, вярнуць сітуацыю ў прававое поле з тым, каб замест люстрацый і помсты пераможцаў пераможаным, заняцца пытаннямі дзяржаўнага кіравання, прыняць меры па абароне ўласнай эканомікі ды аб'яднанні нацыі. Відавочна, што расійскаму боку патрэбны гарантыі для бізнесу, захаванне ваенных аб'ектаў і, у першую чаргу, баз Чарнаморскага флоту, а таксама абарона правоў рускамоўнага насельніцтва. Тэарэтычна, новы ўкраінскі ўрад можа і павінен прадставіць такія прапановы з улікам нацыянальных інтарэсаў Украіны, што адназначна будзе спрыяць стабілізацыі сітуацыі.
Аляксандр ШПАКОЎСКІ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.