А дзяржаўнае рэгуляванне цэн — толькі ў выключных выпадках
Такая ідэя закладзена ў пагадненні аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі паміж трыма дзяржавамі — членамі Адзінай эканамічнай прасторы: Беларуссю, Казахстанам і Расіяй. Гэта патлумачыў падчас анлайн-канферэнцыі «Антыманапольная палітыка ў Адзінай эканамічнай прасторы» на сайце БЕЛТА выконваючы абавязкі дырэктара дэпартамента антыманапольнага рэгулявання Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Курыльчык.
«Пытанне цэнавай дыскрымінацыі ў сённяшніх умовах вельмі актуальнае, — заявіў спецыяліст. — Не сакрэт, што асобныя суб'екты гаспадарання адной краіны рэалізуюць сыравіну і матэрыялы суб'ектам гаспадарання іншай краіны па больш высокіх цэнах. Калі сваім суб'ектам прадастаўляюць бонусы, даюць зніжкі, то суб'ектам гаспадарання іншай краіны яны навязваюць пэўныя ўмовы, дадатковыя да кошту, завышаюць цэны на сваю прадукцыю». Па словах Аляксандра Курыльчыка, гэта супярэчыць пагадненню аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі: «Канкурэнтная заканадаўства ў адпаведнасці з пагадненнем павінна прымяняцца да суб'ектаў гаспадарання ўсіх трох краін аднолькавым чынам і ў аднолькавай ступені». Пагадненне прадугледжвае ўсталяванне адзіных прынцыпаў канкурэнцыі, у адпаведнасці з якімі Беларусь, Казахстан і Расія гарманізуюць сваё нацыянальнае заканадаўства. «Да прыкладу, у Беларусі 12 снежня 2013 года падпісана новая рэдакцыя закона «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», у якім заканадаўча замацаваны прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы. У прыватнасці, прынцып роўнасці ў прымяненні нормаў антыманапольнага заканадаўства да гаспадарчых суб'ектаў незалежна ад формы ўласнасці, арганізацыйна-прававой формы і месца рэгістрацыі юрыдычных асоб, грамадзянства, месца жыхарства, маёмаснага і службовага становішча фізічных асоб і іншых абставін».
У той жа час, пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі прадугледжвае і пэўнае цэнавае рэгуляванне. «Устаноўлены спіс, у дачыненні да якога не прымяняюцца палажэнні пагаднення. Гэта прыродны газ, звадкаваны газ для бытавых патрэб, электра- і цеплавая энергія, гарэлка, лікёра-гарэлачная і іншая алкагольная прадукцыя крэпасцю звыш 28%, этылавы спірт з харчовай сыравіны, лекавыя прэпараты, паліва цвёрдае, пячное і газавае для бытавых патрэб, прадукцыя ядзерна-энергетычнага цыклу і нафтапрадукты. Пагадненне не распаўсюджваецца на дзяржаўнае рэгуляванне цэн на паслугі, уключаючы паслугі натуральных манаполій, а таксама на сферу дзяржаўных закупачных і таварных інтэрвенцый», — растлумачыў Аляксандр Курыльчык. Увядзенне краінамі — удзельніцамі пагаднення дзяржаўнага цэнавага рэгулявання на таварных рынках ажыццяўляецца ў выключных выпадках. У якасці часовай меры краіны ЕЭК могуць уводзіць дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне на асобныя віды сацыяльна значных тавараў на асобных тэрыторыях на пэўны тэрмін. «Агульны тэрмін прымянення дзяржрэгулявання не можа перавышаць 90 дзён на працягу аднаго года. Яго падаўжэнне можа ажыццяўляцца па ўзгадненні з ЕЭК. Прычым калі краіна ўводзіць дзяржрэгуляванне цэн, то яна павінна ў тэрмін, які не перавышае 7 каляндарных дзён, праінфармаваць пра гэта ЕЭК і іншыя бакі пагаднення».
Падрыхтаваў
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».